Гродзенцам у Threads прапанавалі назваць адну рэч, якую яны хацелі б змяніць у горадзе. Гараджане пакінулі свае прапановы — ад будаўніцтва новых аб’ектаў да вяртання гістарычных будынкаў.
Гродна без затораў і з трамваем
Адным з самых папулярных пажаданняў стала змяненне транспартнай інфраструктуры. Гродзенцы прапанавалі зрабіць зручныя веласіпедныя дарожкі па ўсім горадзе, прыбраць аўтамабілі з цэнтра і нават запусціць трамвай.
«Зрабіць цэнтр без аўтамабільнага руху, або замест бізнес-цэнтраў, якія ўпіхваюць на В. Траецкай, лепш бы дарогу пашырылі, — напісаў нехта ў абмеркаванні. — Увогуле, надакучылі заторы».
Але яму адказалі, што дарогі ўжо пашыралі і для старога горада гэта быў не найбольш удалы вопыт.
«Ды толькі Савецкую ды Карла Маркса. На шчасце, не да канца: але званіцу Брыгітак паспяхова “пашырылі”».
Гістарычная званіца Брыгіцкага касцёла стаяла асобна ад храма — праз дарогу ад кляштара і касцёла Вясчовага Навешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Высокая мураваная вежа, пабудаваная ў стылі класіцызму, была знішчана падчас пашырэння дарогі і перапланіроўкі вуліцы Карла Маркса. Пытанне пра яе аднаўленне некалькі разоў узняталася ў Гродне, але мясцовыя ўлады дазволу на яе аднаўленне на ранейшым месцы так і не далі. Тлумачылі гэта тым, што новая пабудова можа перашкаджаць руху грамадскага транспарту.
Бясплатныя паркоўкі і аўтобус да «Турыста»
Нехта прапанаваў зрабіць усе паркоўкі бясплатнымі. «А дзе ў нас платна? Каля Швейцарскай даліны зноў зрабілі бясплатнай жа», — адказалі ў каментарах на такую прапанову.
Іншы карыстальнік прапанаваў запусціць аўтобус ад чыгуначнага вакзала да гасцініцы «Турыст».
Вярнуць выгляд Старому замку і Фару Вітаўта
Былі і тыя, хто хацеў бы крыху змяніць цэнтр горада. Напрыклад, прапаноўвалі прыбраць з яго турму.
Не абыйшлося і без ідэй, звязаных з гістарычнай спадчынай Гродна. Адзін з карыстальнікаў прапанаваў вярнуць Фару Вітаўта, а іншы — аднавіць ранейшы выгляд Старога замка.
«Вярнуць ранейшы строгі і поўны годнасці выгляд Старому замку. Прыбраць “цыбуліну” і “каўпачок”. Ператварылі замак у лялечны хаток», — напісала гродзенка.
Больш забаў і вялікая канцэртная зала
Некаторыя гараджане лічаць, што Гродну не хапае забаў. Напрыклад, прапанавалі пабудаваць нармальны парк атракцыёнаў з вялікай колькасцю каруселяў.
«А не як у парку Жылібера — пару штук», — удакладніў аўтар прапановы.
Яшчэ адзін удзельнік абмеркавання прапанаваў пабудаваць у горадзе прыстойную канцэртную залу.
Былі і іншыя ідэі. Напрыклад, перанесці танк, які знаходзіцца каля крамы «Раніца», на Курган Славы, дзе ўжо сабраны іншыя ваенныя экспанаты.
А хтосьці і зусім прапанаваў перанесці мяжу на 500 кіламетраў на ўсход.


