Лета скончылася і ўжо можна было б назапашваць тлушчык на зіму. Але мы за тое, каб нашы чытачы заўсёды былі ў форме, таму даем парады, як пачаць бегаць. Бег дапамагае развівацца і фізічна, і маральна, кажа наш эксперт Аляксандр Боган.

«Мне было 27, у мяне была цяжарная жонка, і я падумаў, што мне трэба нешта ў сваім жыцці зрабіць значнае. У мяне было адчуванне: што ж я такое ў сваім жыцці зрабіў, чым бы мог ганарыцца? І падумаў: чаму б не прабегчы марафон?», — расказвае Аляксандр.

Раней ён не займаўся спортам наогул і быў «офісным планктонам». У верасні мінулага года ён прабег 10 км на паўмарафоне. Потым быў перапынак, забег цвярозасці, клуб Run4Fun і доўгая падрыхтоўка да Марафону Сяброўства Друскенікі-Гродна.

Лянота - гэта нармальна. 5 парадаў, як пачаць бегаць
Аляксандр Боган на лекцыі ў галерэі «У Майстра»
Са студзеня 2018 Аляксандр тры разы на тыдзень ездзіў на ранішнія трэніроўкі з Белых Рос у Альшанку. А па нядзелях бегаў з клубам Run4Fun у Пышках.

«У марафоне ёсць дзве задачы. Задача мінімум — прабегчы, не перайсці на крок і не сысці з дыстанцыі. Задача максімум — выбегчы з чатырох гадзін. Гэта такі парог асабістай гонару: выбег — прыгажун».

Лянота - гэта нармальна. 5 парадаў, як пачаць бегаць

Падчас марафона ў Аляксандра «гарэлі» ногі, ён быў «гатовы памерці», а мозг пастаянна шукаў прычыны працягваць бег. Усё атрымалася. І Аляксандр усё зразумеў - але гэты сэнс у кожнага свой і растлумачыць яго складана. Дасягнуўшы мэты, Аляксандр працягвае бегаць, бо не гатовы растацца з клубам і з людзьмі, якія змяняюць яго ў лепшы бок.

І дзеліцца парадамі, як пачаць бегаць.

5 парадаў каб пачаць бегаць

1. Раскажыце ўсім, што вы бегаеце або збіраецеся прабегчы марафон

Нават калі ніхто не пытае. Спальвайце ўсе масты, выкладвайце фота трэніровак у інстаграм. Зрабіце працэс максімальна публічным, каб потым не было падставы «зліцца». А то што вы скажаце, калі ў вас спытаюць: «Ну, як там твой марафон?». І гэта не толькі пра бег.

2. Заўсёды павінен быць чэлендж

Хутчэй за ўсё, калі вы захочаце проста пабегаць, праз пару тыдняў вы «сальецеся». Вырашылі бегаць — зарэгіструйцеся на бліжэйшае мерапрыемства на самую кароткую дыстанцыю. І працягвайце трэніроўкі. Ёсць самыя розныя старты. Стаяць на старце ў чаканні стрэлу, вакол гледачы — гэта дасць вам цалкам новыя адчуванні.

3. Знайдзіце трэнера — гэта багаж вопыту і ведаў

Нават на аматарскім узроўні трэнер дапаможа вам пазбегнуць памылак і прайсці пачатковы шлях вельмі хутка. Гэты чалавек будзе падсцёгваць. І гэта магчымасць не думаць, колькі кіламетраў табе трэба прабегчы сёння. Трэнер бачыць, на што ты здольны, і будзе цябе нагружаць больш, калі гэта магчыма.

4. Важная рэгулярнасць

Нягледзячы на надвор’е, нежаданне і іншыя справы. Калі з’яўляецца новая актыўнасць, трэба ўзгадніць свой графік, каб гэта не ўплывала на працу і сям’ю. Пры гэтым вы становіцеся высокаарганізаваным чалавекам.

5. Лянота — гэта нармальна

Самае складанае — выйсці на прабежку. Мы сутыкаемся з лянотай і пачынаем пытацца: калі мне гэта так не падабаецца, то навошта гэтым займацца? Кажуць, што лянота — гэта ахоўная рэакцыя арганізма на тое, што вы займаецеся не тым, чым павінны займацца. А пытанне толькі ў тым, ці зламаю я сёння сваю слабасць, ці не зламаю? Чым даўжэй ты знаходзішся ў стане дыскамфорту, тым больш эндарфінаў ты потым атрымліваеш. Няма нічога лепш, чым пасля працяглай трэніроўкі адчуць гэты кайф. Ды і што ў гэты дзень можа быць горш, чым ранішняя трэніроўка?

Бонус: не шукайце адмазак

Ва ўсіх мала часу. Усе шмат працуюць. Ва ўсіх ёсць сем'і і дадатковыя заняткі. Але пры жаданні на бег можна знайсці час.

Лянота - гэта нармальна. 5 парадаў, як пачаць бегаць

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]