Падчас паездкі ў Гродна 19 кастрычніка прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка традыцыйна выдаў россып цікавых цытат. Мы выбралі 6 самых цікавых.
Пазычыць гродзенцам збожжа
У Каробчыцах старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў прызнаўся, што ў вобласці ў гэтым годзе недабралі збожжа: замест 1,5 млн тон атрымалі толькі за 1,15 млн.
«Трэба паглядзець, што ў нас у рэзерве, рэзервы ў краіне добрыя, і, можа быць, пазычыць гродзенцам, каб ім не прыйшлося марнаваць грошы, купляючы гэта зерне. У будучыні яны папоўняць гэты доўг», — адказаў прэзідэнт.
Адправіць студэнтаў у войска
На сустрэчы з найлепшымі студэнтамі Гродна прэзідэнт прапанаваў адпраўляць студэнтаў на летніх вакацыях у войска.
«Сёння дзяўчына хоча, каб побач з ёю быў мужык, а не проста хтосьці там у штанах хадзіў. І таму зараз я думаю, а як хлопцаў, якія паступілі ў ВНУ, падрыхтаваць і зрабіць мужыкамі. Мы ж ім адтэрміноўку даем, а потым ім пасля таго, як скончаць ВНУ, ужо не хочацца служыць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што студэнтаў можна адпраўляць у войска на пару месяцаў падчас летніх вакацый. Пасля першага курса яны змогуць атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, пасля другога — асвоіць ваенную спецыяльнасць. Працягнуць вайсковыя зборы можна і на наступных курсах: так маладыя людзі пабываюць у войску, не адрываючыся ад вучобы.
«Пасля заканчэння ВНУ, калі ён ужо панюхае гэты порах, ён будзе добрым спецыялістам. Ён атрымлівае афіцэрскае званне і дзесьці яшчэ тры месяцы пасля ВНУ служыць як афіцэр, рыхтуе моладзь і гэтак далей», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мужык павінен умець размаўляць са зброяй. У адваротным выпадку ён не зможа абараніць сваю сям’ю, сваё дзіця, жонку, маці. Гэта ж наша функцыя — абараняць і памерці дзеля жанчыны. Так было заўсёды», — падкрэсліў прэзідэнт.
Пакуль гэта ўсяго толькі адна з ідэй прэзідэнта, увасабляць якую ў жыццё не плануецца.
Затрымаць студэнтаў у краіне
«Ёсць яшчэ тэма, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, і яна трывожыць, — гэта імкненне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, з’едуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю і там застануцца, — растлумачыў ён. — Я вас не агітую за тое, каб вы кудысьці ехалі ці не ехалі. Калі вы ўжо задумалі, то, напэўна, паедзеце або атрымаеце тут адукацыю і будзеце там працаваць. Гэта ваша справа. Але мой вам рада — не спяшайцеся, спачатку разбярыцеся, дзе вам лепш».
Прэзідэнт упэўнены, што стаць паспяховым за мяжой немагчыма. «Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога гатунку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Не стаць мільярдэрам
«Так, мільярдэрам доларавым, як у Расіі, не станеш. І не трэба», — сказаў Лукашэнка пра жыццё ў Беларусі. На яго думку, Беларусь — адна з лепшых краін для жыцця. А зарабляць тут можна дзякуючы транзітным шляхам, якія праходзяць праз краіну.
«Цяпер праз Беларусь рухаецца ўсё. Таму што ціхая, спакойная транзітная краіна. Ну, акажы паслугу чалавеку, які вязе тавар. Я утрыравана кажу: дзесьці адрамантуй машыну, прапануй дранікі яму. У нас на трасе ад Смаленска да Брэста ўсюды добрыя вёскі і гарады», — патлумачыў прэзідэнт, як беларусам зарабляць.
Не вяртаць ільготы
Пытанне аднаго са студэнтаў на сустрэчы датычылася магчымасці ўвесці для студэнтаў льготы на грамадскі транспарт. Лукашэнка адказаў, што не падтрымлівае такія метады.
«Краіна ільготнікаў. Нафты і газу няма, як у Расіі. А мы яшчэ з савецкіх часоў… Як калупнулі, са сталінскіх часоў некаторыя льготы былі», — сказаў прэзідэнт. Ён патлумачыў, што ў свой час было прынята рашэнне адмяніць усе льготы, а потым усталяваць іх тым, хто насамрэч мае ў іх патрэбу.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся за адрасную падтрымку тых, хто ў гэтым мае патрэбу. «Але я не прыхільнік вяртання да тых льготаў, якія калісьці былі», — сказаў ён.
Чаму Лукашэнка рэдка бывае ў Гродне
«У Гродне, так, бываю радзей, але гэта таму, што тут добра працуюць. А вось у Гродзенскай вобласці бываю вельмі часта, часам нават ніхто гэтага не бачыць, гляджу, як тут сеюць і жнуць», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Гродне неабходна больш увагі надаваць добраўпарадкаванню і азеляненню, думаць аб стварэнні новых вытворчасцяў.
Прэзідэнт адзначыў, што яшчэ ў часы СССР прыязджаў вучыцца ў Гродзенскую вобласць. «Гэта была самая развітая, лепшая вобласць у Савецкім Саюзе. Квітнеючы сад. Я сам як кіраўнік прыязджаў сюды вучыцца апрацоўваць бульбу, сеяць збожжавыя, атрымліваць велізарныя ўраджаі», — дадаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер Гродзенская вобласць таксама узор для іншых рэгіёнаў, адно з самых зручных месцаў для жыцця ў краіне.