Хацелі знайсці да 8 сакавіка падарунак «з душой», але не патрапілі на кірмаш рамеснікаў «Казюкі»? Не бяда — у крамах Гродна дастаткова цікавых і арыгінальных падарункаў, зробленых умелымі рукамі беларускіх рамеснікаў.

У большасці выпадкаў можна ўкласціся ў 20−30 рублёў.

1. Кубачак з дзьмухаўцамі

У гэтым творы мастацтва, зробленым з фарфору і пакрытым глазурай, быццам замерла сама вясна. Гарбатка, кіпень — і кветачкі ажывуць, радуючы ўладальніцу сонейкам нават у самы пахмурны дзень! Аўтар — Вольга Угрыновіч. Цэны — 20−40 руб. (у залежнасці ад памераў і ўкамплектаванасці).

Рэчы з душой: 5 цікавых handmade-падарункаў да 8 сакавіка

2. Скарбонка ў выглядзе фотаапарата

Каханая жанчына (сяброўка, маці) любіць фатаграфаваць? Падарыце ёй тэматычную скарбонку: лёгкая (матэрыял — фанера), арыгінальная, яна знойдзе водгук у душы аматараў захоўвання жыццёвых момантаў. Аўтар — Вікторыя Гардзейчук. Цана — да 25 руб.

Рэчы з душой: 5 цікавых handmade-падарункаў да 8 сакавіка

3. Завушнічкі з засушанымі раслінамі

Час для іх спыніўся! Раслінкі, запячатаныя назаўсёды ў ювелірную смалу, на шмат год парадуюць уладальніц такіх цудаў! Аўтар — Юлія Жэбко. Цэны — 20−35 руб. (у залежнасці ад абранай рэчы).

Рэчы з душой: 5 цікавых handmade-падарункаў да 8 сакавіка

4. Пралескі з казюлькай

Такой кампазіцыяй вельмі лёгка стварыць вясенні настрой. Кветачкі, зробленыя з фоамірану, здаюцца жывымі! А маленькая казюлька (палімерная гліна), якая соладка спіць пад пралескамі, нагадае аб хуткім абуджэнні прыроды. Аўтар — Кацярына Неўгень. Цана — да 22 руб.

Рэчы з душой: 5 цікавых handmade-падарункаў да 8 сакавіка

5. Брошкі-сукуленты

Сукуленты — шматгадовыя расліны, якія маюць спецыяльныя тканкі для запасу вады і растуць у месцах з засушлівым кліматам. Зробленыя з палімернай гліны, пяшчотныя сукуленты сталі модным трэндам. Шмат модніц жадаюць мець у сваёй скарбонцы такое мілае і загадкавае ўпрыгожванне. Аўтар — Юлія Свіцяшчук. Цэны — 14−30 руб. (у залежнасці ад памераў).

Рэчы з душой: 5 цікавых handmade-падарункаў да 8 сакавіка


Гэтыя і іншыя цікавыя хэндмэйд-падарункі мы адшукалі ў крамах: Friends, «Лёля», «Цудоўня», «У Майстра».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]