У ноч з 2 на 3 верасня 28-гадовы гродзенец хацеў адправіць у Літву падакцызныя тавары і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. Яго знайшлі памежнікі — у момант затрымання гродзенец ударыў супрацоўніка.
Як піша «АвтоГродно», у ноч з 2 на 3 верасня паблізу мяжы дзейнічала трое мужчын. Побач з імі стаяла аўто з аэрастатычным шарам і 20 балонамі з газам. Ваеннаслужачыя Гродзенскай пагранічнай групы затрымлівалі мужчын па аператыўнай інфармацыі.
Падчас затрымання адзін з удзельнікаў, 28-гадовы гродзенец, ударыў памежніка па левым плячы, а пасля – перакінуў праз сябе. Гродзенец уцёк, але ў выніку яго асобу ўсё роўна ўстанавілі.
Справу разгледзеў суд Гродзенскага раёна. Мужчына прызнаў віну і атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд спагнаў з гродзенца кампенсацыю маральнай шкоды на карысць збітага памежніка, сума склала 1500 руб.
Гродзенца таксама пазбавілі спецыяльнага звання “лейтэнант міліцыі запасу”.
Чытайце таксама: Каля мяжы з Літвой затрымалі беларуса з дронам — “данеслі” мясцовыя жыхары



