Спадчына

«Тэатр Тызенгаўза» насамрэч не Тызенгаўза: 5 міфаў з тэатральнай гісторыі Гродна разбурыў Яўген Аснарэўскі

Гродзенскі тэатр лялек лічыцца найстарэйшым тэатральным будынкам краіны, які застаецца тэатрам да нашых дзён. Многія краязнаўцы і гісторыкі звязваюць яго заснаванне з прадпрымальным гродзенскім старастам Антоніям Тызенгаўзам. Сляды дзейнасці Тызенгаўза можна ўбачыць у Гродне і сёння. Праз тое і сучасны тэатр лялек часта называюць «тэатрам Тызенгаўза».

Але ці так гэта насамрэч? Расследванне тэатральнай гісторыі правёў для Hrodna.life гродзенскі краязнаўца і блогер Яўген Аснарэўскі.

Міф 1. Тэатр пабудаваны ў 1772 годзе

Доля праўды: Тэатр Тызенгаўза сапраўды дзейнічаў яшчэ ў 70-я гады XVIII стагоддзя. Прадпрымальны магнат быў неабыякавы да мастацтва і ўтрымліваў вялікую колькасць артыстаў балета, спевакоў, музыкаў і іншых творчых асоб, чыя праца высока шанавалася ў тую вытачанную эпоху. Вялікая колькасць таленавітых працаўнікоў графа былі родам з Італіі. Да прыкладу, знакамітая ў тыя гады спявачка Ганна Давiа, якая пасля працы ў Гродне стала сапраўднай опернай зоркай Пецярбурга і уладарніцай сэрцаў тамтэйшых дзяржаўных мужоў.

Ганна Давіа
Антоній Тызенгаўз

Уся праўда: Аднак прадстаўленнi давалі не ў тым будынку, якi зараз займае тэатр лялек. Iаган Бярнулі, які паходзіў з таго самага сямейства знакамітых матэматыкаў, неяк гасцяваў у Гродне ў Тызенгаўза. Дзякуючы ўспамінам Іагана вядома, што тэатральныя паказы даваліся ў вялікай прыгожай зале палаца Тызенгаўза.

Палац Тызенгаўза ў Гродне. Буйны помнік архітэктуры барока, з пэўным уплывам ракако. Быў разбураны ў Першую сусветную
Польскі гісторык Афтаназы меркаваў, што гэтай залай было вялікае памяшканне з калонамі, якое можна бачыць на плане палаца Тызенгаўза. Будынак, якi цяпер вядомы як тэатр лялек, быў пабудаваны пазней.

Міф 2. Архітэктарам тэатра быў Iаган Мёзер

Доля праўды: Насамрэч, Мёзер з Тызенгаўзам пэўны перыяд адначасова жылі і працавалі ў Гродне. З тагачаснай мясцовай забудовы да аўтарства Мёзера адносяць Дом лясной адміністрацыі.


Чытай таксама: У Гродне выявілі стары склеп каля будынку 18 стагоддзя. Яго не было ў праекце


Уся праўда: Архітэктар пакінуў Гродна яшчэ ў 70-х гадах XVIII стагоддзя. Хадзілі чуткі, што ён не змог вытрымаць буянага нораву Тызенгаўза і нявыплаты заробку. Надалей асноўным дойлідам Тызенгаўза стаў Джузэпэ дэ Сака. Такім чынам, удзел Мёзера ў будаўніцтве тэатра не знаходзіць пацверджання, а вось аўтарства Сака, які жыў у Гродне да самай смерці ў 1798 годзе, выглядае вельмі верагодным.

Гарадская скульптура «Дойлід Гарадніцы», правобразам дла якой стаў Джузэпэ дэ Сака

Міф 3. У будынку тэатра лялек размяшчаўся першы публічны тэатр Гродна

Доля праўды: Пасля пабудовы асобнага тэатральнага памяшкання там насамрэч размясціўся публічны тэатр. Фішка ў тым, што публічны тэатр быў у Гродне яшчэ раней.

Уся праўда: У 1784 годзе ў Гродне праходзіў сейм Рэчы Паспалітай. Гэта неардынарнае мерапрыемства наведаў нядаўні ўдзельнік кругасветнага падарожжа Джэймса Кука і знакаміты нямецкі вучоны-натураліст Георг Форстэр. Немец не толькі сустрэўся з каралём і знанымі сенатарамі, але і знайшоў час паглядзець выступленне артыстаў у тэатры. У сваім дзённіку ён піша, што заплаціў за квіток 6 злотых, то бок, прыйшоў на публічнае тэатральнае прадстаўленне. Вядома, што для тэатра падчас сейма быў прыстасаваны вялікі манеж на Гарадніцы, але некаторыя даследчыкі лічаць, што Форстэр глядзеў выступленні артыстаў у іншым месцы, напрыклад, у будынку Крывой афіцыны.


Чытайце таксама:

Саламея Дэшнер: жанчына, якая стварыла гродзенскі тэатр

Дарэчы, у трэвэл-блогера XVIII стагоддзя засталіся супярэчлівыя ўражанні ад гродзенскага тэатра. Сёе-тое яму спадабалася, а сёе-тое не.

Міф 4. Будынак тэатра перабудавалі з манежа

Доля праўды: Вядома, што бацька польскага тэатра Войцех Багуслаўскі сапраўды даваў у Гродне прадстаўленне ў спецыяльна абсталяваным для гэтага манежы. Пра гэта ён пісаў у сваіх мемуарах.

План палаца Тызенгаўза: вылучана зала, дзе верагодна праходзілі тэатральныя прадстаўленні
Уся праўда: Аднак, на думку польскага даследчыка гродзенскай тэатральнай гісторыі Збігнева Едрыхоўскага, гаворка ішла менавіта пра асобны будынак манежа. Гэты манеж існаваў яшчэ да будаўніцтва тэатра, а пазней быў злучаны з тэатральным корпусам пераходам. Гэта значыць, што манеж ніхто не пераладжваў у тэатр.

Дарэчы, калі ўжо згаданы Багуслаўскі атрымаў прапанову прыехаць у Гродна і зноў выступіць у манежы, ён адправіўся ў шлях. Па прыезду высветлілася, што тэатральныя прыстасаванні ў манежы прыбраныя, а плошчы будынка зноў выкарыстоўваюцца для коннай язды. Гродзенскія коні перамаглі тэатральных муз i гэтым моцна засмуцілі Багуслаўскага.

Міф 5. Тэатр лялек — гэта тэатр Тызенгаўза

Доля праўды: Будынак лялечнага тэатра быў пабудаваны паміж 1783 і 1793 годам. У гэты час Антоній Тызенгаўз ужо быў у няміласці, а яго артысты разляцеліся хто куды. Цэлая група балетных танцораў была падорана Тызенгаўзам каралю Станіславу Аўгусту і склала касцяк «Таварыства танцоўшчыкаў Яго Каралеўскага Вялікасці». Так быў створаны правобраз нацыянальнага польскага балета.

Прынц Станіслаў Панятоўскі. Пляменнік і цёзка караля
Уся праўда: Але хто ж пабудаваў будынак гродзенскага тэатра? Пасля падзення Тызенгаўза кіраванне каралеўскімі эканомiямi ВКЛ было даручана тёзку і пляменніку караля Станіславу Панятоўскаму.

Адміністрацыйным цэнтрам яго фінансавай імперыі працягваў заставацца горад над Нёманам, а месцам жыхарства Станіслава Панятоўскага быў палац Тызенгаўза на Гарадніцы.

Магнат зрабiў далейшыя крокі дзеля пашырэння і без таго немаленькай рэзідэнцыі. У канчатковым выніку Панятоўскі стварыў настолькі буйны палацавы комплекс, што мог жартам напісаць: «ён быў не менш горада Вены».

Да комплексу, які ўжо і так меў вялікую аранжарэю і манеж, у перыяд 80-х і 90-х гадоў XVIII стагоддзя магнат прыбудаваў яшчэ і каменны тэатр. Гэта і быў той самы будынак, якi ў будучыні стане тэатрам лялек.

Такім чынам, правільна называць тэатр не тэатрам Тызенгаўза, а ўсё-ткі тэатрам Панятоўскага.

План Гродна 1812 года. Нумар 8 тэатр, 9 манеж, 7 палац Тызенгаўза.

Яшчэ трохі гісторыі

Першапачатковы выгляд тэатра
Першапачаткова будынак быў менш і не меў якога-небудзь дэкору. Але з цягам часу яго пашыралі і ўпрыгожвалі дэкаратыўнымі элементамі.

Звязаныя з тэатрам пераходамі палац, манеж і аранжарэя не перажылі Першую Сусветную, але тэатру пашанцавала больш і ён захаваўся. Дарэчы, на памяць аб некалі гарманічным палацавым комплексе ў тэатра лялек застаўся пэўны архітэктурны элемент — руставаныя знізу пілястры, якія нагадваюць руставаныя лапаткі знішчанага палаца Тызенгаўза.

Тэатр лялек, ён жа міфічны тэатр Тызенгаўза і сапраўдны тэатр Панятоўскага — насамрэч найстарэйшая спецыяльная тэатральная пляцоўка Беларусі, якая працягвае выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Мяркуем, гэта вартая нагода наведваць яго часцей.

Будынак тэатра на пачатку ХХ стагоддзя

Чытай таксама:

«Тутэйшыя» вяртаюцца! Гродзенскі тэатр лялек аднавіў культавы спектакль

«Сюр мае быць сюрам». Мастачка расказала пра смешных лялек з нясмешнай «Камедыі Юдзіфі«

Цётухна з Бразіліі, Кінг-конг і эстэтыка 60-х. Тэатр лялек падрыхтаваў правакацыйную прэм’еру

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024