Падатковая праверыла тры кавярні аднаго ўладальніка ў Гродне і выявіла 440 тыс. руб. неўлічанай выручкі. Паводле звестак інспекцыі, наяўныя грошы прымалі без выкарыстання касавага апарата, а наведвальнікам не выдавалі чэкі. Цяпер уладальніку давядзецца даплаціць падаткі і пені.
Падатковую зацікавіла малая доля разлікаў наяўнымі
Спачатку падатковая Гродзенскай вобласці праверыла адну з кавярняў Гродна. Увагу інспектараў прыцягнула анамальна нізкая, на іх думку, доля разлікаў наяўнымі — менш за 10% ад агульнай выручкі.
Пры гэтым падатковай было вядома, што арганізацыі, якая валодала ўстановай, належаць яшчэ дзве кавярні.
Падчас праверкі высветлілася, што ва ўсіх трох установах выкарыстоўвалі аднолькавую схему.
Як сцвярджае падатковая, супрацоўнікі прымалі ад наведвальнікаў наяўныя грошы, але не праводзілі аплату праз касавы апарат і не выдавалі чэкі. Атрыманыя такім чынам грошы не траплялі ў афіцыйны ўлік.
За два гады агульная сума схаванай выручкі наяўнымі перавысіла 440 тыс. руб.
Штраф — 1,6 тысячы рублёў, але будуць і іншыя выплаты
Вінаватых ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Агульная сума штрафаў склала 1,6 тыс. руб.
Таксама арганізацыі давядзецца заплаціць падаткі з выяўленай схаванай выручкі і пені за пратэрміноўку. Памер дадатковых выплат цяпер разлічвае інспекцыя па месцы пастаноўкі кампаніі на ўлік.
Назву арганізацыі і кавярняў, якія ёй належалі, падатковая не паведаміла.
Карыстальнікі засумняваліся
Паведамленне падатковай апублікавала у Threads кампанія — падатковы кансультант «Эккаунтынг Сервіс» у якасці аднаго з кейсаў. У каментарыях карыстальнікі засумняваліся, што доля разлікаў наяўнымі менш за 10% сама па сабе выглядае падазрона: паводле іх назіранняў, большасць наведвальнікаў кавярняў даўно разлічваецца карткамі.
«На жаль ці на шчасце, людзі ўжо даўно перайшлі на безнаяўны разлік, але падатковая дагэтуль пра гэта не ведае. І мне яшчэ цікава, як яны падлічылі суму, якую нібыта не правялі праз касу?» — напісала адна з каментатарак.
Іншая карыстальніца, якая працуе з кліентамі, таксама расказала, што разлікі наяўнымі сталі рэдкасцю:
«А дзе браць наяўныя грошы ў касу, калі амаль усе разлічваюцца карткамі? Людзі так і кажуць: наяўных грошай увогуле не носім, не маем. Я і сама як кліентка ўсюды хаджу з карткай».
Сваім досведам падзялілася і карыстальніца, якая працавала ў кавярнях:
«Ні ў адным месцы, дзе я працавала, не было такога, каб людзі разлічваліся карткай і наяўнымі ў суадносінах 50 на 50. Максімум наяўныя складалі 20–30% ад выручкі па безнаяўным разліку».
Каментатары таксама звярнулі ўвагу на невялікую ў параўнанні з выяўленай выручкай суму штрафаў.
Аднак 1,6 тыс. руб. — гэта толькі адміністрацыйныя штрафы. Дадаткова арганізацыя павінна будзе заплаціць налічаныя падаткі і пені.



