Тэатр «Бочонок» — гэта 500 акцёраў, 16 спектакляў, 10 гадоў працы і 1 нязменны рэжысёр. Да юбілею, што адбудзецца 1 красавіка, яны пазнаёмяць гродзенцаў з «Апошняй жанчынай сеньёра Хуана».
«Я дагэтуль вучуся акцёрскай прафесіі», — кажа Сяргей Бачкоў, хаця мае за плячамі акцёрскі дыплом з маскоўскай «Шчукі» і рэжысёрскі з Беларускай тэатральнай акадэміі. Сваю першую ролю ён атрымаў ва ўзросце каля 10 гадоў. Апошнія 10 — кіруе народным тэатрам «Бочонок» у Гродне. Пра свой шлях да тэатра і 10-гадовы шлях тэатра рэжысёр распавёў Hrodna.life.
У дзяцінстве Сяргей больш цікавіўся музыкай — «біў у гітару». Малыя музыкі Віцебска часта бавілі час у мясцовым доме культуры і марылі патрапіць на вочы ўдзельнікам тамтэйшага ВІА — вакальна інструментальнага ансамбля. Але раней за музыкаў Бачкова заўважыў рэжысёр народнага тэатра і запрасіў «сыграць рольку». Потым яшчэ адну і яшчэ. «Ад трэцяй ролі я і сам кайф адчуў. Стаў прасіцца іграць».
Пасля вучобы малады акцёр і рэжысёр «матаўся, па розных тэатрах служыў, шукаў сябе.». Аднаго разу наведаўся да сяброў у Гродна і «ў той самы вечар зразумеў, што тут маё месца. На другі дзень ужо падпісаў дамову і стаў артыстам Гродзенскай драмы, 19 гадоў тут адслужыў».
Яшчэ адзін гродзенскі сюрпрыз для Бачкова — прапанова стварыць «свой», народны тэатр. «Спачатку падумаў - не пацягну. Як справіцца? Адзін у полі не воін». Але калі прапанову паўтарылі праз год — прыгадаў класіка і задумаўся сур’ёзна. «Як там у Булгакава? „Нічога не трэба прасіць. Самі прапануюць і самі ўсё дадуць“. Вось і тут прапануюць, то чаму б не паспрабаваць. Тыл у мяне быў. Калі б не атрымалася — заўжды было б куды вярнуцца. І я рызыкнуў».Першым спектаклем народнага тэатра з Гродна была п’еса на тры чалавекі «Другая смерць Жаны Дарк». «Гэта камедыя, якую я паставіў як трагедыю», — прызнаецца рэжысёр і тлумачыць: «Паставіць можна нават тэлефонны даведнік. П’еса — толькі нагода для спектакля. Астатняе — твая фантазія. Прачытаў, зачапіла — то развівай, раскручвай».
Рэпетыцыя юбілейнай пастаноўкі «Апошняя жанчына сеньёра Хуана».
За наступныя 10 гадоў працы Бачкоў вывеў для сябе ідэальную формулу народнага тэатра. Гэта 13−15 чалавек. Якраз столькі трэба, каб паставіць «Гора ад розуму». «Грыбаедаў так выпісаў усе характары і акцёрскія амплуа, што калі ў цябе ёсць трупа на гэту п’есу, то больш людзей і не трэба».
Смелае рашэнне сябе апраўдала, лічыць Бачкоў. Тэатр склаўся, адбыўся і стаў адметнасцю культурнага жыцця горада. «У якім яшчэ народным тэатры за 10 гадоў паставілі 16 спектакляў? Такіх больш няма», — сцвярджае рэжысёр. Таямніца поспеху калектыву, на яго думку, у прафесійных педагогах і адданых артыстах. «Тут выкладаюць прафесіяналы. Сцэнічную мову вядзе Любоў Аляксандраўна Гардзейка. Яна многіх акцёраў у Гродне навучыла гаварыць. Сцэнічны рух выкладае Валянцін Аляксеевіч Шчарбін. Выдатны харэограф і пастаноўшчык. Мне з імі лёгка працаваць, мы на адной хвалі».
Акцёраў у тэатры зараз 18. Частка сыдзе пасля сезону, а ў красавіку пройдзе новы кастынг і з’явяцца новыя выканаўцы.
«Ведаю, колькі народу хоча быць артыстамі. Але як прыдуць, носік у ролю акунуць, зразумеюць, колькі працаваць трэба, то і сыходзяць». Таму амаль кожны год у тэатр прыходзіць каля паўсотні навічкоў, а застаецца некалькі чалавек.
Але новыя акцёры заўжды цікавяць рэжысёра. Хочаца «пакапацца», паглядзець, што ў каго атрымаецца. «Адсюль вышлі добрыя артысты, якіх «Бочонок» выхаваў. Андруша Бічэль спачатку крок ступіць па сцэне не мог. А ў вачах такое жаданне было! Пытаўся, можна я проста так буду прыходзіць? І ён рос кожны дзень. Урэшце бачу — трэба браць. І потым на яго глядач пайшоў.
Ці Саша Лапко. Прыйшоў 17-гадовым. Кажу, такіх не бяром, толькі ад 18 і хоць да 100. А ён прасіўся, мама за яго прасіла. Узяў. Так на яго не хадзілі - бегалі! Сапраўдны фан-клуб вакол сабраўся.
Многія былыя да гэтага часу звоняць і пішуць. А некаторыя так і засталіся. Па 8 — 10 гадоў тут іграюць. Гэтым я шчаслівы".
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…