Гжэгаж Крыцкі з Дэмбіцэ прабег свой першы марафон у 2016 годзе, калі меў 45 гадоў. Летась ён паставіў мэту — прабягаць марафонскую дыстанцыю штомесяц. Марафон з Гродна ў Друскенікі для яго 12-ы ў асабістым марафонскім годзе. Для Hrodna.life ён распавёў, дзеля чаго хочацца бегаць надалей.


Марафон Сяброўства стартаваў з Гродна ў Друскенікі


«На адным з марафонаў пабачыў спартсменку ў цішотцы з надпісам „12 месяцаў - 12 марафонаў“. Падумаў - хіба вар’ятка. Але ў галаве гэта засталося і не давала пакою. Нібы штурхала і мне паспрабаваць прабегчы 12 марафонаў за год», — расказвае Гжэгаж.

12 месяцаў – 12 марафонаў. Гжэгаж Крыцкі закрывае год бегу Марафонам Сяброўства з Гродна ў Друскенікі  

Летась ён пачаў свой марафонскі год у жніўні з Гданьскага марафона. У верасні прабег марафон у Вроцлаве, кастрычнік адзначыў Познаньскім марафонам і асабістым рэкордам па часе — 3 гадзіны 27 мінут. У лістападзе прабег марафон на Кіпры, у снежні - у Іспаніі, у студзені - у Марока. Марафонам лютага стаў «Бег закаханых» у Італіі, сакавіцкі прабег адбыўся ў Токіа. Красавіцкім марафонам Гжэгажа стаў Кракаўскі забег, у маі адбыўся забег у Капенгагене, у чэрвені - ў польскім Красніку. Фінішны, дванаццаты марафон ён вырашыў прабегчы ў Гродне, бо раней ніколі не быў у Беларусі.

«Бегаючы па цэлым свеце, пазнаю усё больш бегуноў. Часам яны яшчэ большыя вар’яты, чым я. Некаторыя прабягаюць марафонскую дыстанцыю штотыдзень. Для мяне мэта — дабегчы да фінішу. Наступны мой праект - наведаць 6 найбуйнейшых марафонаў свету — Берлін, Лондан, Токіо, Чыкаго, Ню-Ёрк і Бостан. У Берліне быў ўжо 2 разы, у Токіо таксама бегаў, сёлета ў кастрычніку паеду ў Чыкаго. Калі ўдасцца дасягнуць гэтай мэты, то хацеў бы прабегчы марафон на кожным кантыненце»

Гжэгаж Крыцкі - спартсмен-аматар. Ён працуе ў «Водоцёнгах Дэмбіцкіх» [аналаг нашых прадпрыемстваў «Водаканал» — рэд. ], дзе кіруе аддзелам продажаў. Таму сумяшчае бег з працай. «Учора я прыехаў у Гродна. Сёння буду фінішаваць у Друскеніках. Потым адразу еду ў Аўгустоў каб уночы вярнуцца дадаму. А раніцай пайду на працу. Але даю рады».

12 месяцаў – 12 марафонаў. Гжэгаж Крыцкі закрывае год бегу Марафонам Сяброўства з Гродна ў Друскенікі  

У сям'і Гжэгажа двое дзяцей. Дарослы сын прабег свой першы марафон у Вроцлаве, разам з бацькам. Дачка нядаўна скончыла сярэднюю школу. Яна захапляецца валейболам і гуляе ў адной з моладзевых камандаў. Жонка заўзее за сваіх спартоўцаў і часта суправаджае іх на спаборніцтвах.

Па словах Гжэгажа, ён бегае не дзеля ўзнагародаў, а на ўласнае задавальненне.

«Калі прабег першы марафон, то плакаў ад шчасця. Не мог паверыць, што ў мяне гэта атрымалася. Напэўна, пераадолеўшы 42 кіламетры упершыню, кожны адчувае падобнае. Марафон не пакідае шансаў для самападману. Гэта зусім не тое, што прабегчы 5, 10 ці нават 20 кіламетраў. На марафоне непазбежна наступае момант, калі адчуваеш, нібы ўпёрся ў сцяну. Тады пачынаецца барацьба з самім сабой і гэта самы цікавы момант. Ты мусіш пераадолець уласную слабасць. І гэта найкаштоўнейшая перамога».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]