Belarus Monitoring Center BELPOL паведаміў пра магчымыя пастаўкі замежных камплектуючых для беларускай кампаніі «Планар», якая знаходзіцца пад санкцыямі. У матэрыялах арганізацыі фігуруе гродзенскае ТАА «Стройгеодор». Прадпрыемства займаецца вытворчасцю дахавых матэрыялаў, але, зыходзячы з апублікаваных даных, пастаўляла сканавальныя камеры і кабелі да іх.
У распараджэнні BELPOL, як сцвярджаецца, апынуўся дакумент, які пацвярджае здзелку паміж «Стройгеодорам» і «Планарам». Паводле яго, гродзенская фірма павінна была паставіць прадпрыемству абсталяванне і камплектуючыя на агульную суму 7320 еўра.
Што паставілі «Планару»
У дакуменце указана, што абсталяванне набываецца «для патрэб вытворчасці». Пакупніком выступае ААТ «Планар», а пастаўшчыком — ТАА «Стройгеодор».
У пераліку паказаны:
- дзве сканавальныя камеры MC050MG-SY-UB — па 2130 еўра за штуку;
- дзве сканавальныя камеры MQ013MG-ON-S7 — па 848 еўра за штуку;
- чатыры кабелі для падключэння камер CBL-U3-3M0 — па 36 еўра.
Агульная сума дамовы склала 7320 еўра.
На дакуменце стаяць подпісы і пячаткі «Планара» і «Стройгеодора».
Одна з указаных мадэляў — MQ013MG-ON-S7 — раней фігуравала ў расследаваннях BELPOL. Арганізацыя сцвярджае, што гаворка ідзе пра камеру машыннага зроку кампаніі XIMEA. Такія прылады выкарыстоўваюцца для прамысловага кантролю і аўтаматызацыі працэсаў.
Акрамя камер, у матэрыялах згадваюцца і высокадакладныя рэдуктары французскай Girard Transmissions (серыя DYNABOX, якую выпускаў брэнд, цяпер належыць холдынгу Nidec Drive Technology).
Камеры XIMEA робяць у Славакіі, на заводзе ў Зохары непадалёк ад Браціславы, хоць штаб-кватэра XIMEA GmbH размешчана ў нямецкім Мюнстэры. Так што ў афіцыйных дакументах краінай паходжання гэтых камер мусіць лічыцца менавіта Славакія.
Пры чым тут гродзенскі «Стройгеодор»
ТАА «Стройгеодор» зарэгістравана ў Гродне ў студзені 2013 года. Юрыдычны адрас кампаніі — вуліца Пучкова, 35А.
Гісторыю прадпрыемства сама фірма вядзе з 2003 года. Тады «Стройгеодор» займаўся продажам тратуарнай пліткі і клінкернай цэглы. Пазней асартымент пашырылі, а ў 2015 годзе кампанія атрымала сертыфікаты якасці і пачала ўдзельнічаць у профільных выставах.
Уласную вытворчасць дахавых матэрыялаў прадпрыемства стала актыўна развіваць пазней — у 2019 годзе.
Сёння «Стройгеодор» пазіцыянуе сябе як вытворца дахавых матэрыялаў. Кампанія выпускае металачарапіцу і іншыя камплектуючыя для даху. Для гэтага, паводле інфармацыі самога прадпрыемства, выкарыстоўваецца метал еўрапейскіх вытворцаў, у тым ліку сталь канцэрна ArcelorMittal.
«Стройгеодор» ужо свяціўся ў расследаваннях BELPOL
Назва гродзенскага прадпрыемства мелькае ў справаздачах BELPOL пра пастаўкі абсталявання ў абход санкцый не ўпершыню.
Раней расследчыкі высветлілі, што менавіта праз «Стройгеодор» Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» закупляла прамысловую тэхніку — у агульнай складанасці на 358,8 тыс. еўра. У той партыі, сярод іншага, апынуўся і прамысловы CO₂-лазер Luxinar OEM-45i X.
Чаму «Планар» знаходзіцца пад санкцыямі
ААТ «Планар» знаходзіцца пад санкцыямі некалькіх дзяржаў.
ЗША ўнеслі прадпрыемства ў свой SDN-спіс 5 снежня 2023 года. Пазней абмежаванні супраць «Планара» ўвялі Вялікабрытанія, Аўстралія, Канада, Еўрасаюз і Швейцарыя.
У сакавіку 2025 года Еўрасаюз увёў санкцыі таксама супраць генеральнага дырэктара «Планара» Сяргея Авакава. Пазней да гэтых абмежаванняў далучылася Швейцарыя.
16 сакавіка гэтага года BELPOL паведамляў, што ў выніку ўкраінскай атакі на прадпрыемства «Группа Кремний ЭЛ» у Бранску ракетамі Storm Shadow 10 сакавіка было знішчана абсталяванне «на мільёны долараў ЗША», пастаўленае «Планарам».
Арганізацыя ўдакладніла, што ў яе распараджэнні ёсць кантракты, паводле якіх «Планар» у 2022–2025 гадах паставіў расійскаму прадпрыемству «дзесяткі установак, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці мікрасхем».



