Дзіўна, але ў не самы лепшы для беларускай эканомікі час, у нашым горадзе з’яўляюцца цікавыя ініцыятывы, праваднікамі якіх з большага становяцца прадстаўнікі пакалення трыццацігадовых беларусаў. Людзі стараюцца спалучыць гістарычныя традыцыі з сучаснымі тэхналогіямі і зрабіць гэта модным трэндам. Таму гаворачы пра тое, як модна рабіць і піць сёння каву або гарбату, варта ўзгадаць пра традыцыі.
Кава стала папулярнай у Еўропе пасля перамогі войскаў Рэчы Паспалітай над туркамі пад Венай у 1683 г. У абозе султана было захоплена 30 мяшкоў кавы. Уладальнікам іх стаў смелы львавянін Кульчыцкі, які доўгія гады быў у турэцкім палоне, дзе палюбіў каву. Ён і адчыніў у Вене сваю кавярню. Еўрапейцы не вельмі палюбілі каву Кульчыцкага, горкі турэцкі напой быў ім не па нораву. Але з дадаткам цукру і малака кава прыйшлася венцам даспадобы.
Першая кавярня адчынілася ў Варшаве ў 1724 г. і праз некалькі гадоў у Вільні. Кава хутка стала вельмі папулярнай. Асабліва любілі яе шляхцянкі. Некаторыя маглі за ранак абысці дзесяць дамоў і ў кожным пачаставацца кубачкам духмянай кавы. Паступова кава пачала распаўсюджвацца сярод рамеснікаў. Напрыклад, майстар з раніцы паіў сваю сям’ю і вучняў кавай з цукрам, што было танней за ранейшыя сняданкі, але таксама досыць наядна.
Першы гродзенскі кафэнгаўз (кавярня) быў закладзены гродзенскім старастай Антоніем Тызенгаўзам на Гарадніцы ў 1770-х гг. Апісанне гэтай установы, праўда ўжо зачыненай і пераробленай у карчму, знайшла гродзенскі гісторык Наталля Сліж. Будынак кафенгаўза знаходзіўся на месцы галоўнага корпуса Гродзенскага Дзяржаўнага Універсітэта імя Янкі Купалы.Тызенгаўз заклаў такія ўстановы ў Ласосне, Крынках, Паставах. Захаваўся таксама інвентар рэчаў гродзенскага старасты, якія былі ў ягоным маёнтку ў Жалудку. Сярод маёмасці Антонія Тызенгаўза было мноства посуду з парцаляны, срэбра і фаянса для прыгатавання і піцця кавы — кубачкі, млынок, імбрыкі, мерныя лыжачкі.
З канца XVIII стагоддзя кава стала часткай жыцця шляхецкіх маёнткаў Гродзеншчыны. Ніжэй радкі з паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча.
Мужчын і дам асобнай частавалі ежай:
Разносіць посуд пачалі для кавы свежай,
Дык на падносах, хораша размаляваных,
Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных,
Стаялі пазалочаныя філіжанкі,
А побач — дробныя гарнушкі для смятанкі.
Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,
Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,
Жанчына ў доме адмысловая бывае,
Кавяркай званая. Яна і здабывае
У горадзе або ў віціннікаў зярняты
І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,
Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,
Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.
Бліжэй да 1830-х гг. папулярнай стала на Гродзеншчыне і гарбата. Нягледзячы на тое, што піццё гарбаты лічылася сярод шляхты «непатрыятычнай» справай, яна хутка заняла сваё месца. Напрыклад у маёнтку Біспінгаў ранак пачынаўся з кавы, а вось ужо гадзін у адзінаццаць дня пілі гарбату, якую прывозілі галоўным чынам з Расіі. Гарбату не пілі, як англічане, з малаком, а дадавалі некалькі кропель віна і лімон. Вельмі хутка набраў папулярнасці і самавар.
Пад канец ХІХ ст. гарбату дома пілі ўжо прыкладна 10−15% беларускіх сялян, але, як і кава, яна працягвала заствацца досыць дарагім напоем. Большасць сялян або не пілі гарбату зусім, або пілі вельмі рэдка. Таксама вельмі нятанна каштаваў і цукар.У гэты час па мястэчках пачалі адкрывацца «Чайныя», дзе ўжо можна было выпіць шклянку гарбаты за пару капеек, праўда якасць гарбаты была зусім не тая, што ў шляхецкіх дамах сярэдзіны ХІХ ст. У той час у Гродне карысталіся папулярнасцю цэйлонская гарбата і чорная байховая гарбата, а таксама сарты «Імператарскі» і «Кітайская ружа». Такім чынам і кава і гарбата паступова пераўтвараліся з прадмета раскошы ў штодзённы прадукт большасці жыхароў нашага горада і ваколіц.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…