19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Гродна. Ён наведаў малочна-таварны комплекс “Абухава” СВК імя Сянько і завод “Молочный мир”. Таксама верталёт Лукашэнкі прызямляўся каля Універсітэцкай клінікі. Hrodna.life сабраў, пра што Лукашэнка гаварыў з гродзенцамі, і ўспомніў, што ён заяўляў і абяцаў паўгода таму, у час мінулага візіту ў разгар паслявыбарчых пратэстаў.
Паабяцаў, што іншыя прэзідэнты будуць. “Жывем, як можам, і не горш за іншых. Таму трымайцеся сваёй зямлі. Будуць у вас іншыя прэзідэнты. Я вам гарантую. Тады вы, параўнаўшы ўсё, зразумееце. А цяпер проста набярыцеся цярпення”, – сказаў Лукашэнка, размаўляючы з работнікамі “Молочного мира” 19 сакавіка.
Караеў і Каранік – як кандыдаты ў прэзідэнты. “Транзіт улады адзін. Выбары, народ выбраў. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі. Вось у мяне два чалавекі – яны могуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах [пра Уладзіміра Караніка і Юрыя Караева. – Заўв. Hrodna.life]. Будуць моцнымі кандыдатамі: адзін генерал, другі – губернатар. Маладыя, новае пакаленне, якія ведаюць цану гэтай краіне. Ёсць у нас годныя людзі, якія ведаюць краіну. Яны будуць канкураваць”, – перакананы Лукашэнка.
“Усе не будзем побач”. “Ёсць такія, якім шмат чаго не падабаецца. Трэба пацярпець”, – сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што “ўсе мы не будзем побач”. “Пераважная большасць хочуць жыць мірна і спакойна. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што людзі баяцца страціць стабільнасць і парадак у краіне. І нам гэтага дапусціць нельга”. Разам з тым, Лукашэнка лічыць, што трэба быць бліжэй адзін да аднаго. “Свет ашалеў, і людзі ў гэтым свеце страцілі арыентацыю. А ў гэты момант не трэба кідацца ў розныя бакі. Таму я і абвясціў гэты год Годам народнага адзінства”.

Прад’явім свету. “Вось мы збіраем матэрыялы, і мы цяпер ўсяму свету прад’явім. І тым, хто нас сёння дэмакратыі павучае, мы ім пакажам, дзе быў генацыд і што такое генацыд беларускага народа”, – сказаў Лукашэнку. Ён згадаў нараду ў Менску, дзе абмяркоўвалася тэма процідзеяння гераізацыі нацызму і пытанне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай айчыннай вайны. “Гэта быў самы сапраўдны страшны генацыд. І беларусаў, і рускіх, і яўрэяў, украінцаў”. Паводле яго слоў, трэба больш гаварыць моладзі, што перажыў народ.
З кім будзе гандляваць Беларусь
Будзем гандляваць з Кітаем, Індыяй і – Еўропай, “нягледзячы на палітыку”. “Велізарны рынак [Кітай. – Заўв. Hrodna.life], туды імкнуцца ўсе, – сказаў Лукашэнка. – Я не скажу, што ён заўсёды для нас прэміяльны. Але трэба, каб мы прысутнічалі на многіх рынках. Таму мы прарваліся туды і разгортваемся там”. Перспектыўным рынкам для харчовых тавараў Лукашэнка таксама лічыць Пакістан і Індыю. “Мы з індусамі з савецкіх часоў у вельмі добрых адносінах. Але мы гандлюем з імі недастаткова, а рынак каласальны”. Успомніў ён і пра Еўразвяз. “Добра, што вы маеце адносіны з Еўрасаюзам і хоць трошкі туды пастаўляеце гэтай прадукцыі. Калі ўжо сцяжынка протоптана, па ёй можна будзе прайсці ў любы час, нягледзячы ні на якія ўзрушэнні ў нашых адносінах. Палітыка палітыкай часам, а бізнэс бачыць свае шляхі і дарогі”.
Пра “бойку вакцын”
Насцярожвае “бойка вакцын”. “Некалькі трыльёнаў – рынак па вакцынах. І ўсе хочуць гэты кавалак адхапіць”, – сказаў Лукашэнка і назваў гэта “бойкай вакцын”. Ён нагадаў, што ў Беларусі хутка пачнуць вытворчасць расійскай вакцыны, а да канца 2021 года чакаюць атрымання беларускай. Таксама яго насцярожвае, што “як быццам спецыяльна падаграваюць тэму пандэміі: рэгулярна паведамляецца аб з’яўленні ўсё новых штамаў каранавіруса”, піша БелТА. “Не хвалюйцеся, асабліва пра дзетак. У нас хапае месцаў, і ў Гродзенскай вобласці ў тым ліку. Трэба правакцынаваць – не хвалюйцеся, усіх правакцынуем, хто захоча. Усім уколем”,- сказаў ён. “Мы дазакупілі абсталяванне і будзем рабіць”.
Трэба павялічваць пагалоўя жывёлы ў вобласці. “Гродзенская вобласць можа і павінна прыбаўляць. У вас не толькі па інтэнсіўнасці (надоі, якасць малака), але і па колькасці трэба расці”, – сказаў Лукашэнка ў малочна-таварным комплексе “Абухава” СВК імя І. П. Сянько. “Каб было малако, патрэбныя тры “К” – кадры, кармы, каровы”, – зазначыў Уладзімір Каранік, былі міністр аховы здароўя, анколаг, цяпер – кіраўнік Гродзенскай вобласці.
Зноў перакрывалі горад
На “Молочном мире” Аляксандру Лукашэнку паказалі новы сыр гатунку пармезан пад брэндам “Прэзідэнцкі”.
На час перамяшчэння картэжа па горадзе традыцыйна перакрывалі вуліцы. Раніцай у горад не пускалі грузавікі і правяралі мікрааўтобусы. Перакрывалі праезд на праспект Касманаўтаў з боку “Азоту”, скрыжаванне Дзяржынскага і вуліцы Белыя Росы, праезды каля Triniti. Быў зачынены праезд для аўтамабіляў у бок Універсітэцкай клінікі, машыны разгортвалі на кальцы Фартоў, паведамляў “Автогродно”. Сам Лукашэнка перамяшчаўся на верталёце.
Верталёт Лукашэнка прызямліўся ў Пышках, каля медыцынскага коледжа і Універсітэцкай клінікі (былая абласная бальніца). У бальніцы забаранялі глядзець у вокны, паведамлялі чытачы “Автогродно”.
Пра што казаў Лукашэнка ў мінулы візіт?
У мінулы раз Аляксандр Лукашэнка прылятаў у Гродна 22 жніўня, у разгар пратэстаў пасля выбараў 9 жніўня. Ён наведаў палігон у Гожы, пункт пастаяннай дыслакацыі механізаванай брыгады на Фолюшы, выступіў на мітынгу у сваю падтрымку на плошчы Леніна. Падчас візіту і на мітынгу ён казаў аб знешняй пагрозе, пратэстах, а таксама прадставіў новага кіраўніка вобласці – Уладзіміра Караніка.

Знешняя пагроза. Лукашэнка адзначаў, што “ўсё ідзе па плане каляровых рэвалюцый з узбуджэннем ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне”, але ўлада “супраціўляецца і кантралюе сітуацыю”, таму “падлучаны знешні фактар”. “На заходняй мяжы неспакойна — бразгаюць зброяй, пагражаюць”, – удакладняў Лукашэнка. “Завадатары [пратэстаў. – Заўв. Hrodna.life] — не гродзенцы, не беларусы. Яны сядзяць там пад Варшавай, пад Вільняй”. Ён даў даручэнне міністру абароны і камандзіру Заходнім аператыўным камандаваннем прыкласці ўсе намаганні, каб «абараніць перш за ўсё заходнюю жамчужыну Беларусі з цэнтрам у Гродне». «З прыняццем самых жорсткіх мер па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны», — падкрэсліў ён тады.
У канцы жніўня Лукашэнка казаў аб пачатку “дыпламатычнай бойні” і аб тым, што Польшча “спіць і бачыць”, як да яе адыдзе Гродзенская вобласць. Да гэтага, 19 жніўня, ён заяўляў, што ў Гродне вывешваюць польскія сцягі.
Чытайце таксама: Дыпламатычны скандал: МЗС Беларусі прапанавала польскаму консулу ў Гродне пакінуць краіну
Каранік – новы кіраўнік вобласці. На мітынгу Лукашэнка прадставіў Уладзіміра Караніка як новага старшыню Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Лукашэнка адзначыў, што для яго гэта вялікая страта: Каранік быў “геройскім чалавекам у часы каранавіруса” і “першым генералам, які выконваў указанні [Лукашэнкі. – Заўв. Hrodna.life]”. «Вы першы губернатар, якога прадставілі проста на плошчы. З вас многае належыць! Вы павінны дапамагчы Гродзенскай вобласці!», — сказаў Лукашэнка на мітынгу.
Чытайце таксама:
- “Больше всего на свете боюсь за детей и семью”. Большое интервью Владимира Караника в цитатах
- «Давайте два года на Конституцию, а потом всё будет хорошо». О чем говорил Владимир Караник в Гродненском драмтеатре после остановки спектакля
Выявіць завадатараў не натоўпамі, а па адным. На мітынгу 22 жніўня Лукашэнка даручыў КДБ у Гродне на працягу суботы і нядзелі “забяспечыць парадак на вуліцах” Гродна і вобласці. “Як бы каму не падабалася, трэба выявіць акуратна — не натоўпамі — акуратна выявіць ўсіх завадатараў і правакатараў”, – сказаў ён тады. Таксама ён заявіў, што «ёсць усе спісы» гэтых людзей.
Папярэдзіў святароў. На плошчы Лукашэнка заявіў, што святары павінны «не ісці на повадзе ў адшчапенцаў» і займацца не палітыкай, а рэлігіяй. «Вам будзе сорамна і ганебна за пазіцыю, якую вы займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе», — сказаў Лукашэнка.
Чытайце таксама: Лукашэнка: Кандрусевіч у спісе неўязных, агульным для Беларусі і Расіі, а касцёл мы абараняем
Заклікаў прабачыць сілавікоў. «60% – паказвалі сінякі — 60% – пастановачныя кадры», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на праўладным мітынгу 22 жніўня ў Гродне пра збітых АМАПам. Ён заклікаў дараваць дзеянні супрацоўнікаў. «Гэта вашы людзі, нават калі яны недзе памыліліся — прабачце іх!».
Чытайце таксама: Вадзім Сіняўскі стаў новым кіраўніком МНС Беларусі. Ён кіраваў міліцыяй Гродна, разганяў пратэсты і прабачаўся за гвалт


