Людзі і справы

Ад дзятла да шарпея. Як жыве валанцёрка, праз рукі якой прайшлі тысячы жывёл

Хтосьці кажа: «Звар'яцела», хтосьці лічыць героем. За сваё жыццё гродзенка Таццяна Красільнікава дапамагла некалькім тысячам звяроў і птушак. А калі для кагосьці не ўдаецца знайсці новы дом і гаспадароў, яна не вагаецца пакінуць жывёлы ў сябе.

Пачалося з дзятла

Яшчэ ў маленстве Таццяна выратавала птушаня дзятла — у піянерскім летніку дзеці раскідалі гняздо і малы дзятлік загінуў бы без дапамогі.

— Я прынесла яго ў кішэні, — узгадвае Таццяна. — Лічыцца, што такіх дзікіх птушак нельга выгадаваць у хаце, але я была маленькая і не ведала, што гэта немагчыма. Кожыя некалькі гадзін карміла яго чарвякамі. Ён адужэў і падрос. Праз некаторы час я выпусціла яго ў лес.

Цяпер да Таццяны трапляюць параненыя птушкі і маленькія птушаняты, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Зараз дзяўчына гадуе двух галубоў і варону.

— Вараня з вывернутай лапай і абвіслым крылом я бачыла ўжо даўно. Напэўна, ён такім нарадзіўся. Спрабавалі злавіць, але ён уцякаў, ды і навакольныя птушкі яго абаранялі. Патрапіў да мяне толькі пасля наезду аўтамабіля. Жыве ўжо два гады на вёсцы ў вялікім вальеры. Выпусціць яго я не магу, таму што ён не зможа самастойна пракарміцца — інвалід.

Адзін голуб апынуўся ў Таццяны таксама пасля аўтамабільнага здарэння, а другога дзяўчына знайшла яшчэ маленькага, нават без пер’я. На яго таксама ледзь не наехала машына.

— Зараз яны ўжо самастойныя і вясной я выпушчу іх да зграі. Але для гэтага я выбіраю толькі тыя месцы, дзе птушак падкармліваюць, напрыклад, каля кінатэатра «Кастрычнік». Хочацца, каб іх жыццё было палягчэй.

Ратавала Таццяна і качанят, і чорных крумкачоў, і нават ластаўку.

— Апошняга крумкача да мяне прынесла дзяўчына. Ён прасядзеў у лесе два дні, мабыць, яго пакінулі бацькі. Мы гадавалі яго на вёсцы ў вальеры. Ён стаў амаль што ручны, але ж карміўся як дзікі. Летась мы выпусцілі яго ў лес.

Незвычайная гаспадарка

За гады працы Таццяна Красільнікава даглядала не толькі дзятла, шматлікіх галубоў і крумкачоў, але і больш незвычайных для горада жывёл.

— Былі ў мяне і вожыкі, — узгадвае выратавальніца. — Звычайна пасля наезду аўтамабіля. Знаёмыя прынеслі маленькага кажанчыка. Аднойчы знайшлі на вуліцы дэкаратыўнага тхора. Усім знайшлі новых уладальнікаў.

Дапамога жывёлам — спадчына бабулі

Бабуля дзяўчыны заўседы дапамагала бяздомным катам. Маці таксама ратавала котак і знаходзіла ім новых гаспадароў. Але Таццяна першай пачала выратоўваць птушак і сабак.

— Калі я прыцягнула першага шчанюка з вуліцы, мама не хацела пускаць мяне ў хату, — усміхаецца валанцёрка. — Але я змагла яе пераканаць. Сабака застаўся, а потым мы знайшлі для яго новы дом. Пасля гэтага ў нас заўсёды было па некалькі самотных катоў і сабак.

Зараз маці працягвае дапамагаць Таццяне ў яе добраахвотнай працы. Муж і сямнаццацігадовы сын так сама ва ўсім яе падтрымліаваюць.

— Час ад часу жонка кажа, што гэта апошняя хворая сабака ці кот, якога яна прыносіць у хату, — распавядае муж валанцёркі прадпрымальнік Міхаіл Красільнікаў. — Але ж усё гэта пустыя размовы. Я разумею, што бяз гэтага яна ўжо не ўяўляе сваё жыццё. Ды і я не супраць.

Кожны мае магчымасць дапамагчы хаця б аднаму сабаку ці кату. Калі б больш людзей звярталі ўвагу на тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, дык і ў нас працы не было б. А пакуль будзем дапамагаць мы. Хтосці ж павінен!

Сын Таццяны, Даніла, вучыцца ў школе і займаецца боксам, але і ён знаходзіць час, каб пагуляць на вуліцы з сабакамі і дапамагчы ў хаце.

Даглядае амаль 40 жывёл

Зараз Таццяна з сям’ёй даглядае каля 20 сабак і 15 катоў. Хворыя і знямоглыя знаходзяцца ў хаце. Тыя, каму асабісты догляд не патрэбен — на асобным кавалку зямлі з вальерамі ці ў вёсцы. Усіх жывёл Таццяна абавязкова стэрылізуе, каб прадухіліць безкантрольнае іх памнажэнне.

На працягу апошніх двух тыдняў да Тані трапілі 11 шчанюкоў. Іх знайшлі ў вялікай яме каля дачнага таварыства, усе былі хворыя. Зараз частка з іх ужо знайшла новы дом.

— Да мяне часта трапляюць пакалечаныя сабакі і каты. Я іх вылечваю, але ж знайсці новага гаспадара для жывёлы-інваліда вельмі складана, многія так і застаюцца. Так адбылося з катом без адной лапы і з аднавокім катом.

— Сабака з паламаным пазваночнікам, які цягне заднюю частку тулава, і сабака без пярэдняй нагі таксама засталіся ў нас.

Ніколі ў жыцці не баялася сабак

Таццяну Красільнікаву ведаюць усе валанцёры, што займаюцца жывёламі ў Гродне. Калі здараецца экстраная сітуацыя — звяртаюцца да яе.

Аўчарку па мянушцы Рэд знайшлі каля Ласасянкі і патэлефанавалі сям'і Красільнікавых. Нягледзячы на жудасныя гнойныя раны і знямогласць, ён кусаўся і людзі баяліся да яго падысці.

— Мы накінулі на яго пакрывала, каб не пакусаў. Вялікую аўчарку можна было падняць адной рукой, такі ён быў схудлы. Нават дасведчаныя ветерынары былі шакаваны яго цяжкім станам. Шмат часу яго лячылі і даглядалі. Зараз ён у новай сям'і.

Звярнуліся да дзяўчыны і калі на адным з гарадскіх аб’ектаў нямецкая аўчарка трапіла ў смалу, ад чаго загінулі ўсе яе шчанюкі акрамя аднаго.

— Каля чатырох гадзін мы адмывалі іх алеем ад бітуму. Зараз і маці, і шчанюк маюць новых гаспадароў.

Чорную аўчарку Сэм хацелі забіць — у яе цякла сліна і вырашылі, што гэта з-за шаленства. Аказалася яе збіў аўтамабіль, абедзве заднія лапы былі цяжка параненыя і па іх поўзалі паўсотні апарышаў. Пасля доўгага і складанага лячэння яна знайшла свайго чалавека.

Пяцігадовага шарпея гаспадары проста выкінулі на вуліцу, калі з’яджалі жыць за мяжу. Каля паўгода ён бадзяўся па дварах, жыў пад гаўбцамі, пакуль не трапіў у пункт часовага змяшчэння безнаглядных жывёл на базе САГ.

Яшчэ шэсць месяцаў яму спрабавалі знайсці новы дом, але самотная жывёла ўжо ні кому не давярала і нікога да сябе не падпускала. За гэты час шарпей амаль стаціў зрок. У САГ вырашылі, што шанцаў на новых гаспадароў у яго ўжо не засталося. Таня забрала шарпея літаральна за дзень да смяротнага ўколу. Ужо два гады ён шчасліва жыве ў Красільнікавых побач з іншымі жывеламі.

— Канечне, часам мяне хтосьці і ўкусіць, але жывёлы неяк адчуваюць маё добрае стаўлянне і падпускаюць да сябе, а далей толькі справа часу і клопату.

Калі я стаю на прыпынку і там ёсць бяздомны сабака, нават калі акрамя мне будзе стаяць 20 чалавек — сабака падыдзе толькі да мыне. Былі выпадкі, калі самотныя жывёлы самі заскоквалі да мяне ў машыну, — усміхаецца валанцёрка.

Стафардшырскі тэр’ер па мянушцы Хамер — абсалютна здаровы, сацыялізаваны, не агрэсіўны сабака, але вельмі энэргічны. Яго першыя гаспадары прывязалі яго да дрэва ў Ласосне, потым ён трапіў у САГ, адтуль Таццяна забрала яго на «ператрымку». Пяць разоў яго вярталі валанцёрцы, але чаму, ніхто так і не адказаў.

— Пасля таго, як яго мне атдалі назад шосты раз, пакінула ў сябе. Да сёння я не зразумела, чаму так адбывалася: ён нічога не шкодзіць у хаце, ласкавы, мае добрыя зносіны з другімі жывёламі, навад з катамі, паслухмяны. Мабыць, у яго проста такі лёс.

Колькі каштуе дабрыня

Кожны дзень на корм жывелам патрэбна 8−10 пакетаў крупы і некалькі кілаграм жывёльных прадуктаў. У сярэднім кармленне катоў і сабак абыходзіцца ў 15 рублёў штодня. Але яшчэ летась, калі адных толькі шчанюкоў было 26, гэта сумма была значна вышэйшай. Для лячэня хворых жывёл і стэрылізаціі дарослых кожны месяц патрэбна яшчэ некалькі соцень.

— Грошы ахвяруюць дабрачынцы, збіраюць валанцёры, часам дапамагаюць з ГГААЖ «Адданае сэрца». Ёсць людзі, якія час ад часу прывозяць ежу і медыкаменты. У ветэрынарнай клініцы для бяздомных жывёл так сама могуць зрабіць знішку. Але і з уласнай кішэні кожны месяц «уцякае» нямала.

Бяздомны сабака з Гродна жыве ў Германіі

Аднойчы з Таццянай Красільнікавай звязалася валанцёрка з Германіі. Ужо некалькі сабак яна забрала з Беларусі ў Еўропу. Так здарлася і з адным з Таніных падапечных — збітага машынай шчанюка знайшлі на абочыне. Доўгі час ён не мог хадзіць, цягнуў заднія лапы. Некалькі тыдняў спатрэбілася для яго лячэння.

Было
Стала (у Германіі)

Маленькі хатні заапарк

Нягледзячы на незвычайную колькасць жывёл у доме Красільнікавых вельмі прыгожа: каваныя брама і парэнчы, добры рамонт, прыгожая мэбля і сучасная тэхніка. Вялікую ўвагу надаюць чысціні і гігіене, нават падлогу мыюць з хлорам па некалькі разоў на дзень, таму паху жывёл амаль што няма.

— З дзяцінства я марыла, каб у мяне была маленькая асабістая экасістэма ў хаце. Зараз у мяне жывуць два вялікія папугаі, дзве скінні (лысыя марскія свінкі), кот сфінкс, бультэр’ер, вольфцпіц, кітайская хахлатая і чыхуа-хуа — гэта жывёлы, якіх мы куплялі.

— Бяздомных стафардшырскага тэр’ера і шарпея таксама пакінулі сабе. Шмат у мяне і раслін. Я аддаю перавагу тым хатнім кветкам, якія чысцяць паветра, бо з такой колькасцю жывёл клопат аб гігіене — найважнейшы.

Таццяна не займаецца развядзеннем жывёл, усе яны стэрэлізаваны і, як кажуць, для душы.

«Абажаю індыйскія песні»

У вольны час Таццяна Красільнікава глядзіць фільмы і слухае музыку.

— Я, напэўна, меламанка. Магу слухаць і цяжкі рок, і эстраду. Абажаю індыйскія песні. Больш за ўсе люблю ездзіць на возера. Кожнае лета мы куды-небудзь выязджаем з сям’ёй, сябрамі і, канечне, сабакамі.

Дзяўчына марыць і аб моры, і аб дальніх вандроўках, але не можа пакінуць сваю «гаспадарку».

— Мы з сынам любім рыбалку, — распавядае Міхаіл, муж Таццяны. — Аднойчы ўзялі з сабой і Таню, але ж яна павыпускала ўсю рыбу назад. Маўляў, шкада, яны таксама жывыя".

Зараз мужчыны ездзяць толькі ўдвох.

Суседзі ставяцца з разуменнем

Большасць суседзяў добра адносіцца да справы Красільнікавых.

— Часам я сустракаю людзей, якія лічаць мяне звар’яцелай, аднак большасць тых, хто выказвае павагу да маёй працы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024