Рэканструкцыя гродзенскага піўзавода «Бровар» скончана на 90% – на праезнай частцы рабочыя ўжо ўкладваюць гістарычны брук. Пасля здачы «Бровар» арандатарам прыступяць да другога этапу – будаўніцтва гасцініцы.

Будаўнічы праект гасцініцы на 120 нумароў ужо перадалі на Дзяржбудэкспертызу. Распачаць будаўніцтва плануюць у верасні. З «Броварам» гасцініцу звяжуць падземнай пераходнай галерэяй, якую цяпер манціруюць. Завяршыць работы на тэрыторыі новага будынка і выхаду да набярэжнай Нёмана плануюць да 2028 года.

Брук і дубовыя дзверы: як піўзаводу вяртаюць аўтэнтычнасць

Пры рэстаўрацыі “Бровара” пастараліся ўлічыць гістарычныя асаблівасці піўзавода. Каб захаваць аўтэнтычнае аблічча маставой, брук выкладваюць, арыентуючыся на тое, якім ён быў у ХIX стагоддзі. У гістарычных дзвярных праёмах усталёўваюць дубовыя дзверы.

На рэстаўрацыю “Бровара” пайшло $8 млн

На рэканструкцыю комплексу “Бровар” спатрэбілася пяць гадоў. Фінальны кошт работ ацэньваюць у $8 млн. У адрэстаўраваным піўзаводзе з’явіцца да 16 рэстаранаў, кафэ і магазінаў. У падвалах запрацуе піваварная – інвестар вядзе перамовы з піваварамі з некалькіх краін, каб адрадзіць знакаміты гродзенскі крафт, які варыў купец Юзаф Кунц.

Чытайце таксама: Паказалі, як змяніўся гродзенскі піўзавод за час рэканструкцыі