У Навагрудку зарэгістравалі некамерцыйную арганізацыю «Мемарыяльны музей Халакосту і габрэйскага супраціву». Яе мэта — стварыць на базе існуючай установы першы ў Беларусі мемарыяльны музей, прысвечаны Халакосту і гісторыі габрэйскага супраціву, паведамляе «Радыё Свабода».
Арганізацыю зарэгістравалі 22 чэрвеня 2026 года. Яна стане новым этапам развіцця музея і асновай для стварэння міжнароднага мемарыяльнага, адукацыйнага і даследчага цэнтра, прысвечанага захаванню памяці пра Халакост і гісторыю габрэйскага супраціву ў Беларусі, пішуць на сайце.
Музей удалося захаваць
Пытанне пра будучыню музея ўзнікла пасля продажу былога лагера прымусовых прац у Навагрудку, уключаючы барак з экспазіцыяй, прысвечанай уцёкам вязняў праз падземны тунэль і партызанскаму атраду братоў Бельскіх.
Былая супрацоўніца Навагрудскага гістарычнага музея Тамара Вяршыцкая тады заяўляла, што такія планы выклікаюць сур’ёзныя асцярогі за лёс экспазіцыі. Аднак пасля сітуацыю ўдалося вырашыць, а праект атрымаў далейшае развіццё.
У траўні 2026 года ўчастак з часткай тэрыторыі былога гета і гістарычнымі будынкамі на аўкцыёне набыў бізнесмен Андрэй Запольскі — прэзідэнт амерыканскай кампаніі Wurtland Oil Works (WOW) і ўладальнік парка «Вялікае княства Сула». Ён заплаціў за аб’ект больш за 571 тысячу рублёў. Здзелка выклікала занепакоенасць габрэйскіх арганізацый і нашчадкаў вязняў гета, якія ўдзельнічалі ў стварэнні будучага мемарыяльнага комплексу.
Паводле звестак Jewish News, новы ўласнік разглядаў магчымасць стварэння на гэтай тэрыторыі імерсіўнага гісторыка-турыстычнага праекта з рэканструкцыяй атмасферы гета, выкарыстаннем дэкарацый, манекенаў і іншых музейных інсталяцый. Сярод ідэй, якія абмяркоўваліся, таксама называлася прыстасаванне часткі гістарычных будынкаў пад турыстычную інфраструктуру.
Дзяржаўна-прыватнае партнёрства
Як паведамляе БЕЛТА, музей ствараецца ў фармаце дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Праект разлічаны на тры гады і зараз знаходзіцца на стадыі распрацоўкі канцэпцыі з удзелам гісторыкаў з розных краін.
Навуковым кіраўніком праекта стане дэпутат Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.
Паводле яго слоў, будучы музей раскажа не толькі пра трагедыю масавага знішчэння габрэяў, але і пра іх ролю ў гісторыі Беларусі.
«Мы ствараем музей, які раскажа не толькі пра трагедыю масавага знішчэння. Важна паказаць, што габрэйскі народ быў інтэгральнай часткай нашага грамадства. Праз прызму Навагрудка мы раскрыем маштаб падзей 1941–1944 гадоў. Наша мэта — увекавечыць гэты ўклад і перадаць памяць будучым пакаленням без купюр», — заявіў Марзалюк.
Стварылі назіральную раду
Пасля крытыкі праекта рэканструкцыі былога гета ўлады заявілі, што на гэтым месцы створаць музей гісторыі Халакосту. Такі сюжэт раней выйшаў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Улады таксама паведамілі пра стварэнне назіральнай рады, у якую ўвойдуць прадстаўнікі габрэйскай суполкі, равіны, гісторыкі, культуролагі і сваякі вязняў Навагрудскага гета.
Чаму Навагрудак займае асаблівае месца ў гісторыі Халакосту
Менавіта на тэрыторыі Навагрудскага гета адбыўся адзін з самых вядомых актаў габрэйскага супраціву часоў Другой сусветнай вайны.
26 верасня 1943 года вязні гета здзейснілі масавыя ўцёкі праз падземны тунэль, які яны будавалі на працягу чатырох месяцаў. Уцёкі лічацца самымі масавымі і паспяховымі сярод падобных аперацый на тэрыторыі акупаванай Еўропы. Паводле ўспамінаў удзельніка ўцёкаў Джэка (Ідэля) Кагана, такое магло адбыцца толькі ў Беларусі.
Гісторыкі адзначаюць, што поспех аперацыі шмат у чым стаў магчымы дзякуючы існаванню ў наваколлі Навагрудка габрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх, які прымаў уцекачоў.
У адрозненні ад большасці партызанскіх злучэнняў, ён прымаў не толькі байцоў, але і жанчын, дзяцей, пажылых людзей і ўсіх, хто меў патрэбу ў ратаванні. Галоўнай задачай Бельскага было захаваць як мага больш чалавечых жыццяў.
За гады вайны праз атрад прайшлі больш за 1300 чалавек, каля 1200 з іх перажылі вайну.
Сувязь з сям’ёй Джарэда Кушнера
Сварэнне музея многія разглядаюць і як важны міжнародны гуманітарны праект.
Продкі зяця прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэда Кушнера — Рая і Зэйдэль Кушнеры — перажылі Навагрудскае гета, удзельнічалі ва ўцёках і ваявалі ў атрадзе Тувіі Бельскага. Пазней сям’я эмігравала ў ЗША.
Бацька Джарэда Кушнера, Чарльз Кушнер, неаднаразова прыязджаў у Навагрудак разам з сям’ёй, каб наведаць месцы, звязаныя з гісторыяй сваіх бацькоў.


