У кнігу псіхолага і былой кіраўніцы Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічцы увайшлі гісторыі жонак палітвязняў, а таксама яе бачанне этапаў, праз якія праходзяць жанчыны. Пра сваю кнігу Вялічка распавяла ў Facebook.
Гродзенка піша, што часта жыццё жонак палітвязняў застаецца нябачным за гісторыямі мужоў.
«Мне хацелася паказаць іх не проста як тых, хто чакае і падтрымлівае, а як асобных людзей са сваімі страхамі, злосцю, адзінотай, стомленасцю і жыццём, якое працягваецца наноў», — адзначае аўтарка.
Асобна Вялічка падзякавала мужчынам-палітвязням, якія чыталі рукапіс і напісалі свае водгукі.
Па словах гродзенкі, кніга нараджалася доўга. Гісторыі жонак Вялічка пачала запісваць яшчэ ў 2022 годзе. Цяпер кніга гатовая — аўтарка спадзяецца, што прэзентацыя пройдзе ўжо сёлета.
Гісторыі жонак палітвязняў – другая кніга Вольгі Вялічкі. Першую — «Ад 2 да 15: Мая мама ў турме», аўтарка прысвяціла ўспамінам дзяцей аб рэпрэсіях у адносінах да іх бацькоў.
Пасля па першай кнізе Вялічка паставілі спектакль. У пастаноўцы “Мая маці ў турме” рэжысёрка Наталля Лявонава параўнала вопыт беларускіх дзяцей з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у савецкі час у жаночым лагеры “АЛЖИР”.
Вольга Вялічка – псіхолаг і былы кіраўнік Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Хоспіс ліквідавалі па рашэнні гродзенскіх уладаў. Сама Вялічка са снежня 2020 года жыве за мяжой, састаяла у дэлегатах Каардынацыйнай рады, адкуль яе выключылі ў траўні 2025 года.
У сакавіку 2024 у дачыненні Вялічкі Следчы камітэт пачаў спецвытворчасць – гродзенку абвінавачвалі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы паклёп у дачыненні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367), распальванне сацыяльнай ці іншай варожасці (ч. 1 арт. 130), а таксама садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4).
У жніўні 2024 года Гродзенскі абласны суд вынес завочны прысуд Вялічку – гродзенку прызналі вінаватай і прызначылі ёй дзевяць гадоў калоніі і штраф у памеры 12 тыс. руб.
Чытайце таксама: «Асабісты атлас Беластока». Гродзенскі фатограф выдаў у Польшчы кнігу пра жыццё ў эміграцыі



