З пачатку 2026 года больш за 2000 кіроўцаў у Гродне і Гродзенскім раёне пакаралі за няправільную паркоўку. Парушальнікаў знаходзяць з дапамогай гарадскіх камер, а аўтамабілі, якія перашкаджаюць руху, вывозяць на эвакуатарах.
Пра гэта начальнік міжраённага аддзела ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Мікалай Яфрэмаў расказаў «Гродзенскай праўдзе».
У ДАІ не ўдакладнілі, колькі кіроўцаў атрымалі штрафы, а колькі — папярэджанні.
Дзе падчас рэйду знайшлі парушальнікаў
Падчас аднаго з рэйдаў супрацоўнікі ДАІ выявілі два аўтамабілі, прыпаркаваныя з парушэннямі каля офіснага будынка на вуліцы Багдановіча. Адзін з іх стаяў на тратуары і перашкаджаў пешаходам. Уладальнікаў машын знайшлі, вынеслі ім афіцыйныя папярэджанні і запатрабавалі пераставіць аўтамабілі.
Яшчэ чатыры парушэнні правілаў спынення і стаянкі зафіксавалі на адной з парковак на вуліцы Вялікай Траецкай. Сярод парушальнікаў аказаўся і кіроўца мапеда. Усе яны таксама атрымалі папярэджанні.
На вуліцы Замкавай, на спуску да набярэжнай каля Новага замка, адну з машын давялося эвакуіраваць. Звязацца з яе ўладальнікам супрацоўнікі ДАІ не змаглі, таму транспарт адправілі на штрафстаянку. Уладальніку давядзецца заплаціць штраф і аплаціць паслугі эвакуатара.
У ДАІ нагадалі, што пакінутыя на тратуарах аўтамабілі перашкаджаюць пешаходам, у тым ліку людзям з інваліднасцю, бацькам з дзіцячымі вазкамі і пажылым людзям.
Гродзенцы скардзіліся на недахоп парковачных месцаў
Час ад часу гродзенцы абмяркоўваюць праблему з паркоўкамі ў горадзе. Напрыклад, у 2024 годзе ў ДАІ называлі найбольш праблемнымі месцамі цэнтр горада, тэрыторыю каля Скідзельскага рынку, вуліцы Горкага, Курчатава і Вялікую Траецкую, а таксама плошчу Тызенгаўза. Пры гэтым платная паркоўка ў цэнтры, разлічаная прыкладна на 100 аўтамабіляў, была запоўненая толькі на 20%: кіроўцы аддавалі перавагу пошуку бясплатных месцаў.
На недахоп парковачных месцаў скардзіліся і жыхары спальных раёнаў. Асабліва складана пакінуць аўтамабіль каля дома ўвечары. У выніку машыны паркуюць на тратуарах і праездах, дзе яны перашкаджаюць пешаходам і могуць перакрываць дарогу спецтранспарту. Самі кіроўцы сярод прычын праблемы называлі шчыльную старую забудову, недастатковую колькасць парковак і нежаданне аўтаўладальнікаў ісці ад машыны да дома 10–20 хвілін.


