У Гродне з 1995 года працуе кампанія «Азалія», якая займаецца вытворчасцю парфумерыі. Але многія гродзенцы пра яе існаванне даведаліся толькі цяпер з публікацыі ў Threads і здзівіліся. Раней прадпрыемства спецыялізавалася на аптовых пастаўках, але цяпер адкрыла ўласныя пункты продажаў і выйшла на маркетплэйсы.

Повадам для абмеркавання стала публікацыя кампаніі «Азалія» ў сацсетцы Threads. Вытворцы прызналіся, што выйшлі ў сацсеткі, каб нарэшце пазнаёміць гараджан са сваім прадуктам: «Завялі Тэрнс (так часам у рускамоўным сегменце называюць сацсетку — Hrodna.life), каб як мага больш людзей даведаліся, што ў Гродне вырабляюць парфюм, падтрымайце нас».

Для многіх жыхароў горада наяўнасць уласнага парфумернага брэнда стала адкрыццём. У каментарыях карыстальнікі адзначылі, што пра такую вытворчасць трэба «звоніць на кожным вугле», і здзівіліся, што раней нічога не чулі пра выраб гродзенскіх духаў.

Ад опту да рознічных пунктаў у ГЦ

Прадстаўнікі кампаніі ў каментарыях распавялі, што прадпрыемства працуе ў Гродне з 1995 года. Знаходзіцца яно ў Ласосне. Доўгі час прадукцыя адгружалася пераважна буйным оптам. Зараз брэнд Azalia Parfums развівае рознічную сетку і онлайн-гандаль.

Сёння прадукцыю гродзенскай фабрыкі можна знайсці ў гандлёвых цэнтрах горада:

  • ГЦ OldCity (вул. Дубко, 17)
  • ТРК Triniti (пр-т Я. Купалы, 87)
  • ГЦ «Карона» (пр-т Касманаўтаў, 81)

Таксама брэнд прадстаўлены на маркетплэйсах Wildberries, Ozon, Emall, акрамя таго, духі прадаюць і праз уласны сайт.

Што па цэнах

Цэны на парфумерныя воды ад гродзенскай кампаніі пачынаюцца ад 19 рублёў. Столькі каштуе жаночая парфумерная вада Like You Violet (50 мл). У большасці сваёй флакон аб’ёмам 50 мл каштуе 31–35 рублёў. Ёсць варыянты і трохі даражэйшыя. Напрыклад, жаночая парфумерная вада Baccarat каштуе 49 рублёў.

Мужчынскія водары стартуюць ад 20 рублёў. Ёсць варыянты і за 32, і за 43 рублі. Прадстаўлены і больш дарагія. Напрыклад, The Eagle Wood & Leather каштуе на сайце кампаніі 59 рублёў. На маркетплэйсах кошт гродзенскіх водараў вышэйшы.

Сямейны бізнес

Заснавальнік бізнесу Уладзімір Баум, які ніяк не быў звязаны са сферай прыгажосці, паехаў на прамысловую выставу ў Парыж у пачатку 1990-х гадоў, дзе пазнаёміўся з французскім парфумерам. У ходзе размовы з’явілася спантанная думка — стварыць уласную парфумерную вытворчасць у Беларусі.

Ідэя перарасла ў паўнавартасны кантракт: французы дапамаглі з абсталяваннем, сыравінай і тэхналогіямі, а беларускі бок прадаставіў вытворчую базу.

Першыя партыі духаў вырабілі ў канцы 1995 года. Як адзначаецца на сайце кампаніі, ва ўмовах тагачаснага дэфіцыту беларуская парфумерыя па даступнай цане хутка стала хітом, а попыт доўгі час перавышаў магчымасці вытворчасці.

У Гродне ўжо 30 гадоў працуе парфумерная кампанія, пра якую многія даведаліся толькі цяпер — вось дзе купіць аромат
На вытворчасці. Фота: sb.by

Невялікі асартымент

У каментарыях у Threads гродзенцы пацікавіліся, чаму прадпрыемства мае не вельмі вялікую лінейку прадуктаў, і прапанавалі яе пашырыць. У кампаніі патлумачылі, што прытрымліваюцца тактыкі «кампактнага асартыменту».

«Мы самі вырабляем усю прадукцыю, захоўваючы ўсе нормы і стандарты якасці. Кожны водар праходзіць поўны цыкл распрацоўкі і тэставання, таму пашырэнне патрабуе часу. Але мы ўжо працуем над навінкамі», — адзначылі на прадпрыемстве.

Нехта з каментатараў спытаў: «А бадзяжыць турэцкі канцэнтрат — гэта вытворчасць?» Кампанія адказала, што з турэцкага ў іх толькі джынсы SMM-супрацоўніка.

На дадзены момант прадукцыя гродзенскай фабрыкі пастаўляецца не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт — у Расію, Казахстан, Узбекістан і Малдову.