Альбом «Карова белая» — супольная праца Светы Бень і гродзенскага музыкі Яўгена Кучмейны (аўтара праекта tochka K) — выйшаў на стрымінгавых платформах 14 жніўня. У выданне ўвайшлі 14 песень розных гадоў.

Ідэя запісаць альбом з’явілася пасля сумеснага еўрапейскага тура музыкаў вясной 2025 года. Света і Яўген вырашылі запісаць песні, якія ўжо выконвалі разам на канцэртах. Паступова гэта перарасло ў паўнавартасны альбом.

Частка песень да гэтага доўга жыла толькі ў канцэртнай праграме і ніколі не выдавалася. Іншыя былі напісаныя нядаўна або ўжо падчас працы над запісам. Кучмейна зрабіў аранжыроўкі, выступіў музычным прадзюсарам, запісаў і звёў увесь альбом.

У ліпені Света Бень і Яўген Кучмейна ўжо выпусцілі адзін з трэкаў з будучага альбома — «Дух дышит».

Праца ішла ў яго мабільнай студыі «Нёман-9» у вёсцы Малыя Азяраны на Падляшшы, недалёка ад беларускай мяжы. Зімой 2026 года Кучмейна пераехаў у гэтую вёску.

У аснову візуальнага афармлення «Каровы белай» ляглі электраграфіі беларускага навукоўца і вынаходніка Якуба Наркевіча-Ёдкі, зробленыя больш за сто гадоў таму, адзначае reform.news. Музыкі прысвяцілі альбом у тым ліку яму. Наркевіч-Ёдка праводзіў свае эксперыменты ў маёнтку Наднёман — назва перагукаецца з назвай студыі Кучмейны «Нёман-9».

У запісе выкарыстоўвалі акустычныя і электрагітары, бас, сінтэзатары, гармонік, укулеле, жывую і электронную перкусію і духавыя інструменты. У асобных песнях удзельнічалі запрошаныя музыкі.

У канцы жніўня пачнецца тур у падтрымку «Каровы белай». Першы канцэрт пройдзе 28 жніўня ў Берліне. Пасля музыкі выступяць у Варшаве, Кракаве, Познані, Шчэціне і Гданьску.