У афіцыйным акаўнце Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі ў Threads 18 траўня прапанавалі задаваць пытанні пра перасячэнне мяжы. Беларусы пачалі дзяліцца тым, што іх сапраўды хвалюе, ў каментарах — вось як адрэагавалі памежнікі.

Публікацыя за некалькі гадзін сабрала 100 лайкоў і 170 каментароў. Ведамства атрымала дзясяткі пытанняў пра допыты, гутаркі і агляды тэлефонаў. Людзей цікавіла, паводле якіх законаў яны праводзяцца і калі знікнуць. А таксама – ці не з’яўляецца гэта перавышэннем паўнамоцтваў і ці караюць за іх супрацоўнікаў. На большасць вострых пытанняў афіцыйных адказаў пад допісам так і не з’явілася. 

Некаторыя каментатары не саромеліся ў выразах. “С каких шишей я должен давать мой телефон на границе какому-то гэбью и давать читать свои переписки?” – пытае адзін з карыстальнікаў. 

Відаць, некаторыя каменты ведамства выдаляе – яны ўжо недаступныя. Хтосьці спрабаваў пакпіць: маўляў, з крымінальнай справай адразу на мяжы затрымаюць ці пусцяць у краіну, і ці адпісвацца ад Дудзя (старонку расійскага журналіста Юрыя Дудзя ў Беларусі прызналі “экстрэмісцкай” – Hrodna.life).

Што яшчэ хвалюе беларусаў?

Падпісчыкі звярнулі ўвагу і на іншыя праблемы. Сярод іх:

— нелегальная міграцыя ў краіны ЕС праз тэрыторыю Беларусі, 

— прэтэнзіі да працэдуры праверкі дакументаў (гартанне ўсіх старонак пашпарта, недарэчныя пытанні і бюракратычнае самаўпраўства), 

— перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі мытні,

— шматгадзінныя чэргі на прапускных пунктах і інш.

Акрамя гэтага, у каментарах карыстальнікі актыўна дзяліліся ваганнямі, ці варта ўвогуле вяртацца ў краіну.  

Закранулі і моўнае пытанне: адна беларуска запытала, ці могуць памежнікі камунікаваць з грамадзянамі па-беларуску, а іншая пацікавілася, ці валодаюць яны ўвогуле роднай мовай і ці карыстаюцца ёй на службе. Некаторым каментатарам спадабалася дзяўчына на фота – яны рабілі ёй кампліменты, прасілі пакінуць нумарок і вылічвалі яе званне. 

Госпогранкомитет.
Фота з threads.com/@borderguards_b

На якія пытанні адказы карыстальнікі ўсё ж атрымалі 

Адзінымі каментарамі, дзе прадстаўнікі ведамства пайшлі на камунікацыю з аўдыторыяй, былі тэхнічнага і лагістычнага характару. 

На пытанне аб чэргах акаўнт даў кароткую спасылку на актуальную інфаграфіку па пунктах пропуску з каментаром «Вот такая обстановка». Таксама адной з карыстальніц параілі аформіць пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь, каб пазбегнуць штрафу за сапсаваную пячатку ў пашпарце.

Паблік @borderguards_by існуе са студзеня 2026 года і пазіцыянуе сябе як афіцыйная старонка Памежнага камітэта ў Threads. Пераважна там публікуецца гумарыстычны кантэнт па тэматыцы будняў памежнай службы, цікавыя факты, а таксама кароткія навіны ведамства. Дадзеная публікацыя фактычна стала першай спробай стварыць інтэрактыў з аўдыторыяй ў падобным фармаце. 

Чытайце таксама: Як зэканоміць час на мяжы і выспацца – беларуска падзялілася лайфхакам