У сацсетках паспрачаліся пра тое, ці можна прыходзіць у храмы з хатнімі жывёламі. Нагодай стала відэа гродзенкі, якую ахоўнік не пусціў у Фарны касцёл з сабакам на руках. Адны карыстальнікі палічылі забарону неабгрунтаванай, іншыя падтрымалі супрацоўніка. «Гродзенская праўда» спытала, што пра гэта думаюць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.

У праваслаўныя храмы з жывёламі заходзіць нельга

Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы іерэй Ігар Данільчык расказаў, што ў праваслаўны храм з жывёламі ўваходзіць нельга.

— Храм — гэта не проста грамадскае месца, а сакральная прастора, дзе адбываюцца богаслужэнні і гучыць малітва, — адзначыў Ігар Данільчык.

Таму наведвальнікам варта выконваць устаноўленыя там правілы. Акрамя забароны на знаходжанне ўнутры жывёл, святар нагадаў пра патрабаванні да адзення і паводзін наведвальнікаў.

Мужчынам рэкамендуюць здымаць галаўныя ўборы, жанчынам — пакрываць галаву і выбіраць адзенне, якое закрывае плечы і калені. У храме таксама варта захоўваць цішыню. Паводле Данільчыка, туды нельга прыносіць прадукты харчавання.

У касцёл жывёл таксама браць не прынята

Пробашч Фарнага касцёла ў Гродне ксёндз Ян Кучынскі таксама расказаў, што прыходзіць у касцёл з хатнімі жывёламі не прынята.

«Самае галоўнае — быць засяроджаным на малітве, не проста пабыць у будынку, а перажыць сустрэчу з Богам. Менавіта таму браць з сабой хатніх жывёл у нас не прынята», — патлумачыў ён.