Цуды Беларусі. 7 велічных гарадзішчаў, на якія варта падняцца

Сярод археалягічных помнікаў Беларусі асабліва ўражваюць велічныя гарадзішчы. Іх часта называюць замкавымі гарамі, бо цэнтрам умацаванага паселішча быў замак. Узгоркі колішніх фарпостаў і старых дзядзінцаў, разьмешчаныя ў маляўнічых мясьцінах, цяпер — выдатныя пляцоўкі для агляду. Такія мясьціны маюць вялікі турыстычны патэнцыял. Асобныя гарадзішчы сталі месцам правядзеньня фэстываляў і сьвятаў, абавязковымі пунктамі ў турыстычных маршрутах альбо часткай музэйнай экспазыцыі. Топ гарадзішчаў, якія варта наведаць, з’явіўся на «Радыё С**бода».

1. Замкавая гара ў Навагрудку

Гродзенская вобласць

Замкавая гара ў Наваградку — адзін з найвышэйшых пунктаў Беларусі. Яе вышыня — 323 мэтры над узроўнем мора. Менавіта тут у 1263 годзе каранавалі першага князя ВКЛ Міндоўга. З цырымоніі каранацыі пачынаўся адзін зь першых і самых маштабных у Беларусі фэстаў сярэднявечнай культуры. Галоўныя падзеі сьвята разгортваліся на Замкавай гары і ў гістарычным цэнтры Наваградку. Каранацыя Міндоўга стала анімацыйнай часткай шматлікіх экскурсійных праграм.

Каменны замак, збудаваны на гарадзішчы ў XIV-XVI стагодзьдзях, быў адным з самых магутных у княстве. Тут праходзілі дзяржаўныя сэймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Да сёньня на гары захаваліся фрагмэнты Касьцельнай і Шчытовай вежаў колішняга замка. Адсюль адкрываецца шыкоўны від на Наваградак. Пад Замкавай гарой у 1930-я гады зрабілі парк. У ім раслі самыя разнастайныя пароды дрэваў, у тым ліку дзясяткі экзатычных. Нават пасьля ваенных разбурэньняў ён лічыцца адным з найлепей захаваных на Горадзеншчыне.

2. Замкавая гара ў Тураве

Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць

Замкавая гара — на беразе Прыпяці ў паўночна-заходняй частцы Турава. Яе плошча — 180×200 мэтраў. Калісьці тут быў дзядзінец і горад вакол яго. Цяпер замчышча — помнік археалёгіі ХІІ стагодзьдзя.

Выгляд старажытнага гораду адноўлены на макеце — экспанаце ў мясцовым краязнаўчым музэі. Асобная музэйная экспазыцыя разьмешчаная проста на Замкавай гары. Гэта крыпта, пад дахам якой — адкрытыя археолягамі рэшткі старажытнага катэдральнага сабору. Пабудаваны на месцы колішняга паганскага капішча, ён быў большы за Сафійскі сабор у Полацку. На думку дасьледчыкаў, сьвятыня паўстала ў часы Кірылы Тураўскага.

Помнік асьветніку, імем якога асьвечаныя цэрквы ў Тураве, Менску, Лёндане, Нью-Ёрку і Таронта, стаіць поруч з крыптай на Замкавай гары. Дарэчы, выява Тураўскага гарадзішча зьмешчаная на банкноце наміналам дваццаць беларускіх рублёў.

3. Замкавая гара ў Браславе

Віцебская вобласць

Замкавая гара ў Браславе стаіць на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навята. Яна ўзвышаецца над узроўнем вады на 14 мэтраў, а вышыня абарончых валоў сягае амаль сямі мэтраў.

Усе збудаваньні на гары былі драўляныя і да нашага часу не захаваліся, але месьцічы да гэтай пары называюць старажытнае гарадзішча замкам. З Замкавай гары адкрываецца найлепшы від на мястэчка ўнізе і на азёры. Панарама прыйшлася даспадобы княгіні Алене. Праз год Аляксандар Ягелончык падараваў жонцы Браслаў і ваколіцы. Яна збудавала на гары манастыр і царкву.

Падняўшыся аднойчы на Замкавую гару, вырашыў тут застацца доктар Нарбут. Удзячныя за самаадданую службу браслаўцы пахавалі лекара на гарадзішчы. Цяпер тут стаіць помнік-маяк, завершаны ліхтаром, які меўся падказваць рыбакам шлях да берага ў непагадзь.

Плошча Замкавай гары — два гектары. Штогод тут адбываецца фэст сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». У гонар князя, які збудаваў на гары ўмацаваную крэпасьць на шляху да Полацку. З экскурсіі па Замкавай гары пачынаецца знаёмства з Браславам.

4. Замкавая гара ў Мсціславе

Магілёўская вобласць

На правым беразе ракі Віхры́ на 20 мэтраў над узроўнем вады ўзвышаецца Замкавая гара ў Мсьціславе.

Мсьціслаўскі замак быў абкружаны грандыёзнымі ярамі — 60−100 мэтраў ушыркі і больш за 25 мэтраў углыб. На месцы заснаваньня Мсьціслава археолягі выявілі культурны слой з драўлянымі пабудовамі, у якім зрабілі нямала каштоўных знаходак. Сярод іх — фрагмэнт шклянога келіха з арабскім надпісам, дзьве з трох знойдзеных у Беларусі берасьцяныя граматы, шарык для гульні ў мурмэншпіль, альбо земляны більярд.

Замкавая гара — частка экспазыцыі гісторыка-археалягічнага музэю Мсьціслава. Тут часткова адноўленая гістарычная забудова XII-XIV стагодзьдзя. Асобным памяшканьнем закансэрваваны раскоп старажытнага гарадзішча з рэшткамі кузьні, дома, маставой, каналізацыйнымі збудаваньнямі. А ў драўлянай вежы-данжоне — этнаграфічная экспазыцыя.

У музэі магчыма замовіць экскурсію альбо анімацыю, калі гасьцей пры браме сустракае князь Лугвен. Замкавая гара плошчай каля двух гектараў стала пляцоўкай для сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст».

5. Гарадзішчы «Вал» і «Замэчак» у Заслаўі

Мінскі раён

Адразу двума старажытнымі гарадзішчамі славіцца Заслаўе. У гістарычным цэнтры гораду захаваліся магутныя валы і бастыёны замка XVI-XVII стагодзьдзяў. Гэта гарадзішча «Вал» плошчай 200×100 мэтраў. На ім узвышаецца колішні кальвінскі збор, які пасьля быў касьцёлам і ўніяцкай царквой. Умацаваны некалі замак цяпер — выдатная пляцоўка для агляду.

Другое гарадзішча — на паўднёва-заходняй ускраіне Заслаўя, паданьні зьвязваюць яго з імёнамі Рагнеды і Ізяслава. «Замэчак», альбо малы замак, цікавы тым, што мае амаль ідэальную круглую форму дыямэтрам каля 70 мэтраў. Вышыня кальцавога валу амаль дасягае двух мэтраў, агульная плошча не перавышае паўгектара.

Замак быў умацаваны абарончай сьцяной, бязводным ровам і частаколам. Уезд баранілі вежа і брама.

Заслаўе — папулярны экскурсійны кірунак. Тут, дзе ёсьць гарадзішчы і этнаграфічны комплекс, ня раз ладзіліся гістарычныя імпрэзы.

6. Гарадзішча ў Лоску

Валожынскі раён, Менская вобласьць

Сёньня Лоск — вёска на мяжы Менскай і Горадзенскай абласьцей. У XIV стагодзьдзі на высокім кальцавым вале стаяў Лоскі замак. Гэта былі ўмацаваньні зь дзесяцьцю трохʼяруснымі вежамі і сьценамі-гароднямі, унутры якіх стаялі два палацы.

У 1570 годзе магнат Ян Кішка заснаваў у Лоскім замку друкарню. Тут друкаваліся некаторыя творы Сымона Буднага на польскай і лацінскай мовах. І сам гуманіст пэўны час гасьцяваў у Лоску.

Ад колішніх збудаваньняў не засталося нічога. Толькі ўзгорак прыгожай авальнай формы, які мясцовыя жыхары называюць замчышчам.

Замкавая гара — адна з галоўных адметнасьцяў сучаснага Лоску. З гарадзішча памерам 160×75 мэтраў адкрываецца від на ваколіцы і раку Бруянку, што ўпадае ў Бярэзіну.

7. Гарадзішча ў Друцку

Талачынскі раён, Віцебская вобласць

На месцы невялікай вёскі на рацэ Друць калісьці стаяў старажытны горад — цэнтар уплывовага Друцкага княства. Разьмешчаны на шляху «з варагаў у грэкі», ён быў гандлёвым і рамесным цэнтрам. Пра былую веліч тутэйшых мясьцін сьведчыць старажытнае гарадзішча.

Да сёньня захаваўся рэльеф дзядзінца плошчай амаль гектар, навакольнага гораду і пасаду памерам трошкі больш за гектар, а таксама рэшткі землянога абарончага вала вышынёй каля дзесяці мэтраў. Каля замкавай гары можна ўбачыць і равы глыбінёй у некалькі мэтраў.

На месцы княскага двара і былога места археолягам трапілася шмат каштоўных знаходак. Сярод іх — залатыя пацеркі, срэбны бранзалет, княскі пярсьцёнак, зброя і дасьпехі.

Асобная экспазыцыя гісторыка-краязнаўчага музэю ў суседнім Талачыне прысьвечаная старажытнаму Друцку. Яе цэнтар — макет гарадзішча з драўлянымі пабудовамі. На гарадзішчы ўсталяваны памятны знак, які сьведчыць пра тысячагадовую гісторыю Друцку.

З вышыні замкавай гары відаць маляўнічая стужка Друці, некалі часткі гандлёвага шляху.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024