Квіз «VSпомнить VSё» адкладае правядзенне гульняў, пакуль не атрымае дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Аб гэтым арганізатары паведамілі ў сваім Instagram.
З канца кастрычніка да снежня 2025 года квіз «VSпомнить VSё» ужо часова прыпыняў дзейнасць. Меркавана, тады прычынай быў данос.
Іншы папулярны квіз у Гродне — «Мозгобойня» —не паведамляў аб паўзах звязаных з тым, што квізы прыраўнялі да масавых мерапрыемстваў. Актуальны анонс на бліжэйшую гульню апублікаваны ў сацсетках квіза.
Навошта арганізатарам атрымліваць дазвол?
Каб правесці масавае мерапрыемства, арганізатарам трэба атрымаць дазвол у выканкаме.
Падаць заяву трэба за 15 дзён да падзеі, дзе будуць указаны мэты і месца правядзення мерапрыемства, а таксама меркаваная колькасць удзельнікаў і даныя арганізатараў.
Калі мерапрыемства трапляе пад катэгорыю культурна-відовішчнага, то яго арганізатар абавязаны быць у рэестры Мінкульта і мець гастрольнае пасведчанне.
Згодна з правіламі пажарнай бяспекі, масавым лічыцца мерапрыемства, дзе ў памяшканні адначасова знаходзіцца больш за 50 чалавек. У «VSпомнить VSё» удзельнічае звычайна ў некалькі разоў больш гульцоў.
Чытайце таксама: У Гродне арганізуюць сустрэчу для тых, хто шукае сяброў. Ёсць запыт ад розных узростаў


