Дачу ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна прадалі за 3242,40 руб. Пабудову з участкам спрабавалі прадаць і раней – у сакавіку 2026, але на аўкцыён ніхто не зарэгістраваўся.
Прадаць дачу ўдалося з пятай спробы. За гэты час яе кошт знізіўся больш, чым у два разы – з 8400 тыс. да 3240 тыс. У чэрвеньскім аўкцыёне на дачу прэтэндавала два пакупнікі.
Уладзімір Хільмановіч сказаў «Беларускай асацыяцыі журналістаў», што не адчуў асаблівых эмоцый, даведаўшыся аб продажы дачы.
— Я даўно «паставіў крыж» на сваёй маёмасці ў Беларусі. Будынак таго клубу сам па сабе нічога не варты, але ён стаіць у вельмі маляўнічым мясцы, на беразе Нёмана. Хто яго мог набыць, не ведаю — можа, нават нехта з Расіі, бо грамадзяне гэтай краіны часта скупаюць у Беларусі маёмасць у прывабных мясцінах, — разважае ён.
Да вымушанай эміграцыі Хільмановіч марыў ператварыць дачу, якая раней была сельскім клубам, у сучасную пляцоўку для сямейнага адпачынку і сяброўскіх сустрэч. Але першапачаткова не хапала грошай, а пасля ў 2021 годзе журналісту прыйшлося з’ехаць з Беларусі.
Уладзіміра Хільмановіча ў жніўні 2024 года завочна асудзілі у Гродзенскім абласным судзе. Па трох артыкулах яму прызначылі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).
Апроч дачы на аўкцыён таксама выстаўлялі двухпакаёвую кватэру актывіста.
Мяркуецца, што атрыманыя з продажаў грошы пойдуць на спагнанні па справе.
Чытайце таксама: Суд завочна разгледзіць справу гродзенца – той не жыве ў Беларусі больш за 20 гадоў



