Жыхарка Гродна звярнула ўвагу на сюжэт канала “Беларусь 4”, дзе маладая сям’я з дзецьмі прыехала з Германіі адпачыць у Беларусь. Асобную частку інтэрв’ю прысвяцілі дзіцячым пляцоўкам у Гродне – мясцовую жыхарку гэта абурыла.

У інтэрв’ю сям’я сцвярджае, што Беларусь цудоўна падыходзіць для адпачынку з дзецьмі. Героі сюжэту ў прыватнасці хваляць дзіцячыя пляцоўкі Гродна: іх прыемна здзівіла, што дзіцячыя зоны ёсць практычна ў кожным двары. Таксама хвалілі наяўнасць дзіцячых пакояў у ГЦ.

«У еўрапейскіх краінах мы, часам, не можам знайсці нармальную гульнявую пляцоўку. А колькі пляцовак у двары [Гродна – заўв. Hrodna.life] — гэта вялікая колькасць!» – заявілі муж і жонка.

Што не спадабалася гродзенцы?

Адна з карыстальніц Threads звярнула ўвагу, што ў сюжэце здымалі ледзь не адзіную дзіцячую пляцоўку, якая знаходзіцца ў цэнтры Гродна.

«Яна дарэчы лепшая з тых, якія ёсць у кіламетровым радыусе нашай кватэры, а мы з малымі, паверце, ведаем кожны метр у цэнтры», – адзначыла гараджанка.

Гродзенка таксама прапанавала журналістам “Беларусь 4” зняць агляд на дзіцячыя пляцоўкі ў горадзе. «А я магу выступіць экспертам – правяду і ўсё пакажу. Што скажаце? – дадала дзяўчына.

Гродзенцы: «У нашым двары толькі пясочніца без пяску і старая арэля»

Менш чым за суткі пост набраў больш за 100 каментароў. Удзельнікі абмеркавання паказалі прыклады пляцовак у еўрапейскіх краінах, іранізавалі над спосабам падачы інфармацыі ў сюжэце, а таксама адзначалі: у Гродне ёсць праблемы з дзіцячымі пляцоўкамі.

Асабліва востра праблема адчуваецца ў цэнтры Гродна, таму бацькам з дзецьмі даводзіцца ездзіць у іншыя раёны.

«Жывем у цэнтры, сапраўды гэтая «лепшая» пляцоўка з тых, што ў акружнасці… Дзіцяці 3 гады, каб пагуляць на добрых пляцоўках даводзіцца ездзіць на іншыя раёны. Вельмі шкада дзяцей, якія жывуць у цэнтры і гуляць ім няма дзе», – піша адна з жыхарак Гродна.

«У цэнтры Гродна ў старых дварах няма пляцоўкі для дзяцей, факт, жыву ў цэнтры ўсе свае 39 гадоў. У нашым двары ёсць толькі пясочніца без пяску і адна старая арэля. Двор вельмі вялікі. А жыхары цэнтра вельмі памаладзелі, ужо няма тых дзядкоў хто жыў раней і вярнулася моладзь з дзецьмі, факт!» – выказваецца іншая ўдзельніца абмеркавання.

«Гэта таксама наш боль, у раёне вуліцы Баторыя пагуляць нармальна з дзіцем няма дзе. Мы часам яшчэ ходзім у двор на Парыжскай Камуны гуляць на пляцоўку, але гэта не нармальна, што трэба ісці 500 м з дзіцем, каб знайсці дзіцячую пляцоўку. Тым больш побач на вуліцы Баторыя дзіцячы сад, дзяцей там ходзіць шмат і дзіцячая пляцоўка дакладна карысталася б попытам», – дадае трэцяя гараджанка.

Гараджане ўжо прасілі зрабіць пляцоўку ў цэнтры горада

У ліпені 2026 года Telegram-канал Urban Hrodna звяртаў увагу на пост карыстальніцы Threads — дзяўчына адзначала, што ў цэнтры Гродна ёсць два вялікія паркі, але ні ў адным з іх няма паўнавартаснай дзіцячай пляцоўкі. Аўтарка публікацыі дадавала: жывучы ў цэнтры, ёй з дачкой даводзіцца ездзіць у спальныя раёны ці на Юбілейнае возера.

З ідэяй уладкавання дзіцячай пляцоўкі гродзенка звярталася да галоўнага архітэктара горада. Той яе выслухаў, пагадзіўся з праблемай, але выказаў сумневы ў мэтазгоднасці будаўніцтва такой пляцоўкі ў цэнтры.

Улетку 2025 года Hrodna.life ттаксама рабіў агляд, дзе ў горадзе бракуе дзіцячых пляцовак. Гараджане пісалі, што пляцовак не хапае на Урублеўскага, а новая пляцоўка на Курчатава за год эксплуатацыі моцна знасілася.

Чытайце таксама: Гродзенка паскардзілася, што горад не прыстасаваны пад прагулкі з дзецьмі