Каля вёскі Баяры ў Мастоўскім раёне аднавілі каменны свіран 1907 года — цяпер яго будуць здаваць для адпачынку. Прадпрымальнік з Нясвіжа Павел Брэдзіхін купіў яго разам з разбураным млыном за $8 тысяч. Работы занялі паўтара года і абышліся ўдвая даражэй за запланаванае, расказаў ён Smartpress.

35-гадовы Павел паводле адукацыі інжынер-цеплатэхнік. Раней займаўся грузаперавозкамі і картынгам, але выгараў і вырашыў ажыццявіць даўнюю мару — аднавіць стары будынак.

Прыдатны аб’ект ён шукаў тры гады. У снежні 2024-га ўбачыў аб’яву пра продаж свірна за 170 кіламетраў ад Нясвіжа. Свіран і суседні млын некалі належалі шляхецкай сям’і Незабытоўскіх.

Выдаткаваў назапашванні, але захаваў старыя дэталі

За аднаўленне Павел узяўся разам з бацькам, прафесійным будаўніком. Дзеля праекта ён на паўтара года адышоў ад бізнесу. Паездкі на будоўлю і назад складалі каля 340 кіламетраў за дзень.

Дакладную суму ўкладанняў гаспадар не называе, але, паводле яго слоў, на работы пайшлі ўсе яго назапашванні, а за выніковую суму можна было пабудаваць тры каркасныя дамы. Толькі ўласная трансфарматарная падстанцыя абышлася ў $10 тысяч.

У будынку захавалі драўляныя бэлькі і лесвіцу, а ацалелыя дошкі падлогі выкарысталі для столі. Стогадовыя дзверы знайшлі ў Гродне, буфет прывезлі з Бельгіі, чайны столік — з Бабруйска.

Пад Мастамі мужчына ператварыў стары свіран у гасцявы дом. На аднаўленне пайшлі ўсе назапашванні
Павел Брэдзіхін. Фота: smartpress.by

Амаль усё зрабілі ўдваіх з бацькам

Пра ход рэканструкцыі Павел падрабязней расказваў Onlíner. Работы пачалі ў лютым 2025 года: ачысцілі сцены ад зямлі і смецця, аднавілі пашкоджаную муроўку і замянілі дах.

Для асвятлення другога паверха ў даху зрабілі слыхавыя вокны. На першым усталявалі шкляныя дзверы, праёмы для якіх павялічылі за кошт паніжэння ўзроўню падлогі.

Паводле Паўла, староннія спецыялісты спатрэбіліся толькі для залівання чыставой сцяжкі. Астатняе яны зрабілі з бацькам. Асабліва шмат часу заняла ачыстка і падрыхтоўка старога дрэва.

Мэблю і прадметы інтэр’ера гаспадар шукаў па аб’явах на працягу паўтара года. Амаль усё куплена з рук, многія рэчы давялося рамантаваць або дапрацоўваць. Адзінага стылю Павел не прытрымліваўся — арыентаваўся на ўласны густ і ідэі з Pinterest.

Пад Мастамі мужчына ператварыў стары свіран у гасцявы дом. На аднаўленне пайшлі ўсе назапашванні
Унутры былога свірна. Фота: smartpress.by

Суткі будуць каштаваць 400–450 рублёў

Цяпер свіран ужо гатовы прымаць гасцей. Кошт пражывання складзе 400–450 рублёў за суткі.

Павел хоча, каб сюды прыязджалі дзеля цішыні, зносін і старадаўняй абстаноўкі. Тэлевізара ў доме няма, але плануецца праектар. Лазню і джакузі гаспадар дадаваць не збіраецца.

Выручку ад арэнды ён хоча накіроўваць на рэканструкцыю суседняга млына. Яго ўжо пачалі аднаўляць, аднак тэмпы работ будуць залежаць ад таго, наколькі паспяхова запрацуе гасцявы дом.