Мінчанін Андрэй Бурдзянкоў працуе гідам-перакладчыкам і ўжо некалькі гадоў вывучае беларускія могілкі. Незвычайнае хобі прывяло мужчыну ў Гродна — на старыя каталіцкія могілкі. Андрэй плануе адлічбаваць усе магчымыя пахаванні і ўнесці іх у бясплатную базу дадзеных.
Свой праект Андрэй пачаў у 2014 годзе. Спачатку гэта было бясплатнае прыкладанне для смартфона, а потым праграмісты распрацавалі спецыяльную праграму. Яна дазваляе пры здымцы на смартфон паказваць дакладныя каардынаты месца і дадаваць апісання надмагілляў. Спампаваць дадатак можна бясплатна, але пасля 10 здымкаў трэба заплаціць 1 долар.
Каб любы мог знайсці патрэбную магілу
Зараз на сайце Андрэя graves.by можна ўбачыць інфармацыю па 25 могілках у Беларусі - гэта больш за 7000 надмагільных пліт. Дзякуючы ініцыятыве Андрэя некаторыя замежнікі ўжо змаглі знайсці магілы сваіх сваякоў.
«Я хачу стварыць лічбавую карту каталіцкіх могілак у Гродне, каб любыя людзі, перш за ўсё сваякі, маглі знайсці свае карані нават не прыязджаючы ў Беларусь. У ідэале хацелася б прыцягнуць гродзенцаў да гэтага праекта і аднавіць нейкія надмагіллі, каб у будучыні могілкі заставаліся добрым турыстычным аб’ектам».Самы галоўны момант у праекце — правільная геаметка надмагілля. У будучыні дакладнасць дадзеных дазволіць чалавеку са смартфонам знайсці патрэбную магілу з дакладнасцю да пяці метраў.
«Чаму я гэта раблю? У першую чаргу гэта гісторыя, якая хутка адыходзіць. Гэта людзі і іх карані, падзеі і эпохі. У будучыні хтосьці з дапамогай майго праекта зможа выбудаваць сваю генеалогію і знайсці сваякоў».
Пакуль працуе адзін, але патрэбныя валанцёры
Андрэй адзначае, што дапамога патрэбна перш за ўсё ў ачыстцы могілак ад расліннасці. Таму ён будзе рады бачыць валанцёраў, якія змогуць у гэтым дапамагчы.
«У каталіцкіх могілак у Гродне гіганцкія аб’ёмы, але ў планах у мяне адлічбаваць ўсё. Няма нічога немагчымага. Пакуль я працую адзін, але зацікаўлены ў дадатковай сіле. Ахапіць усе магілы складана, тым больш шмат чаго ўжо зарасло. Некалькі сектараў з прафесійным касцом мы ўжо выкасілі, але гэтага мала».
Патрэбныя дадатковыя сродкі, таму Андрэй запусціў збор на Талацэ — трэба сабраць 1500 рублёў. Гэтыя грошы ў першую чаргу пойдуць на ўборку могілак, а таксама на дапрацоўку дадатку і сайта.
Ёсць надзея, што праект будзе зарабляць сам
Калі да Андрэя далучыцца 20 валанцёраў, то за месяц уся камана будзе ў стане зрабіць усю працу на каталіцкіх могілках. Але ў гэтай справе важная якасная фатаграфія і дакладныя каардынаты.
«Яшчэ вялікую ролю грае надвор’е. Калі знойдуцца людзі і дапамогуць, будзе добра. Адзін расчышчаны сектар і правільна сфатаграфаваныя помнікі пацягнуць на сотню долараў. Пакуль праект мой прадаецца не вельмі актыўна, але ёсць надзея, што ў будучыні ён будзе зарабляць сам і стане запатрабаваным. Але сёння для мяне галоўная задача — дапамагчы людзям знайсці продкаў».
Пасля каталіцкіх могілак у Андрэя ў планах заняцца яшчэ праваслаўнымі і яўрэйскімі могілкамі ў Гродне. Падрымаць праект можна на Талацэ.
Даведка
Старадаўні некропаль у Гродне на вуліцы Антонава можа першым у краіне атрымаць статус гісторыка-мемарыяльнай (але не гісторыка-культурнай) каштоўнасці. У Гродзенскім аблвыканкамаме было прынята рашэнне яшчэ ў ліпені стварыць рабочую групу з удзелам краязнаўцаў, гісторыкаў, прадстаўнікоў улады і разгледзець пытанне надання такога статусу могілкам.
Хаваць на старых могілках на вуліцы Антонава пачалі ў канцы 18 стагоддзя, калі сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне адкрыць у Кракаве, Львове, Вільні, Варшаве і Гродне першыя камунальныя могілкі. На могілках пахаваныя вядомыя людзі: пісьменніца Эліза Ажэшка, маці Максіма Багдановіча, грамадскія і вайсковыя дзеячы розных часоў. Пакуль могілкі знаходзяцца ў жаласным стане. Некалі багата аздобленыя надмагіллі руйнуюцца. Новы статус можа дапамагчы прыцягнуць сюды турыстаў і дазволіць выдзяляць больш сродкаў на ўтрыманне могілак.