Анджэй Пачобут перасёк польска-беларускую мяжу 8 верасня перад поўднем і накіраваўся ў Гродна. Там ён плануе сустрэцца з сям’ёй і паплечнікамі з Саюза палякаў Беларусі. Паездка павінна працягнуцца тыдзень, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Анджэй Пачобут перасёк мяжу ў пункце пропуска Баброўнікі-Бераставіца. Анджэй ехаў у Беларусь не адзін, з ім была дачка Яна.
“Я баюся. Але ў жыцці не варта кіравацца страхам”
Перад перасячэннем мяжы Анджэй у размове з Gazeta Wyborcza прызнаў, што апынуўся ў сітуацыі, у якой кожны б баяўся вяртання.
— І я баюся. Але ў жыцці не варта кіравацца страхам, — сказаў ён.
Былы палітвязень пры гэтым згадаў справу Аляксея Навальнага і падкрэсліў, што беларускія спецслужбы цалкам кантралявалі яго жыццё цягам пяці гадоў і нічога яму не зрабілі.
— А маглі зрабіць што заўгодна. У турме, у калоніі чалавек цалкам залежыць ад улады. Менавіта яна вырашае пытанні жыцця і смерці, — падкрэсліў Пачобут.
Ён лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі зноў адпраўляць яго ў турму было б для ўладаў у Мінску «вельмі нявыгадна, паколькі робяцца спробы размарозіць адносіны з Захадам».
Спачатку ў Вялікую Бераставіцу, а потым у Гродна
Сям’я Анджэя Пачобута родам з Вялікай Бераставіцы. Таму ён вырашыў па дарозе ў Гродна, дзе зараз жыве, наведаць гэта мястэчка
— Паеду паглядзець на наш былы дом. Наведаю могілкі. Я вельмі хацеў гэта зрабіць. Толькі цяпер у мяне з’явіцца такая магчымасць. А потым паедзем у Гродна. Да жонкі, да бацькоў, — сказаў ён у інтэрв’ю для Gazeta Wyborcza.
Пасля Беларусі накіруецца ў Амерыку
Праз тыдзень Пачобут плануе вярнуцца з Беларусі ў Польшчу, а адтуль паехаць у ЗША і Канаду, дзе сустрэнецца з палітыкамі і дзеячамі польскай дыяспары. Пасля вяртання ў Польшчу ён хоча засяродзіцца на завяршэнні кнігі, у якой апісвае сваё знаходжанне ў калоніі.
Вярнуўся, каб дапамагчы Саюзу палякаў
Анджэй Пачобут быў палітвязнем у Беларусі цягам пяці гадоў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года і асудзілі за быццам бы распальванне міжнацыянальнай варожасці. Пачобута вызвалілі і вывезлі ў Польшчу 28 красавіка 2026 года.
З моманту вызвалення ён неаднаразова падкрэсліваў, што вернецца ў Беларусь. Пагадзіўся на вызваленне з умовай выезду з Беларусі ён толькі калі яго запэўнілі, што ён зможа вярнуцца. Пачобут верыць, што яго прысутнасць дапаможа працы Саюза палякаў Беларусі.
Чарговы з’езд Саюза палякаў Беларусі, які не прызнаецца лукашэнкаўскімі ўладамі ў Мінску, быў запланаваны на 13 верасня 2026 года. Аднак на пасяджэнні ў Беластоку 6 верасня Рада Саюза палякаў вырашыла перанесці з’езд на вясну 2027 года. Старшыня Саюза Анжаліка Борыс паведамляла, што робяцца спробы легалізаваць дзейнасць арганізацыі, якую рэжым Лукашэнкі не прызнае ўжо больш за 20 гадоў.



