Людзі і справы

Каму патрэбна беларуская мова ў Гродне: перамогі і паразы ТБМ

У 2019-м споўнілася 30 гадоў з часу заснавання «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». Як змянілася моўная прастора за гэты час? Што атрымалася зрабіць для абароны роўнасці беларускай мовы на Гродзеншчыне, а што так і засталося памкненнем? Пра гэта расказалі Hrodna.life гродзенцы, якія прадстаўляюць таварыства.

Перамогі для мовы

  • Беларускамоўныя класы ў 32 і 34 школах (акрамя 2019). На пачатку 90-х у Гродне было 28 школаў з выкладаннем на беларускай мове. Пасля іх колькасць знізілася да 0, і толькі 10 гадоў таму ў Гродне зноў з’явілася магчымасць навучаць дзетак па-беларуску
  • Тры садкі з беларускамоўнымі групамі выхавання (№ 45, 65, 83)
  • Квіткі на праезд на беларускай мове. Таравыства апратэставала спробу перавесці праязныя дакументы ў Гродне на рускую мову
  • Штогадовая беларуская дыктоўка ў Гродне супольна з гарадскімі грамадскімі пляцоўкамі
  • Беларускамоўнае афармленне (дубляванне шыльдаў) пры ўваходах у дзяржаўныя ўстановы культуры (кінатэатры, дамы моладзі і г. д.). Суды і пракуратура адмовіліся мяняць ці дубляваць свае шыльды
  • Цэнтральны надпіс на мурале ў Слоніме па-беларуску. Мурал прысвечаны Дню беларускага пісьменства і размешчаны ў цэнтры горада, але першапачаткова ўлады планавалі зрабіць яго цалкам на рускай мове
  • Фэст беларускай мовы і паэзіі ў вёсцы Зачэпічы. Адбываецца штогод 8 верасня з ініцыятывы старшыні раённай арганізацыі ТБМ і з падтрымкай мясцовых уладаў. Усталяваны памятны знак тром заходнебеларускім паэтам, якія жылі там (Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Герасім Прамень), у гонар аднаго з іх названа вуліца, на доме вісіць памятная шыльда
  • Памятныя знакі паўстанцам 1863−1864 гг. Супольна з іншымі актывістамі ў Гродзенскай вобласці ўсталявана не менш за 10 крыжоў
  • Памятны знак аўтару беларускага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макару Краўцову (Касцевічу). Валун з шыльдай усталяваны на радзіме паэтаў Макара Краўцова і Міхася Васілька (Касцевіча), у вёсцы Баброўня, супольна з іншымі арганізацыямі
  • Памятная шыльда на доме, дзе жыў пісьменнік Аляксей Карпюк, які 20 гадоў быў старшынёй гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў і шмат зрабіў для горада і нашай краіны

  • Помнік на магіле Антона Валынчыка, кампазітара і харавога дырыжора, шчырага беларускага патрыёта. Таксама ў яго гонар усталявалі памятную шыльду на будынку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па вул. Дзяржынскага
  • Памятны знак Яўхіму Карскаму, заснавальніку беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, у вёсцы Коматава. Акадэмік меў там лецішча, працаваў. Камень з шыльдай, прысвечанай яму, у вёсцы Мігова
  • Штогадовыя ўзнагароды для вучняў старэйшых класаў - пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове. Таварыства заахвочвае іх падарункамі цягам блізу 10 гадоў
  • Сустрэчы гродзенскіх школьнікаў з творцамі з Саюза беларускіх пісьменнікаў (недзяржаўнага). Чыноўнікі, якія прысутнічалі, таксама былі ў захапленні
  • Беларуская мова на шыльдах у гродзенскім заапарку. Пакуль перакладзеныя толькі папераджальныя надпісы і секцыйныя шыльды, у планах — апісанне жывёл
  • Штогод некалькі дзясяткаў літаратурных і мастацкіх мерапрыемстваў у падтрымку беларускай мовы. У 2019 г. пачалі ладзіць беларускамоўныя экскурсіі для дзяцей і дарослых

Паразы для мовы

  • Вонкавыя і ўнутраныя шыльды на будынках сілавых ведамстваў, паліклінік ды іншых дзяржаўных устаноў. З канца 90-х ТБМ піша скаргі ў пракуратуру, МУС, аблвыканкам на адсутнасць на іх беларускай мовы
  • Пешаходная плітка міжваеннага часу і дарэвалюцыйная плітка Ашкеназі з вуліц Ажэшкі, Сацыялістычнай, Савецкай, у Новым Свеце. ТБМ дамагалася, каб пасля рэканструкцыі вуліц яна не знікла, а была экспанаваная, фіксавалі месцы, дзе яна засталася. Плітку выставілі каля помніку Сакалоўскаму, але цяжкая тэхніка яе пашкодзіла. Некаторыя пліткі, не самыя захаваныя, усё ж змясцілі перад уваходам у Новы замак, але пераважная частка знікла.
Фота з архіва Віктара Парфёненкі

  • Музей Васіля Быкава ў Гродне. Спачатку гарадскія ўлады абяцалі знайсці для музея новае памяшканне, але ў 2019 годзе яго зачынілі, а багатую экспазіцыю змясцілі ў музей Максіма Багдановіча. Музей Быкава быў створаны на грамадскіх пачатках і праіснаваў 20 гадоў - крыху менш часу, чым пісьменнік жыў і працаваў у Гродне
  • Вуліца Васіля Быкава. Чыноўнікі абяцалі назваць імем Быкава аб’язную дарогу ад Новага маста да Ласосна, але абяцанне не здзейснілі
  • Памятная шыльда Васілю Быкаву ў Гродне ў цэнтры горада за грамадскія сродкі. Адказу ад уладаў няма
  • Беларускамоўная гімназія ў Гродне. На цяперашні час у горадзе няма нават цалкам беларускамоўнай школы
  • Беларускамоўны ліцэй. 25 гадоў таму ў Гродне пры 27-й школе існавала філія Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра — добрая база для беларускамоўнага ліцэя. Але адбылася рэарганізацыя школы і беларускіх ліцэйных класаў
  • Пашырэнне выкладання на беларускай мове ў ГрДУ імя Купалы, стварэнне беларускамоўных патокаў. Звароты ў Мінадукацыі і да гарадскіх уладаў не далі плёну
  • Выкладанне геаграфіі і гісторыі Беларусі на беларускай мове. Заахвочванне настаўнікаў на выкладанне па-беларуску у агульнаадукацыйных школах — грашыма ці баламі. Мінадукацыі адказала адмоўна
Фота budzma.by
  • Звароты ў Валкавыскі мясакамбінат, малаказавод з просьбай аб беларускай мове ў афармленні прадукцыі. Адказу не было

«У нас жа дзвюхмоўе»

«Мы хацелі б, каб улады — абласныя, раённыя, гарадскія — да беларускай мовы ставіліся сапраўды як да дзяржаўнай і выкарыстоўвалі яе так, як належыць дзяржаўнай мове, у паўсядзённым жыцці. Мы існуем, каб беларуская мова была распаўсюджаная ва ўсіх сферах жыцця», — патлумачыў кіраўнік абласной філіі ТБМ Віктар Парфёненка.

«Пачыналася ўсё з таго, што мы спрабавалі ўсялякімі спосабамі захаваць той статус мовы, які існаваў яшчэ ў пачатку 90-х, калі ўсе шыльды і ўнутранае і вонкавае афармленне ўстаноў было па-беларуску. Пісалі скаргі, звароты, але заўсёды, як мантра для чыноўнікаў было: „У нас жа дзвюхмоўе“».

Штогод таварыства робіць шмат пісьмовых і вусных зваротаў да чыноўнікаў у абарону беларускай мовы ў Гродне і вобласці, але, як прызналіся і Аляксей Пяткевіч, які шмат год кіраваў гарадской арганізацыяй ТБМ, і Віктар Парфёненка, — станоўчых вынікаў мала. Арганізацыі патрэбны свежы струмень ідэй і больш моладзі ў шэрагах — тады, магчыма, будзе больш плёну ў змаганні за належнае месца для беларускай мовы ў беларускай грамадскай прасторы.

Што можна зрабіць, каб перамог было больш

Калі вы імкнецеся дасканала авалодаць беларускай мовай, карыстацца ёю штодзень і дапамагаць у гэтым іншым; прапагандаваць беларускамоўныя выданні і кнігі, беларускамоўную адукацыю; клапаціцца пра захаванне і вывучэнне мясцовых гаворак, тэрміналогіі, павышэнне культуры пісьмовай і вуснай мовы ў грамадскіх сферах жыцця — час стаць сябрам ТБМ.

Ім можа стаць любы чалавек, старэйшы за 16 гадоў, які прызнае мэты і задачы ТБМ і спрыяе іх ажыццяўленню. Юнакі і дзяўчаты, маладзейшыя за 16 гадоў, могуць аб’ядноўвацца ў юнацкія секцыі ТБМ. Каб стаць сябрам арганізацыі, трэба напісаць заяву паводле ўзору, які ёсць на сайце таварыства. Заява падаецца да гарадской арганізацыі, ці раённай, калі ёсць, або непасрэдна ў цэнтральны офіс электронным спосабам. Таксама сябры арганізацыі штогод сплочваюць унёскі, памер якіх залежыць ад сацыяльнага статусу.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024