Больш за 120 ордэнаў і медалёў з 41 краіны свету можна ўбачыць на выставе «Гонар і годнасць» у Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне. Узнагароды прадставіў Тракайскі гістарычны музей, з якім супрацоўнічаюць гродзенцы.

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_03

На выставе прадстаўлены ўзнагароды ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Медалі і ордэны размешчаны па тэрытарыяльным прынцыпе: з Еўропы, Амерыкі і Азіі.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Казуля спецыяльна для чытачоў hrodna.life расказаў пра паходжанне еўрапейскай узнагароднай сістэмы і найбольш цікавыя экспанаты выставы.

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_04

Што такое «ордэн»?

Само слова «ордэн» лацінскае і ў перакладзе азначае «парадак». Пачаткова яго ўжывалі ў сярэднявеччы ў дачыненні да манаскіх арганізацый. У 15 стагоддзі пры дварах каралёў і герцагаў сталі арганізоўвацца і свецкія ордэны па ўзоры манаскіх. Яны ў асноўным аб’ядноўвалі арыстакратыю і мелі абмежаваную колькасць членаў. Узначальваў ордэн сам манарх.

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_05

Кожны ордэн меў сваю эмблему, якую часцей за ўсё насілі на грудзях або на спецыяльнай стужцы. З цягам часу прыдворныя ордэны перасталі існаваць. А эмблемы захаваліся і паступова сталі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ужо ў 17−18 стагоддзях слова «ордэн» выкарыстоўваецца ў дачыненні не да арганізацый, а да саміх узнагародных знакаў.

У 19 стагоддзі ордэнамі пачынаюць узнагароджваць не толькі дваран, як раней, але і ўсіх грамадзян. Змяняецца і сам знешні выгляд ордэна. Ён становіцца не такім вялікім і грувасткім, як у 14−16 стст.

Ордэн Слана

Адзін з найцікавейшых экспанатаў выставы — дацкі ордэн Слана. Чаму ён мае такую назву? Ёсць легенда, што дацкія рыцары ўдзельнічалі ў крыжовых паходах. І падчас аднаго з іх яны сустрэліся з арабскім войскам, узброеныя воіны якога сядзелі на вялікіх сланах. Датчане ўпершыню ўбачылі такіх жывёлаў, але не спалохаліся. Яны ўступілі ў бой і перамаглі. Як успамін аб гэтай падзей і быў створаны Ордэн Слана.

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_06

Пачаткова на гэтай узнагародзе выяўляўся менавіта слон. Але з цягам часу форма змянілася. Ордэн Слана — элітарная ўзнагарода. Як правіла ёй узнагароджвалі уладароў, кіраўнікоў краін. Хоць былі і выключэнні, калі ордэн прысуджалі навукоўцам і культурным дзеячам.

Мініяцюры замест грувасткіх ордэнаў

Незвычайны экспанат — стужка з мініяцюрамі ордэнаў. Такую рэч выкарыстоўвалі ў 19 стагоддзі ў Францыі. Каб не хадзіць на ўрачыстыя імпрэзы з вялікай колькасцю грувасткіх узнагарод, іх уладальнікі насілі так званыя фрачныя ордэны — мініяцюрныя копіі сапраўдных.

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_07

Узнагароды Рэчы Паспалітай

Прадстаўлены на выставе і ўзнагароды, звязаныя з гісторыяй Беларусі. Асобны стэнд прысвечаны ордэнам Рэчы Паспалітай.

Так насілі ордэны ў Рэчы Паспалітай. З малюнкаў 19 стагоддзя
Так насілі ордэны ў Рэчы Паспалітай. З малюнкаў 19 стагоддзя
Ордэн святога Станіслава ўведзены ў сярэдзіне 18 стагоддзя Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Ім узнагароджвалі ў асноўным за баявыя і дзяржаўныя поспехі.

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_09

Гэты ордэн перажыў Рэч Паспалітую. Пасля яе падзелу быў перанесены ў Расійскую імперыю. Пачаткова Станіславам там узнагароджвалі выхадцаў з беларускіх, польскіх і літоўскіх зямель, але ўжо з 30−40-х гг. 19 стагоддзя ўзнагароджанне ім было пашырана і на астатнюю тэрыторыю Расійскай імперыі.

Першыя наведнікі

Адзін з першых наведнікаў выставы Аляксей Аляксеевіч, які доўга і ўважліва разглядаў стэнды з узнагародамі, падзяліўся сваімі ўражаннямі:

«Я не спецыяліст. Але выстава мне спадабалася. Шкада толькі, што мала ордэнаў Расійскай імперыі. Затое суседзі, асабліва Літва, прадстаўлены добра».

На выставе, і праўда, шмат літоўскіх ўзнагарод. Амаль усе яны з выявай герба «Пагоня».

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_10

vyistava-ordenau-gonar-i-godnasts_11

Выстава адбываецца дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі «Белдзяржстрах». Наведаць экспазіцыю можна да сярэдзіны снежня.