Драўляная царква, пабудаваная ў XIX стагоддзі, знаходзіцца ў вёсцы Вялікая Мядзвядка Карэліцкага раёна. Яшчэ восенню 2022 года стала вядома, што царкву плануюць абшыць сайдынгам. Тады краязнаўцы паспрабавалі гэта прадухіліць.

У часы Савецкай Беларусі царква была ўнесена ў афіцыйны рэестр помнікаў гісторыі і культуры, але пасля распаду СССР страціла гэты статус.

Тады актывісты падрыхтавалі адпаведную прапанову, каб пабудову зноў уключылі ў спіс. «Нам у гэтым адмовілі», – паведамляе Telegram-канал «Спадчына». 

Да лета 2026 года драўляную царкву поўнасцю пакрылі сайдынгам.

Вядома, што ў гэтай царкве сваё першае прычасце прыняў Ігнат Дамейка — ураджэнец гэтых мясцін і сусветна вядомы геолаг.

Падобная практыка сустракалася ў Гродзенскай вобласці і раней. Так у чэрвені 2025 года ў вёсцы Казловічы металічным сайдынгам абшылі драўляны касцёл XIX стагоддзя. На новым пакрыцці зрабілі імітацыю драўніны.

Чытайце таксама: У Вялікай Бераставіцы знеслі помнік драўлянай архітэктуры другой паловы ХІХ стагоддзя