Сышлі ў 1939 на вайну з немцамі і не вярнуліся: вялікая фотагісторыя 76 палка імя Людвіка Нарбута з Гродна

У пачатку 2019 года ў рэдакцыю Hrodna.life гарадзенка Тэрэза Саловіч прынесла фотаархіў свайго дзядзькі - польскага афіцэра Мечыслава Шчэнснага, які служыў у Гродне ў 76-м палку імя Людвіка Нарбута і загінуў пад Варшавай у баях з немцамі ў верасні 1939 года. Сёння, да 80-годдзя з дня пачатку Другой сусветнай вайны, мы публікуем увесь фотаархіў афіцэра, а таксама расказваем гісторыю гродзенскага палка.

Пра ўласніка архіва

Мечыслаў Шчэнсны нарадзіўся ў Крывым Беластоцкага ваяводства ў 1911 годзе. У сярэдзіне 1930-х ён пераехаў у Гродна, тут праходзіў службу ў 76-м пяхотным палку імя Людвіка Нарбута.

У 1920−30-я гады, аж да пачатку Другой сусветнай вайны, 76-ы полк дыслакаваўся ў Гродзенскім гарнізоне. Ваенны гарадок у той час знаходзіўся на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Касцюшкі, Бэма, Сабескага і Нарбута. Сёння тры з іх носяць іншыя назвы — Шчорса, Захарава і Чырвонаармейская, толькі вуліца Касцюшкі не памяняла назвы. У гэтым месцы ўкліньваюцца астраўкі жылога сектара, крамы і розныя арганізацыі.

У Гродне малады афіцэр сустрэў дзяўчыну Яніну Бубко. У пачатку 1939 года яны пажаніліся, жылі на сучаснай вуліцы Заводскай. Неўзабаве Мечыслаў, тады ўжо ў званні паручніка, у складзе свайго палка адпраўляецца на перадавую сустракаць немцаў. Загінуў афіцэр на чацвёрты дзень вайны — 4 верасня ў Сулеюве (Лодзьскае ваяводства).

У фотаархіве Шчэнснага шмат здымкаў, дзе вайскоўцы 76-га палка знаходзяцца на палявых занятках блізу Гродна, ля Нёмана, а таксама ў цэнтры Гродна на гарадскіх мерапрыемствах.




Гісторыя палка

76-ы Лідскі полк пяхоты імя Людвіка Нарбута быў утвораны ў Вільні 5 студзеня 1919 года як Лідскі полк стральцоў. Гэтая вайсковая частка прымала ўдзел у савецка-польскай вайне 1920 года ў складзе Войска Польскага.

У 1920-я гады 76-му палку было прысвоена імя Людвіка Нарбута. Людвік Нарбут быў актыўным удзельнікам паўстання 1863 года, сынам вядомага гісторыка і публіцыста Тэадора Нарбута. Ён кіраваў атрадам паўстанцаў у Лідскім павеце, атрымаў некалькі перамог у партызанскіх баях з царскімі войскамі. У баі ў лесе на беразе Дубіцкага возера, падчас выхаду з акружэння, Людвік Нарбут быў двойчы паранены ў нагу і грудзі, ад атрыманых ран памёр на полі бою.

У 1920−30-я гады, аж да пачатку Другой сусветнай вайны, 76-ы полк дыслакаваўся ў Гродзенскім гарнізоне. Полк арганізацыйна уваходзіў у 29-ю дывізію пяхоты Акругі корпуса III, штабы якіх таксама знаходзіліся ў Гродне. Полк размяшчаўся ў былых царскіх Вяцкіх казармах па цяперашняй вуліцы Чырвонаармейскай, у сучасным 11-м ваенным гарадку. У той перыяд казармы называліся Легіянерскімі (koszary Legionowe). Ваенны гарадок быў пашыраны, пры гэтым знеслі частку струхлелых складскіх і гаспадарчых будынкаў і пабудавалі новыя, у тым ліку яшчэ адну двухпавярховую казарму. Легіянерскія казармы складаліся з 21 цаглянага будынка, больш за палову з якіх збудавалі да рэвалюцыі, астатнія былі дабудаваныя ў міжваенны час.




Легіянерскія казармы былі адносна самастойным маленькім светам усярэдзіне вялікага горада, тэрыторыя якога старанна ахоўвалася. Тут была асобная ўлада, унутраны гандаль са сваімі грашыма, забаўляльныя, адукацыйныя і рэлігійныя ўстановы, і нават месца зняволення — карцар.

Акрамя 76-га пяхотнага палка і яго штаба, у мястэчку размяшчаўся таксама штаб 81 палка пяхоты 29-й дывізіі. Сам жа 81-ы полк размяшчаўся ў казармах па вуліцы Маставой. У мястэчку былі палкавая школа, салдацкая крама, і, відаць, афіцэрскае казіно. Былі выпушчаныя нават спецыяльныя алюмініевыя боны для разлікаў у палкавых установах унутры гарадка. На тэрыторыі Легіянерскіх казармаў, у двух даволі вялікіх будынках, збудаваных яшчэ ў 1880-я гады як афіцэрскія флігелі, знаходзіліся кватэры афіцэраў гэтага палка і іншых вайсковых частак гарнізона. Напрыклад, там пражываў паручнік Шары (Szary), афіцэр сувязі 29-га палка палявой артылерыі. У той жа час камандзір 76-га палка палкоўнік Азевіч (1932 г.) жыў у афіцэрскіх асабняках на Баніфратарскай вуліцы (суч. Свярдлова).

У адной з чатырох трохпавярховых батальённых казармаў знаходзілася каталіцкая капліца — дамавы храм для асабістага складу палка, які займаў значную частку паверха.

У многіх гарадскіх мерапрыемствах у Гродне прымаў удзел бліскучы ваенны аркестр 76-га палка, зрэшты, як і асабісты склад гэтай вайсковай часткі. Ён праходзіў парадам па цяперашняй Савецкай плошчы ў Дзень незалежнасці Польшчы. Не раз і насельніцтва сталічнай Варшавы вітала вайскоўцаў палка ў ходзе найважнейшых дзяржаўных святаў. У другой палове 1930-х гадоў, па традыцыі, полк, сфармаваны на радзіме маршалка Пілсудскага, прымаў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных памяці правадыра ў Кракаве.




У 1922 годзе ваенным міністэрствам (Міністэрствам Спраў Вайсковых) Польшчы быў зацверджаны памятны знак 76-га Лідскага палка пяхоты. Знак быў выкананы ў форме крыжа з падоўжанай падставай, да якога мацаваўся арол — сімвал польскай дзяржавы. На палях крыжа размяшчаўся надпіс «Вільня» і «5 ст. (студзеня) 1919», які казаў аб месцы і даце стварэння палка.

У міжваенны час вялікая ўвага надавалася спорту і агульнафізічнай падрыхтоўцы вайскоўцаў. На тэрыторыі Легіянерскіх казармаў быў гімнастычны гарадок, валейбольная пляцоўка і іншыя спартыўныя збудаванні. У непасрэднай блізкасці ад мястэчка знаходзіўся найбуйнейшы гарадскі стадыён Акруговага таварыства фізічнага выхавання па вуліцы Сабескага (цяпер — Захарава). Цяпер гэта — стадыён факультэта фізкультуры ГрДУ. Ён быў узведзены вясной 1924 года на тэрыторыі былога царскага ваеннага гарадка 26-й артылерыйскай брыгады пры ўдзеле асабістага складу Лідскага палка.

У тыя гады гэтае месца актыўна выкарыстоўваўся вайскоўцамі 76-га палка пяхоты — завадатарамі спартыўнага жыцця не толькі ў гарнізоне, але і ва ўсім горадзе. Пра гэта сведчыць той факт, што ўсе асноўныя сілы даваеннага гродзенскага футбола былі сабраныя ў вайсковай камандзе «WKS Grodno» (у перакладзе даслоўна СКА — спартовы клуб войска ў Гродна), якая першынствавала ў чэмпіянатах Беластоцкага ваяводства 1931−1934 і 1936−1939 гадоў. Спачатку яна прадстаўляла менавіта 76-ы полк пяхоты і называлася «WKS 76 PP», а пазней — увесь Гродзенскі гарнізон. Кіраўніком секцыі і вялікім прыхільнікам футбольнага клуба быў паручнік Караль Даўгяла.

У сезоне 1938/39 гадоў гродзенскія армейцы ва ўсіх матчах страцілі толькі адно ачко! Гэта, магчыма, была самая моцная каманда даваеннага Гродна. У яе аснове гулялі: Зянько-Бубновіч, Юргілевіч, Лупачык, Стемпіньскі, браты Мельнікавы, Яўген Адамчык, Іжыньскі, Пабураны, Ёб і іншыя.

Усе футбольныя матчы праходзілі ў суботы днём ці вечарам на стадыёне побач з мястэчкам 76-га палка, вайскоўцы якога былі актыўнымі балельшчыкамі. Кожны матч ператвараўся ў сапраўднае гарадское свята. Напярэдадні газеты не скупіліся на анонсы гульні. У дзень матчу на стадыёне часта выступаў ваенны аркестр 76-га палка, а перад галоўнай гульнёй дня «для разагравання публікі» праводзіліся матчы юніёраў. Квіткі на тыя часы каштавалі нятанна — да 1 злотага, але гэта не адпуджвала сапраўдных прыхільнікаў спорту, народа збіралася вельмі шмат. Фанаты бурна рэагавалі на ход гульні, а ваеннае кіраўніцтва рашуча змагалася за дысцыпліну на футбольным полі і вакол яго.

Вайскоўцы 76-га палка ў складзе Спартыўнага клуба арміі мелі дасягненні не толькі ў футболе. Яны былі аднымі з арганізатараў польскай федэрацыі хакея на траве ў 1926 г.

Побач з мястэчкам, паміж вуліцамі Бэма (Шчорса) і Скідзельскай (праспект Касманаўтаў), у 1920-я гады размяшчалася тэрыторыя польскай ваенізаванай арганізацыі WFiPW (аналаг цяперашняй ДТСААФ). Да сярэдзіны 1930-х там былі цір, дзве двухпавярховыя казармы (захаваліся), сталовая, штаб і спартзала (таксама захаваліся), розныя склады, сховішчы і да т.п. У той час гэтыя ўсе гэтыя казармы называліся казармамі Бэма (koszary Bema). Польскія вайскоўцы 76-га пяхотнага палка бралі актыўны ўдзел у правядзенні заняткаў па ваеннай падрыхтоўцы з гродзенскай моладдзю. У савецкі час гэтую тэрыторыю займаў 9-ы ваенны гарадок, зараз на яго месцы ўзведзены новы жылы мікрараён.

Паводле аднаго з загадаў галоўнага штаба Войска Польскага з 1930-х гадоў 76-ы полк быў залічаны да палкоў узмоцненай катэгорыі і на час вайны ўваходзіў у першую чаргу мабілізацыі.









Калі 1 верасня 1939 года ў 4.45 раніцы, згодна з планам «Вайс», нямецкія войскі без аб’яўлення вайны пачалі наступ на ўсім працягу нямецка-польскай мяжы, а таксама з тэрыторыі Маравіі і Славакіі (лінія фронту склала каля 1600 км), на абарону межаў дзяржавы разам з іншымі часткамі выступіў і 76-ы Лідскі полк пяхоты з Гродна. Ён увайшоў у склад войскаў «Прусы» («Prusy»).

У пачатку верасня 1939 г., дакладней, 4−6 верасня, 76-ы Лідскі полк пяхоты імя Людвіка Нарбута прыняў свой апошні бой з нямецкімі войскамі ў раёне горада Пётркув (Piotrkow) у Польшчы. Нямецкія войскі пераўзыходзілі колькасна сілы польскай арміі. Полк мужна змагаўся, але пацярпеў паражэнне.

Частка асабовага складу была страчана ў ходзе нямецкіх бамбардзіровак 4−5 верасня, але асабліва кровапралітным стаў начны бой з 5 на 6 верасня 1939 года, падчас якога загінулі больш за 30 афіцэраў і 650 салдат з 76-га палка. 29-я дывізія да таго часу атрымала загад адступаць, але ён не дайшоў да палка. Частка смела контратакавала немцаў і спачатку мела поспех на поле бою, але вораг кінуў супраць пяхотнікаў бронетэхніку, і пад раніцу непрыяцель перамог. Параненых раздушвалі танкі або дабівала нямецкая пяхота.


6 верасня 1939 года ў бітве пад Пётркавам загінуў і апошні камандзір палка падпалкоўнік Станіслаў Сянкевіч. Ацалелі толькі асобныя моцна парадзелыя падраздзяленні Лідскага палка. Многія выжылыя вайскоўцы палка ў ходзе адступлення патрапілі ў палон.

Нямецкія страты склалі 200 забітых і 40 спаленых аўтамабіляў і танкаў. Салдаты нямецкай танкавай дывізіі на полі паблізу вёскі Moрыца ў адплату за жорсткі супраціў расстралялі 19 узятых у палон афіцэраў, а частку радавых разам з групай мясцовых жыхароў спалілі жыўцом.

Многія з загінулых пад Пётркавам ваеннаслужачых 76-га палка былі выхадцамі з Гродзеншчыны. Так, да прыкладу, жыхар Лідчыны Казімір Рунец быў у палку кулямётчыкам, цудам выжыў у бітве і ў ходзе адступлення трапіў у палон да ворага. Ён быў змешчаны ў лагер для ваеннапалонных Stablack, тройчы спрабаваў уцякчы і быў пераведзены ў Stalag 8B Lamsdorf, цяпер гэта — Ламбінавіцэ Апольскага ваяводства Польшчы. У 2014 годзе «Лідская газета» апублікавала аповяд сына гэтага воіна Яўгена Казіміравіча Рунца пра лёс бацькі ў гады вайны.

Цяпер астанкі забітых на полі бою воінаў 76-га палка спачываюць на вайсковых могілках у горадзе Мілеюв (Milejow). Вядома 129 прозвішчаў загінулых, астатнія пахаваныя як невядомыя салдаты палка. Штогод у пачатку верасня там адбываецца ўскладанне вянкоў і кветак, а таксама набажэнства ў памяць забітых, з удзелам ветэранаў і нашчадкаў вайскоўцаў палка. Яшчэ адзін з невядомых воінаў з воiнскіх могілак у Мілеюве быў перапахаваны на могілках у горадзе Радомска. Там быў узведзены воінскі мемарыял, і астанкі героя спачываюць у Магіле невядомага салдата.




















Матэрыял падрыхтаваны на аснове ўспамінаў Тэрэзы Саловіч і інфармацыі гродзенскага гісторыка-журналіста Аляксандра Сявенкі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024