Спадчына

Больш чым успаміны: 92-гадовая гродзенка пра міжваенны Гродна, акупацыю і дэпартацыю ў Нямеччыну

Hrodna.life працягвае збіраць успаміны гродзенскіх старажылаў. Гэтым разам мы распавядзем пра жыццё Ірэны Стэфанаўны Кiзюкевiч (Ронiк), якая нарадзілася ў вёсцы Пярэселка ў 1925 годзе. У падлеткавым узросце гродзенка перажыла некалькі акупацыяў, а таксама дэпартацыю ў Нямеччыню.

У сям'і Кізюкевіч у Пярэселцы быў свой кавалак зямлі: дом і розныя будынкі для жывёлы. У міжваенны час сям’я складалася з бацькоў-сялян і двух дзяцей — сына і дачкі.

«Я па дзяцінстве дапамагала сям'і па гаспадарцы: прыбірала, карміла жывёлу і многае іншае. У 1930-я гады наша вёска была вялікая і складалася з 60 дамоў, але самае дзіўнае было тое, што гміна ў нас была ў Гожы, а потым пры першых саветах перанеслі яе ў Грандзічы. А пры немцах мы адносіліся ўжо да Гродна. Самае распаўсюджанае прозвішча ў нас у вёсцы было менавiта Кізюкевіч. Былі выпадкі, што людзі супадалі цалкам: па прозвішчы, імю і імю па бацьку. Таму часта ў вёсцы былі блытаніны, а іншы раз і смешна было».

Дзеці вёскі Пярэселка. Пач. 1930 г.

«Іду па Чкалава нібы па могілках»

У школу Ірэна Стэфанаўна пайшла ў 1932 годзе, калі ёй было 7 гадоў. Вучылася ў школе № 8. Добрая памяць гродзенкі зараз дае магчымасць успомніць амаль кожнага яе настаўніка, якія жылі каля школы амаль у аднолькавых драўляных дамах на вуліцы Жвіркі (сучасная Чкалава).

[irp posts="6375″ name=""Усэмка" на Базыліянскай: школа, якая памятае страшныя часы"]

«У 6 гадоў у школу мяне не ўзялі, бо я нарадзілася ў кастрычніку, а навучальныя ўстановы тады былі вельмі загружаныя. У выніку пайшла вучыцца ў 7 гадоў і вучылася ў новай школе, якая складалася з аднаго будынка ўздоўж сучаснай вуліцы Чкалава. Прыбудавалі іншыя будынкі да школы, калі я была ў 6-м класе. Менавіта пасля гэтага класа, хто хацеў паступаць у гімназію, мог сыходзіць.

У школе мне вельмі падабалася вучыцца, бо ў нас былі свае традыцыі. Але ўжо пасля 6-га класа я хацела ў гімназію Міцкевіча пайсці, бо мой брат там вучыўся, але бацька сказаў, што яму будзе цяжка выцягваць нас дваіх. У выніку я не забірала дакументы, а праз час, калі я прынесла атэстат са школы, тата сказаў, што ўжо шкадуе, што не адправіў мяне ў гімназію".

Усіх настаўнікаў Ірына Стэфанаўна добра памятае і сёння.

«Іншы раз іду па вуліцы Чкалава, дзе жылі настаўнікі ў 1930-х, то мне здаецца, што іду па могілках. Ужо нікога няма з іх. Напрыклад, Юзаф Вевюрскі, які быў дырэктарам школы і ў старэйшых класаў вёў польскую мову і гісторыю. Я добра ведала яго дзяцей. Старэйшы сын Стэнек вучыўся з маім братам, другі сын Юзік — мой аднагодак, трэцяя была дзяўчынка — Яся і вучылася з маёй сястрой. А потым у Вевюрскіх нарадзіліся Збысё і Марыська. Спачатку іх сям’я жыла пры школе, а потым пераехалі. Іх тату расстралялі немцы.

Ірэна з вучнямі каля школы № 8. На пярэднім плане дырэктар Юзаф Вевюрскi. 1930-я г.
У 5−6 класах заняткі праводзіў Стэфан Пекарэк, які з’яўляўся магістрам філасофіі. Ён выкладаў геаграфію, гісторыю і польскую мову. Проста золата, а не настаўнік. Так хораша ўсё распавядаў, што было зразумела кожнаму. Ён загінуў пры першых саветах, калі абараняў Гродна.

Была ў нас настаўніца Марта Вельмосурна — выкладала яна ў малодшых класаў. Вучыла дзяцей прыродазнаўству, геаграфіі і вяла харцэрскi гурток. Падчас вайны яе немцы расстралялі".

Пагромы і страйкі працоўных

Ірэна Стэфанаўна распавядае, што ў Гродне ў міжваенны час жылі людзі розных нацыянальнасцяў. Памятае яна і яўрэйскія пагромы, якія пачаліся пасля смерці Пілсудскага.

«У 1935 годзе, якраз адразу пасля смерці Пілсудскага, у мяне была першая камунія. У касцёле пасля яе да нас выйшаў дырэктар школы Вевюрскi і сказаў: «Дзеці, калі нешта будзе ляжаць на зямлі ў горадзе — не чапайце. Калі хтосьцi што-небудзь будзе даваць — не бярыце». Казалі, што ў гэтых рэчах маглі быць бомбы. Гэта было адразу пасля яўрэйскіх пагромаў. Як грамілі, я не бачыла, але словы Вевюрскага тады памятаю добра.

У тым жа годзе былі ў Гродне і працоўныя забастоўкі, якія называліся страйкамi. Ідзем іншы раз мы з мамай па горадзе пасля касцёла, а каля натоўпу працоўных дзве тыпу труны стаяць і напісана «Слава невядомаму рабочаму». Я тады ў мамы спытала, што за работнік загінуў. А яна мне распавяда, што такім чынам рабочыя да забастоўкі прыцягваюць увагу".

Маленькая Ірэна пасля першай камунii

У 1939 году чакалі вучэбную трывогу, а пачалася рэальная вайна

Чуткі пра вайну з немцамі ў польскім Гродне хадзілі напярэдадні верасня 1939. Ірэна Стэфанаўна распавядае, што пра гэта адкрыта казалі на вуліцы.

«За некалькі дзён да 1 верасня па горадзе хадзілі адмысловыя людзі, якія правяралі падвалы на гатоўнасць у выпадку вайны. Важна было, каб падвалы былі чыстыя і там былі бінты, лекі і харчы. Раніцай 1 верасня казалі, што будзе вучэбная трывога і я акурат у гэты час была ў канцы вёскі. Але ніякай пробнай трывогі не аказалася, адразу завылі сірэны і наляцелі нямецкія самалёты. Бомбы траплялі на Фарны касцёл, турму і іншыя месцы. Як падалі снарады, я добра бачыла, бо нам было відаць з вёскі. Лёталі самалёта так дзесьці да сярэдзіны верасня».

«Ідзем абараняць Айчыну»

Тое, што ў Гродна прыйшла савецкая ўлада, для сям'і Кізюкевіч, як і для іншых гродзенцаў, гэта стала вялікай нечаканасцю.

«17 верасня бальшавікоў мы не сустракалі і не ведалі, што яны да нас прыйдуць. Але як прыйшлі, у горадзе арганізавалася ўласная абарона. Салдатаў было мала, бо амаль усе сышлі на заходні фронт біцца супраць немцаў».

Ірэна Стэфанаўна распавядае, што горад выйшлі абараняць у асноўным мясцовыя жыхары і харцэры.

«Нашы вясковыя 17-гадовыя хлопцы таксама пайшлі абараняць Гродна. І мой брат Томаш быў у іх ліку. Тры дні стралялі ў горадзе, але ад нас гэта было далёка. Потым стральба сціхла. Людзі сталі выходзіць на вуліцу і наша сям’я таксама выйшла.

У той момант якраз праз нашу вёску праходзіла польскае войска невялікімі групамі. Апранутыя былі як ваенныя і мелі зброю. Некаторыя неслі з сабой мяшкі тытуню. Мы глядзім на салдат і бачым там Томаша нашага, які ішоў са сваім сябрам. Людзі ім пачалі крычаць: «Куды вы ідзеце і каму вы нас пакідаеце?». Брат памахаў рукой і крыкнуў: «Ідзем абараняць Айчыну».

Як аказалася, салдаты ішлі на Вільню. Тата ў выніку дагнаў майго Томаша і сказаў яму: «Ідзі дадому, дзіця! Што ты сабе думаеш?». Брат не перадумаў і пайшоў разам з войскам.

Тры тыдні не было юнака дома. Але пасля ён вярнуўся ў вёску і сказаў, што афіцэры і старэйшыя салдаты засталіся ў Літве, а маладых харцэраў адпусцілі дадому. Пасля таго як Томаш вярнуўся ў Гродна, ён далей пайшоў вучыцца ў гімназію. І ніхто яго бальшавікам не выдаў".

Ірэна з вучнямі (харцэрамі) маршыруюць па вуліцы Дамініканскай (суч. Савецкая). 1930-я гады.

Першыя саветы — новая ўлада

Па ўспамінах Ірэны Стэфанаўны, новая ўлада адразу ж пачала наводзіць свае парадкі ў Гродне і высылаць інтэлігенцыю, сем'і афіцэраў і іншых. Вывозілі людзей уначы.

«Сем'і двух маіх аднакласніц вывезлі. Спачатку арыштоўвалі мужчын, а пасля прыходзілі і за жанчынамі з дзецьмі. Былі такія жыды, людзі якія выдавалі палякаў. Дырэктара Вевюрскага не чапалі і першыя паўгода пры бальшавіках ён яшчэ кіраваў школай і жыў побач. Але пасля яго знялі з пасады і разам з сям’ёй ён пераехаў на Чкалава.

Яўрэі радаваліся прыходу саветаў і казалі палякам: «Цяпер наша ўлада, а не твая». Не ведаю, чаму яны радаваліся, але ўсе іх крамы амаль пазачынялі".

З прыходам новай улады першы час у горадзе не было прадуктаў, але паступова сталі адчыняць крамы і працаваць заводы. А таксама сталі адчыняцца школы.

«Саветы ўсё абяцалі гараджанам новыя прадукты. Казалі так: «Ідуць тры вагоны ўсяго: соль, керасiн і запалкі». У іх пыталіся пра апельсіны, дык яны казалі, што ў СССР яны ёсць і завод у тры змены іх вырабляе. Праз некаторы час улада стала адкрываць кааператыўныя крамы, ды і гандляры сталі распрадаваць свае тавары. Можна было і туфлі купіць, і іншыя рэчы.

З новай уладай у 1939 годзе я пайшла зноў у сваю школу. Саветы ўсім далі ўказанне, каб з 1 кастрычніка дзеці ішлі ў свае школы. Першыя паўгода вучыліся яшчэ на польскай мове. Памятаю, прыходзіш у школу, аднаго няма настаўніка, пасля іншага — і так з усімі. Каго не паспелі вывезці саветы з нашых настаўнікаў, расстралялі немцы".

У кастрычніку 1939 года ва «ўсэмцы» з’явіўся першы беларускі настаўнік, які ўжо вучыў школьнікаў рускай мове.

«Кніг не было, то ён возьме газету, парэжа яе на кавалачкі і раздасць нам. Так мы знаёміліся з новай для нас мовай. На новы год саветы зрабілі нам сюрпрыз. Выйшла пастанова, што ўсе, хто пайшоў у 7-ы клас, павінны вярнуцца ў 5-ы. Менавіта так адбылося, і нам старыйшым вучням было вельмі крыўдна. Напрыклад, у новым класе быў хлапчук на тры гады маладзейшы за мяне і мне даводзілася з ім вучыцца».

Усіх вывезці саветы не паспелі

Як у 1939 годзе, так і ў 1941 у гродзенцаў была інфармацыя аб магчымым нападзе немцаў. Але ў адкрытую ніхто пра гэта не казаў. Ніна Стэфанаўна памятае, што за некалькі дзён да вайны саветы пачалі вывозіць цэлыя эшалоны людзей на ўсход.

«Вельмі шмат людзей забіралі і пакавалі ў вагоны-цялятнікі. Многіх маладых хлопцаў садзілі ў турму. Але ўсіх саветы не паспелі вывезці, бо наляцела нямецкая авіяцыя раніцай 22 чэрвеня і разбамбіла чыгунку недзе пад Оршай і Баранавічамі. Хтосьці загінуў, а хтосьці вярнуўся дадому. Але для людзей было галоўнае, што іх не здолелі вывезці ў лагеры».

92-гадовая Ірэна Стэфанаўна гартае сямейны альбом

Падчас налёту авіяцыі людзі хаваліся ў падвалах

Для сям'і Кізюкевіч чарговая вайна з немцамі пачалася пасля таго, як нехта пачаў моцна грукаць у дзверы.

«Мы думалі, што гэта прыйшлі саветы за нашым Томашам. Але гэта такім спосабам нас будзіў сабака, якi баяўся грукату, які набліжаўся. Мы адкрылі дзверы і побач з домам упаў снарад, потым іншы. Глядзіш у акно — і бачыш шмат самалётаў, якія ляцяць на Гродна».

Калі бамбёжка трохі сціхла, Ірэна разам з братам хутка сабралася і пайшла да бабулі, якая таксама жыла ў вёсцы. У яе яны ўбачылі шмат людзей, якія прыйшлі з горада i хавалiся ў яе ў падвале.

«Разам з імі мы там трохі перабылі, а пасля перабраліся ў іншы падвал, нашага дзядзькі. Праз некаторы час мы з сям’ёй вярнуліся дадому, а ён ужо быў поўны жанчын, якія збеглі з турмы. Магчыма, гэта былі жонкі польскіх афіцэраў. Тата ім даў бульбы, якую яны зварылі, а пасля з’елі з малаком».

Першы час выратоўваў солтыс

Пакуль нямецкія войскі не ўвайшлі ў Гродна, насельніцтва рабавала крамы і выносіла ўсё запар, узгадвае Ірэна Стэфанаўна. Адным з першых загадаў немцаў было — расстрэльваць тых, хто рабуе.

«Салдаты у вёску не прыходзілі практычна, толькі ў тых выпадках, калі людзі не выходзілі на працу і не з’яўляліся па позве. Але ў асноўным гэта былі мясцовыя паліцаі. Першы час пад нямецкай акупацыяй я працавала ў бацькі на гаспадарцы, у зімовы час — вязала і дапамагала па хаце. Пасля немцы пачалі дасылаць моладзі позвы для выезду ў Нямеччыну. Але быў у нас солтыс [аналаг старыші сельсавету — рэд.] добры, які нас заўсёды адмазваў. Збярэ прадуктаў з вёскі і занясе ў камендатуру, і нейкі час пасля гэтага позвы не прыходзілі».

Ірэна i яе сябры падчас нямецкай акупацыі. 1941 г.

Яўрэі і праца на швейнай фабрыцы

У адзін дзень нямецкае камандаванне ў Гродне дало ўказанне солтысам адпраўляць усю моладзь на працу. Ірэну адправілі на швейную фабрыку, якая знаходзілася недалёка ад аўтавакзала на сучасным праспекце Касманаўтаў.

«Мая фабрыка знаходзілася на тэрыторыі былога гета № 2 у вялікім чатырохпавярховіку. Мы, маладыя дзяўчыны (я, Марыська і Броня Карольчына) працавалі першы час на яўрэйскіх машынках і шылі рабочую вопратку шэрага колеру, а вось для каго, мы не ведалі. З часам на фабрыцы ўсталявалі машынкі з маторчыкамі і стала лягчэй працаваць.

Праз некаторы час да нас на фабрыку прыгналі яшчэ людзей, якіх рассялілі на тэрыторыі былога гета. Хтосьці кроіў, хтосьці гладзіў і г. д. Заробак у немцаў мы патрабаваць не маглі, яны як хацелі, так і плацілі. Перавага работы была ў тым, што немцы давалі дадатковыя карткі на прадукты.

[irp posts="47 989″ name="Школа, гандаль, рэпрэсіі, вайна. 93-гадовая гродзенка пра жыццё ў міжваенны і ваенны час"]

Яўрэяў у горадзе ўжо тады не было, а калі яшчэ былі, то ў гета яны рабілі спецыяльныя пропускі і выходзілі. Немцы ім дазвалялі. Прыходзілі да нас у вёску і прыносілі розныя тавары на абмен. Прынеслі неяк мне паліто, а яно мне не спадабалася, і я сказала, што не буду браць. А яўрэй пытаецца: «А якое хацела б?». Я патлумачыла і мне на наступны дзень прынеслі такое, як я казала. За дзень яны яго пашылі. Далі ім за гэта прадуктаў розных.

Шмат такіх яўрэяў прыходзіла. І шкада іх было. Прыходзіў неяк да нас і яўрэйскі паліцай з гета, ён казаў так: «Што зробіш, і вяселлі робім, і хрэсьбіны. Ну што, канец жыцця ці што? Жывём як можам». У вёсцы ў нас ніхто не браў хаваць у сябе яўрэяў, але дапамагалі. Пасля высялення яўрэяў, тэрыторыю гета расчышчалі самі гараджане, памятаю, штрафнікоў туды пасылалі".

Вывезлі ў Нямеччыну. Праца ва ўладальніка завода Opel

На швейнай фабрыцы ў Гродне Ірэна Стэфанаўна прапрацавала каля года. Потым ёй прыйшла чарговая позва — на працу ў Нямеччыну.

«У 1942 годзе брата вывезлі ў Кёнінгсберг. Ён пісаў, каб я не ехала ні ў якім выпадку ў Нямеччыну, калі будуць прапаноўваць. Па позве я не пайшла ў камендатуру, але ў адзін дзень перад Вялікаднем за мной прыйшлі. Пагражалі, што калі я не пайду з імі, то забяруць усю сям’ю. У выніку мяне забралі ў Кёнінгсберг, везлі туды цягніком. Везлі не ў цялятніках, а ў добрых камфартабельных вагонах. Усё з-за святаў».

Здымкі Ірэны зробленыя незадоўга да дэпартацыі ў Нямеччыну
Тады разам з 17-гадовай Ірэнай вывезлі яшчэ дзевяць падлеткаў з Гродна.

«Брат мне пісаў, што калі вывезуць, то казаць, што ведаеш нямецкую мову. Тады можна трапіць у сям’ю, а не на фабрыку. Прывезлі нас у сартавальны лагер, і я сказала, што ведаю трохі нямецкую мову, бо вучыла ў школе. Там мяне абрала сям’я фабрыкантаў. Мой пан быў уладальнікам заводу Opel, дзе рабілі аўтамабілі.

Пасля адбору я разам з так званымі гаспадарамі паехала на машыне да іх дадому. Прыехалі, а там асабняк са сваім возерам. Па прыездзе мне гаспадыня сказала выкінуць смецце. Пакуль я ішла, то ўбачыла ў суседнім доме таксама дзяўчынку, якая мне сказала: «О Божа, вы тут не першая, гаспадыня нават біла сваіх працоўных». Шмат усяго мне расказвала, так што я зайшла ў дом і расплакалася. Гаспадарам, я сказала, што не буду працаваць і пайду шукаць свайго брата. Нечакана, але мне дазволіла яго знайсці".

Ірэна шукала Тамаша доўга: у выніку знайшла яго ў мужчынскім лагеры. З вялікім спазненнем гродзенцы прыйшлі дадому да гаспадароў. Пасля знаёмства з імі, брату дазволілі час ад часу наведваць Ірэну.

Саветы вызвалілі і адправілі дадому

Кармілі Ірэну ў доме фабрыкантаў вельмі дрэнна. Давала гаспадыня ёй у асноўным сухія скарынкі, мармелад і каву. Іншым разам і котку кармілі лепш. Гродзенка такое дрэннае стаўленне звязвае з асобай гаспадыні, якая паводзіла сябе як тыповая нацыстка. Прабыла Ірэна ў іх у доме да 1945 года.

«Там я рабіла ўсю працу і вяла гаспадарку. Вельмі галадала, але ўжо калі набліжаўся фронт, гаспадыня пакінула дом, застаўся толькі гаспадар і яго дачка. І ўжо тады я магла нармальна харчавацца і быць падобнай да чалавека. Пасля таго як усё пакінулі дом, мяне адклікалі на сартавальны пункт і накіравалі на працу на фабрыку. А брат тым часам ужо акопы капаў для немцаў на фронце. Увесну мяне і іншых вывезеных з Гродна людзей вызваліла савецкая армія і выводзіла з абстрэлаў».

Ірэна Стэфанаўна распавядае, што з прыходам савецкай арміі ў Кёнінгсберг вывезеных людзей сталі адпраўляць дадому ў суправаджэнні салдат.

«Ішлі мы да Гродна пешшу, вельмі доўга. Начавалі дзе даводзілася. І так да Беластока дайшлі. Там я сустрэла знаёмага на чыгунцы і спытала, што нам рабіць. А ён якраз ехаў у Гродна і сказаў, што на наступны дзень прыедзе з адказам. Мужчына прыехаў і сказаў, што бацькі сказалі мне ехаць дадому».

Па прыездзе ў Гродна Ірэна трапіла ў рэпатрыяцыйны пункт, у якім правяла каля пяці дзён. Пасля дзяўчына захварэла тыфам і доўга ляжала ў шпіталі. Ачуняла і пасля вайны працавала швяёй.

Кiзюкевiч (Ронiк) Ірэна Стэфанаўна сёння мае 92 гады i вялiкую сям’ю. Жыве ў Гродне амаль побач са школай, у якую хадзіла ў 1930-х г.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024