Тром юнакам ва ўзросце 18, 17 і 14 гадоў пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі за тое, што яны падвесілі школьніка на кручок у туалеце і знялі гэта на відэа. Аб інцыдэнце стала вядома выпадкова, але пасля справай зацікавілася пракуратура Гродзенскай вобласці.

На падлеткаў пачалі крымінальную справу за хуліганства. Цяпер яго расследуе Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта, паведамляе ТРК «Гродно». 

Інцыдэнт здарыўся у сакавіку 2026. На перапынку ў адной з гродзенскіх школ старшакласнікі схапілі падлетка за рукі і за ногі і зацягнулі ў прыбіральню. Там яны павесілі хлопчыка за крук, замацаваны на сцяне на вышыні каля 170 сантыметраў.

— Я пытаўся, навошта яны гэта робяць, а яны смяяліся і здымалі на тэлефон. Я вісеў прыкладна 20-30 хвілін, – апісваў здарэнне школьнік.

Пра здарэнне стала вядома выпадкова

Інцыдэнт выявіўся не адразу. У той дзень бацьку падлетка выклікалі ў школу па іншым пытанні. Калі бацька ўжо быў у школе, аказалася, што яго сын у гэты момант адсутнічаў на ўроку.

— Мы спачатку падумалі, што ён проста сышоў з урока, бо спалохаўся, што мяне выклікалі ў школу. Калі ён прыйшоў, сказаў, што саромеецца гаварыць. Потым прызнаўся, што яго павесілі за ніжнюю бялізну і ўвесь гэты час ён спрабаваў злезці сам. Ён нікому не паведаміў, бо, як сказаў, «гэта не па-пацанску», — распавёў бацька школьніка.

У выніку справай зацікавілася міліцыя – дзеянні падлеткаў кваліфікавалі як дробнае хуліганства, а ўдзельнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Але пасля праверкі пракуратура вырашыла ўзбудзіць крымінальную справу.

Чытайце таксама: У Гродне падлеткі здзекаваліся з аднакурсніка і трапілі пад крыміналку. Як не прапусціць, што вашае дзіця буляць у школе, і што рабіць?

Денис Мисюля