Ва ўсім свеце ведаюць беларускую касметыку. Оды любові да яе спяваюць многія блогеры. Кошт падкупляе, але ці варта скупляць усё пачкамі? Мы стварылі свой топ з 9 сродкаў беларускай дэкаратыўнай касметыкі, якія ты проста абавязаная купіць і радавацца. Наша аўтарка пратэставала ўсё на сабе і абрала толькі лепшае!
Хайлайтэр Relouis Complimenti ў шарыках
Калі ты да гэтага часу не чула пра такую жыццёва неабходную рэч, як хайлайтэр, то гэты прадукт — твой выбар. Нават у няўмелых руках ён будзе паводзіць сябе паслухмяна. Хайлайтэр вельмі далікатны і каб перабраць трэба вельмі-вельмі пастарацца. А калі раптам ты профі і хочацца ззяць яшчэ больш, то можна нанесці яго на ўвесь твар па-над пудрай. Толькі акуратна, у яркі сонечны дзень лепш не эксперыментаваць і не сляпіць мінакоў. Раім ўзяць тон 02, хоць яго назва — залацісты, падыдзе ён і беласнежкам.
Хайлайтэр Smart Girl Belor Design
Гэты хайлайтэр ужо больш ядзерны і мае ярка выражанае залацістае адценне, таму зусім беласкурым дзяўчатам яго варта адкласці на летні час. Наогул, усе-усе вельмі хваляць гэты прадукт, а калі ўлічыць яго аб’ём, то гэта вельмі нядрэннае ўкладанне 7 рублёў і хопіць яго, хутчэй за ўсё, на два чалавечыя жыцці. У скрайнім выпадку, ён можа стаць выдатнымі залаціста-пяшчотнымі ценямі для павекаў.
Блескі для губ LUXVISAGE PIN-UP Ultra matt
Калі ты яшчэ іх не спрабавала, то гэта трэба зрабіць неадкладна. Дзе яшчэ ты знойдзеш такія крутыя памады ўсяго за $ 2? Праблем з пошукам не будзе — прадаюцца яны на кожным куце, але ты павінна паляваць менавіта за гэтымі чатырма адценнямі - 6, 9, 15, 17. Яны боскія — матавыя, але не застываюць, тэкстура — крэм. Растушоўваць проста і калі патрэбна толькі адценне, ты лёгка створыш яго. Контур малююць выдатна. Калі з’еў - падмалюй ці не, рэшткі глядзяцца вельмі гарманічна. Не размазваюцца і не цякуць. Толькі не вядзіся на 14 адценне — выглядае яно выдатна, але вытворцы нешта намудрылі і на вуснах яно жудаснае.
Вадкая губная памада Relouis матавая True Matte Complimenti
Калі ты аматарка стойкасці і яркіх колераў, а сухасць вуснаў цябе не асоба палохае, то табе сюды. Выдатныя яркія адценні і жалезабетонная стойкасць, выпрабаваная не адной міцэлярнай вадой. Контур прамалёўвае выдатна, растушоўваць няма сэнсу. Наносіцца яна лёгка, але адчуванні дзівяць: ты быццам нафарбавала вусны маркерам. Калі раптам вырашыш перакусіць, цябе чакае гора — злазіць яна нераўнамерна і рэшткі проста сцерці сурвэткай не атрымаецца, памятай пра жалезабетоннасць. Гэта ўсё можна дараваць за выдатны 09 тон і выкарыстоўваць яе для кароткіх рамантычных прагулак па парку, але без марожанага і пацалункаў.
Вадкая матавая памада Relouis NUDE Matte Compliment
Натрэніраваўшыся на яркіх адценнях, вытворца вырашыў выпусціць нюдавыя таны і старанні не прайшлі дарма. Тэкстура стала больш мусавай і ўжо менш нагадвае гуашэвую замазку. Стойкасць на вышыні. Сходзіць памада больш-менш раўнамерна і лёгка вытрымае невялікі перакус. Раім купіць усё адценні - парачку пакінуць сабе, а астатняе мамам, сёстрам, сяброўкам — дылетанту абраць патрэбны нюд паводле пробнікаў досыць праблематычна. Калі ўсё ж хочаш зэканоміць, вось падказка — 13 і 14 тон вельмі падобныя, 14 крыху менш ружовы.
Туш для вейкаў Relouis каляровая GolD
Гэтым летам актуальна ўся яркая касметыка для вачэй і каляровая туш не выключэнне. У гэтай лінейцы іх тры, але раім ўзяць сінюю — яна найбольш яркая і ўжо дакладна будзе прыкметная на вачах. Туш можна напластоўваць, шчотачка гумавая. А калі раптам ты даўно хацела каляровыя бровы — гэта самы незаменны памочнік у гэтай няпростай справе.
Бальзам-аснова для вейкаў і броваў BelorDesign
Можа хтосьці яшчэ супраціўляецца сабаліным бровам, мы даўно ўжо здаліся і з задавальненнем можам параіць гэтую аснову для броваў. Можна наносіць зверху на цені, аловак, памадку для броваў ці як самастойны сродак для ўкладкі. Шчотачка шырокая, фіксуе добра, а расход вельмі эканамічны.
Аловак для губ Relouis контурны з вітамінам Е тон 03
Калі ты раптам наглядзелася фотак у Інстаграме і вар’яцееш ад чырвонага макіяжу вачэй, то гэты аловак для цябе. Хоць ён і для вуснаў, але хай цябе гэта не бянтэжыць — гэта даўно не бянтэжыць візажыстаў. Аловак мае тое самае правільнае цагляна-чырвонае адценне, якое выгодна падкрэсліць твае вочы. Колер не сыходзіць у ружовы і карычневы. Нятлусты, добра тушуецца, практычна не забіваецца ў складкі павек, калі зверху яго ледзь прыбіць ценямі або бясколернай пудрай.
Туш для вейкаў LUXVISAGE Smoky eyes
Пэндзлік у тушы гумавы, практычна лысы — шчацінкі вельмі кароткія. Напластоўваецца туш выдатна. Паколькі яна не застывае ў камень, можна спакойна наносіць да трох слаёў і не баяцца атрымаць зліплыя палкі. Яна сапраўды дае і даўжыню, і аб’ём, і выгіб. І на вейках яна глядзіцца вельмі натуральна. Часта яе параўноўваюць з легендарнай тушшу Cabaret Vivienne Sabo.