Разынкай дзясятай штогадовай выставы сталі абразы з перламутру, прадастаўленыя Амбасадай Палестыны ў Беларусі. Перламутр нараджае пярліны і ў гэтым сімвалічнае значэнне: у Старым Запавеце перламутр параўноўваўся з Божай мудрасцю, а ў Новым — з Маці Божай, якая нарадзіла пярліну — Ісуса Хрыста. Выстава пад назвай «Цуд адкрыўся ў Палестыне» адкрылася 14 красавіка і будзе дзейнічаць да канца мая.
— Пасха, Вялікдзень, Уваскрасенне Хрыстова — самае галоўнае хрысціянскае свята, галоўная падзея Бібліі, фундамент усяго хрысціянства, — кажа Галіна Хамко, старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі рэлігіі. — Кожны год у музеі мы ладзім выставу да свята светлай Пасхі.
На выставе адлюстрованы падзеі ад Вербнай нядзелі да Вялікадня і Узнясення. Падзеі Страснога тыдня ад Вярбнай нядзелі да Вялікадня паказваюцца прадметамі з фондаў музея — абразамі, кнігамі, царкоўным начыннем, літургічнымі тканінамі 19 стагоддзя. Прадстаўлены як праваслаўныя, так і каталіцкія прадметы.
Цэнтральнае месца займае раздзел, прысвечны Уваскрасенню — абразы «Зыходжанне ў пекла» і «Уваскрасенне».
— Галоўнае свята хрысціян спачатку не было адлюстравана ў абразах. Гэта адбылося таму, што ні адзін евангеліст нічога не расказаў пра гэтую падзею. Мы не ведаем, як гэта адбылося. І толькі ў 10 стагоддзі ў праваслаўнай традыцыі з’яўляюцца такія абразы.
Некаторыя абразы 19 стагоддзя — «Маленне аб чашы», «Галгофа», «Палажэнне ў труну» былі адрэстаўраваныя і паказваюцца ўпершыню. Сярод іншых экспанатаў прадстаўлена харугва — рэлігійны сцяг, які захаваўся пасля падрыву Фары Вітаўта. Таксама ёсць прадметы, якія расказваюць пра пасхальны звон і пасхальны агонь.
Абразы з перламутру ў Музей гісторыі рэлігіі перадалі Амбасада Палестыны ў Беларусі і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
— З далёкіх паломніцкіх паездак у 19 стагоддзі людзі прывозілі са Святой зямлі такія сувеніры. Сярод іншых мы дэманструем абраз Маці Божай Віфліемскай — адзіны абраз, дзе Маці Божая ўсміхаецца. Гэтыя абразы створаныя на мазаіцы з перламутру пры дапамозе друку. Перламутр людзі навучыліся апрацоўваць вельмі даўно. У Палестыне — недзе ў 17 стагоддзі. Росквіт тэхнікі наступіў у 19 стагоддзі. А друк — мастацтва даволі сучаснае. Такім чынам, сустрэліся два мастацтвы і паўсталі вельмі прыгожыя абразы, — кажа Галіна Хамко.
Выставу наведаў Амбасадар Палестыны ў Беларусі Халед Арыкат. Карыстаючыся нагодай, ён павіншаваў гродзенцаў са святам. Таксама выказаў спадзяванні, што гродзенцам спадабаецца выстава і яны наведаюць Палестыну. Амбасадар даведаўся, што ў Гродне ёсць цэлы раён, які называюць Палестынай, і, усміхаючыся, сказаў, што з калегамі наведае «свае тэрыторыі».
Выстава да свята Пасхі можа быць цікавай і атэістам — з мастацкага пункту гледжання. Тут прадстаўлены абразы, створаныя як ва ўсходняй, так і заходняй іканаграфіі. Пра падзеі Страснога тыдня расказваюць прадметамі сакральнага мастацтва, а гэта цікава для ўсіх, лічаць супрацоўнікі музея. Для дзяцей падрыхтавалі адмысловы інтэрактыўны блок: гульню «катанне яек», віктарыну і фільм пра храм у Іерусаліме. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што выстава прынясе наведвлаьнікам новыя веды і ўражанні ў перыяд Пасхі.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…