Помнік Элізе Ажэшцы ў Гродне, які пацярпеў пасля моцнага ліўня, адрамантавалі. Камунальныя службы аднавілі пашкоджаны падмурак і прывялі да парадку тэрыторыю вакол помніка.
Што здарылася
Моцны дождж, які прайшоў у горадзе 1 жніўня, размыў газон вакол помніка Элізе Ажэшцы і пашкодзіў дарожку. У выніку аснову падмыла, цяжкія каменныя пліты ссунуліся, а сам пастамент нахіліўся.
На праблему звярнула ўвагу гродзенская блогерка Таццяна. Яна накіравала заяўку ў службу 115 і расказала ўсім пра стан найстарэйшага гарадскога помніка.



Гарадскі кантроль працуе
12 жніўня — праз 10 дзён пасля моцнага ліўня — майстры ўклалі пліты на месца і ўмацавалі падмурак.
Як адзначае канал Urban Hrodna, гэта гісторыя — добры прыклад таго, што гарадскія службы рэагуюць на звароты гараджан, калі не маўчаць і паслядоўна звяртаць увагу на гарадскія праблемы.
Помнік Элізе Ажэшцы на куце вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай — найстарэйшы ў горадзе. Яго ўсталявалі ў 1929 годзе. Спачатку ён стаяў у іншым месцы — каля гарадскога тэатра (сёння Тэатр лялек). Пасля Другой сусветнай вайны яго пераняслі на новае месца, дзе ён стаіць і цяпер.



