Разбітыя дзверы і вокны — гістарычная сядзіба Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску паступова прыходзіць у заняпад. Як зараз выглядае маёнтак, які тры гады таму адабралі ў прыватнага інвестара і перадалі на баланс аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама, паказалі на старонцы сядзібы ў Facebook.
Аўтары публікацыі размясцілі два новыя фотаздымкі. На іх відаць, што шкляныя дзверы разбітыя, а аконныя праёмы адкрытыя. У пасце таксама сцвярджаецца, што праз іх унутр будынка пранікаюць мясцовыя жыхары.
«Уся цяпер народнае, а значыць — нічыё… Занядбанне сядзібы ў Падароску працягваецца, хаця ўжо тры гады як выгналі нерадзівага інвестара», — гаворыцца ў публікацыі.
У каментарыях карыстальнікі пацвярджаюць, што стан сядзібы працягвае пагаршацца.
«Быў дзесьці месяц таму ў Падароску і Ізабеліне. Сумна, канешне, за першы аб’ект. Дзверы былі ўжо разбітыя…», — напісаў адзін з каментатараў.

Некаторыя карыстальнікі шкадавалі, што так адбываецца з гістарычным помнікам.
«Былі на экскурсіі, калі яшчэ была хоць і мінімальная, але экспазіцыя. Цікава было паглядзець, у што гэта ператворыцца. Не такога пераўтварэння чакалі, вядома. Але дзякуй за спробу…», — напісаў адзін з карыстальнікаў пад аналагічнай публікацыяй у Instagram.
Праблемы з захаванасцю сядзібы фіксавалі і раней. Яшчэ ў 2024 годзе на старонцы аб’екта ў Facebook паведамлялі, што парк знаходзіцца ў запушчаным стане: тэрыторыю перасталі абслугоўваць, траву не касілі, на сценах з’явілася цвіль, а штукатурка пачала асыпацца.
Як сядзіба апынулася ва ўласнасці дзяржавы
Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у аграгарадку Падароск прадпрымальнік Павел Падкарытаў набыў у 2013 году. Ён планаваў аднавіць гістарычны комплекс, адкрыць музей шляхецкай культуры, а таксама стварыць турыстычную інфраструктуру — кавярню, краму і экспазіцыйныя прасторы. Каманда займалася навуковымі даследаваннямі і падрыхтоўкай праектнай дакументацыі.
Восенню 2022 года на прадпрыемстве «Маёнтак Падароск» затрымалі кіраўнікоў і фінансавых супрацоўнікаў па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Пазней крымінальную справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства. Аднак маёмасць уладальніка была канфіскаваная і перададзеная аддзелу культуры Ваўкавыскага райвыканкама.
У 2023 годзе суд скасаваў дагавор куплі-продажу сядзібы, а ў студзені 2025 года гістарычны комплекс і размешчаныя на яго тэрыторыі аб’екты выставілі на продаж асобнымі лотамі. Сярод іх — былая сядзіба, стайня, кузня, уязная брама, калодзеж і гаспадарчыя пабудовы.
Пазней аб’ект паспрабавалі прадаць адзіным лотам. Пачатковы кошт на аўкцыёне склаў больш за 2,1 млн рублёў. Аднак ні таргі, прызначаныя на 14 лістапада, ні паўторныя аўкцыёны, якія прайшлі ў студзені і сакавіку 2026 года, не адбыліся праз адсутнасць зарэгістраваных удзельнікаў.



