У ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года ўзарвалі самы стары каталіцкі храм Гродна — Фару Вітаўта. Гэты касцёл з часам стаў сімвалам бессэнсоўнага знішчэння спадчыны, а ідэі аб яго аднаўленні гучалі не раз пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці. Hrodna.life шмат пісаў пра знакамітую святыню, якая, парадаксальна, стала сімвалам Гродна менавіта праз сваю адсутнасць у горадзе. І хоць большасць жыхароў горада не маглі бачыць Касцёла на ўласныя вочы, чуў пра яго кожны.

Ніжэй мы сабралі спасылкі на самыя цікавыя і важныя матэрыялы пра Фару Вітаўта, якія рыхтавалі і публікавалі ў розныя гады.

Хто «прыдумаў» Фару Вітаўта?

Фара Вітаўта — назва папулярная, але не афіцыйная, амаль што народная. Афіцыйна храм стагоддзямі называўся Касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі, у царскія часы быў Сафійскім саборам, а ў міжваенны час — гарнізонным Касцёлам. Адкуль тады назва «Фара Вітаўта»? Самы першы касцёл на гэтым месцы, яшчэ драўляны, пабудаваў вялікі князь Вітаўт дзесьці ў самым канцы XIV ст. Але той будынак, што вядома нам, быў узведзены ў 1584−1587 гг. па замове Стэфана Баторыя.

Адкуль жа ўзялася назва «Фара Вітаўта»? Яе ў міжваенны час прапанаваў гісторык Юзаф Ядкоўскі - той самы, што стварыў музей у Старым замку. У гісторыі храма яшчэ хапае малавядомых фактаў. Пяць самых цікавых пералічыў гісторык Мечыслаў Супрон.

Фара Вітаўта — гэта Фара Баторыя?

Стэфан Баторый будаваў свой каменны касцёл не дакладна на месцы драўлянага касцёла Вітаўта, а побач з ім, так што нейкі час два касцёлы стаялі адзін каля другога. Потым стары драўляны храм разабралі. Баторый зрабіў свой касцёл падарункам для езуітаў і яшчэ і апошнім прытулкам для сябе. Кароль хацеў быць пахаваны ў Гродне, менавіта ў тым касцёле, які спансаваў.

У пачатку 1584 г. кароль у прыватнай гутарцы сказаў італьянцу Кампана пра Гродна: «Мне гэты горад і для жыцця, і для вечнага адпачынку найбольш дарагі». Тут ён і памер у снежні 1586 г. і нейкі час — каля года з паловай — праляжаў у падвалах Фары Вітаўта. Але потым караля перавезлі ў Кракаў, дзе традыцыйна хавалі польскіх манархаў.

Па адной з версій, сэрца караля перад пахаваннем было аддзелена ад рэшткаў цела і, магчыма, так і засталося ў Гродне. Хто ведае, можа урна з сэрцам Баторыя і сёння ляжыць дзесьці ў зямлі, у падмурках знішчанай Фары?

Фара Вітаўта — гэта тры розныя будынкі?

Самы першы храм, які пабудавалі ў ваколіцах 1392 г. па загадзе Вітаўта, згарэў у другой палове XV ст. у 1494 г. За праўленне Аляксандра Ягелончыка на месцы знішчанага пажарам касцёла быў пабудаваны новы драўляны. Яго выгляд нам вядомы па гравюры Адэльгаузера-Цюндта (1568 г.), а яшчэ мы ведаем, што яго фінансава падтрымлівала каралева Бона Сфорца. Трэці храм, які фінансаваў Баторый, быў узведзены ў 1587 г. і прастаяў да 1961 г. ён гарэў, аднаўляўся і перабудоўваўся не раз, а нават паспеў пабыць праваслаўным Сафійскім саборам ў XIX ст.

Фара Вітаўта
Месца размяшчэння каменнага касцёла (вялікі контур вышэй) і меркаванае месца, дзе стаяў драўляны (малы контур злева ніжэй) на сучаснай спадарожнікавай карце

Што ж аб’ядноўвае ўсе тры будынкі? Тое, што ад пабудовы першага і да канчатковага знішчэння апошняга ўвесь час тут існавала тая ж парафія з такой жа назвай — Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як Фара Вітаўта стала той, якую мы ўсе ведаем

У 1804 г. царскія ўлады перадалі касцёл праваслаўным, але амаль да канца стагоддзя царква захоўвала рысы, характэрныя для заходняга культавага будаўніцтва. У 1892 г. будынак згарэў і яго грунтоўна перабудавалі - да 1898 г.паўстаў вядомы па многіх старых фота велічны Сафійскі сабор. Быў ён такім не так ужо і доўга — у канцы 1918 г. тут прайшла апошняя праваслаўная літургія. Храм вярнулі каталікам і, каб пазбавіцца ўсходняга стылю ў архітэктуры, яго двойчы перабудавалі: у 1923 і 1935 гг. Перабудова лічыцца няўдалай — храм займеў неараманскія і неагатычныя рысы, якіх ніколі раней не меў. Затое менавіта такое аблічча Фары Вітаўта і сёння ведаюць ледзь не ўсе гродзенцы.

Больш за 60 гадоў без Фары Вітаўта: гісторыя храма, які нямногія бачылі, але ўсё пра яго чулі
Выявы Фары Вітаўта ў розныя гады: злева ўверсе — пачатак-сярэдзіна XIX ст., справа ўверсе — пасля рэканструкцыі 1896−1898 гг., злева ўнізе — пасля перабудовы 1922−23 гг., справа ўнізе — пасля рэканструкцыі 1935 г. фотакалаж са старых фатаграфій і малюнка Напалеона Орды. Аўтар А. Невар

Дарэчы, сёе-тое з праваслаўнага напаўнення храма захавалася. Так, некаторыя абразы з Сафійскага сабора сёння вісяць у Свята-Пакроўскім саборы на Ажэшкі.

Захавалася і сёе-тое з каталіцкага інтэр'еру. Самы вядомы след Фары Вітаўта — арган Віленскай фабрыкі Вацлава Бярнацкага, які сёння штодня грае ў Кафедральным саборы (Фарным касцёле). Пра інструмент кажуць, што знакаміты майстар Бярнацкі збудаваў яго ў 1937 г. менавіта для Фары Вітаўта. Але праз тое, што падчас II Сусветнай вайны дах касцёла быў пашкоджаны бомбай, у 1942 г. арган перанеслі ў суседні храм. Цяпер ужо цяжка высветліць дакладную гісторыю інструмента, але гісторыя з яго пераносам здаецца праўдападобнай.

Кажуць і пра адзін з крыжоў з Фары, які, нібыта, захоўваецца ў адным з касцёлаў Шчучыншчыны.

Як мы страцілі Фару Вітаўта

Пасля Другой сусветнай вайны Гродна апынуўся ў межах СССР — дзяржавы атэістычнай, у якой велічны храм у цэнтры горада калоў вочы чыноўнікам. Службы ў касцёле больш не праводзіліся, ён выкарыстоўваўся як склад. У гарадскіх уладаў былі планы зрабіць у будынку шырокафарматны кінатэатр або спартзалу, але ў выніку храм вырашылі знесці.

Фару Вітаўта ўзарвалі ў ноч з 29 на 30 лістапада 1961 года. Рэшткі храма вывозілі праз вуліцу Гарнавых у раён забудовы дамоў на Суворава. Там калісьці было балота, а ў 1960-х пачалі будаваць дамы. Пасля расчысткі завалаў у цэнтры Гродна на месцы храма з’явіўся сквер. Але і праз дзесяцігоддзі пасля зносу падчас земляных работ у скверы знаходзяць фрагменты будынка або косткі людзей, некалі пахаваных ля святыні.

У 2019 годзе Hrodna.life атрымалася пагаварыць з Уладзімірам Тупаўскім — чыноўнікам, які ў 1961 годзе быў старшынёй камісіі па зносе Фары Вітаўта. І праз 58 гадоў пасля тых падзей Уладзімір Іванавіч быў перакананы, што будынак не меў ніякай каштоўнасці для горада: ні духоўнай, ні архітэктурнай. І наогул, гэта быў ужо нібыта і не касцёл.

«Узрывалі мы не касцёл, а той, хто гэта кажа — вырадак. Палякі перабудавалі наш праваслаўны сабор у ваенны касцёл — у жылы дом, можна сказаць. Трэба гісторыю ведаць глыбока. Усё гэта глупства, нават не варта псаваць паперу на гэта. А вуліца Савецкая раней была Саборная, бо вяла да праваслаўнага храма. Так што зносілі мы ў 1961 годзе страшыдла, а храм быў раней, і ён быў прыгажуном», — казаў Тупоўскі ў інтэрв'ю Hrodna.life.

Пасля знішчэння Фары Вітаўта вернікі Гродна баяліся, што такі ж лёс чакае і Фарны касцёл, таму пачалі вартаваць яго днём і ноччу. Прыязджалі вартаваць нават людзі з суседніх вёсак. А потым нехта нібыта патэлефанаваў у выканкам з пагрозай падарваць мост у якасці помсты за Фару. Перапалоханыя чыноўнікі ўвесь наступны год трымалі на Старым мосце ахову.

Фара Вітаўта як крыніца канфліктаў

Гісторыя Фары Вітаўта і перспектыва яе аднаўлення — тэмы даволі спрэчныя і канфліктныя. Шмат гродзенцаў былі бы радыя, каб помнік архітэктуры адбудавалі. З іншага — не зусім ясна, што там павінна быць і каму ён павінен належаць. Здараецца, што гісторыю храма наогул спрабуюць перапісаць.

У 2014 г. на месцы знішчанага храма адкрылі помнік. Ён выглядае як кавалкі разбуранай святыні з каталіцкім і праваслаўным храмам. На помніку ёсць шыльда з інфармацыяй, што спачатку тут быў каталіцкі касцёл, потым царква, а потым зноў касцёл. Як ён знік, няма ні слова.

Раней у тым жа месцы грамадскія актывісты не раз ставілі крыж або інфармацыйны стэнд, але ўлады кожны раз прыбіралі «нелегальныя» знакі памяці.

З самога ўстанаўлення афіцыйнага знака знайшліся тыя, хто яго крытыкаваў за… недастатковую праваслаўнасць. Маўляў, яшчэ да драўлянай Фары Вітаўта ў XIV ст.тут была праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы з пахавальняй рускіх князёў. Але ні пісьмовыя, ні археалагічныя крыніцы такой версіі не пацвярджаюць.

Пачатак раскопак Фары Вітаўта. Пачатак 1990-х гг.
Пачатак раскопак Фары Вітаўта. Пачатак 1990-х гг.

Ці дачакаемся вяртання Фары Вітаўта?

Размовы аб магчымым аднаўленні страчанага помніка архітэктуры вядуцца даўно. Але сёлета ўпершыню такі тэзіс з’явіўся ў афіцыйным дакуменце. «Белндіпгорадабудаўніцтва» распрацаваў план рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна як частку дэталёвага плана цэнтра горада. І ў ім мы знайшлі шмат цікавых прапаноў.

Аўтары праекта прадугледзелі аднаўленне на Савецкай плошчы некалькіх гістарычных будынкаў. Сярод іх — Фара Вітаўта.

«Аднаўленне культавых збудаванняў - балючая тэма. Асабліва, думаю, яна балючая ў Гродне. Зразумела, што каталікі хацелі б бачыць Фару Вітаўта, якой яна была пабудавана першапачаткова, каталіцкай, праваслаўныя хацелі б бачыць тут праваслаўны манастыр, — расказаў адзін з аўтараў плана архітэктар Антон Пятрухін. — Але, напэўна, усе пагодзяцца з тым, што гэты будынак з’яўляецца культавым не ў рэлігійным сэнсе, а ў плане свайго значэння для Гродна. Таму ў праекце мы кажам, што гэты аб’ём варта было б аднавіць. Але, безумоўна, павінен быць грамадскі кансэнсус. Мы не возьмем на сябе паўнамоцтвы, каб вырашаць, што канкрэтна тут павінна быць».

Гэта значыць, у плане прапануецца аднавіць Фару не як культавы будынак, а як архітэктурную дамінанту. Разам з ратушай і былым палацам Радзівілаў яна верне Савецкай плошчы гістарычны выгляд. Аднак трэба памятаць, што распрацаваны план рэгенерацыі - гэта толькі рэкамендацыя, да якой мясцовыя ўлады могуць і не прыслухацца.

У канцы — бонус для нашых чытачоў. Гэтае вулічнае апытанне на тэму Фары Вітаўта мы запісалі 27 лістапада 2015 года — за год да таго, як наогул стварылі Hrodna.life. Паглядзіце, а раптам пазнаеце сябе ці сваіх знаёмых.