Ноч музеяў у беларускіх установах пройдзе з 14 да 16 траўня. Hrodna.life расказвае, якую праграму запланавалі ў Гродзенскай вобласці.

Ноч музеяў – акцыя, якая праходзіць у розных краінах свету. Мерапрыемствы, як правіла, праводзяць у другой палове дня або ўвечары – падчас іх наведвальнікі глядзяць на звыклую экспазіцыю пад новым ракурсам. Супрацоўнікі музеяў ладзяць майстар-класы, квэсты, воркшопы, запрашаюць музыкаў, акцёраў і пісьменнікаў.

Гродна 

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей (вул. Замкавая, 20).

У музеі запланавалі праграму “Магія Шэкспіра”. Наведвальнікаў запрашаюць “пагрузіцца ў свет фей і эльфаў”. Таксама прапануюць прыбрацца ў тэматычныя касцюмы.

Праграма пачнецца ў 19:30. Кошт квітка для дарослых – 35 руб., для школьнікаў – 20 руб.

Ліда 

Лідскі гісторыка-мастацкі музей (вул. Перамогі, 37а).

Праграма ў Лідскім музеі называецца “Квасныя гісторыі”. Запланавана дэгустацыя квасу, “настальгіраванне пад газіроўку і знаёмства з біяграфіяй Чабурашкі”, а таксама выстава адной карціны.

Акцыя пройдзе 15 траўня а 18:00. Уваходны білет дарослым абыдзецца ў 7,10 руб., школьнікам – у 2,7 руб.

Лідскі замак (вул. Замкавая, 1).

Мерапрыемствы пройдуць у вежах замка. Наведвальнікам прапануюць разгадаць крыжаванку Гедыміна, прысвяціцца ў каралёў і зрабіць здымкі каля сярэднявечнай фотазоны. Завершыцца акцыя экскурсіяй па вячэрняй Лідзе.

Мерапрыемства правядуць 16 траўня, пачатак а 19:00. Дарослыя аддадуць за білет 15 руб., школьнікі – 8 руб.

Ваўкавыск 

Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей (вул. Баграціёна, 10).

Гараджанам прапануюць паўдзельнічаць у квэст-гульні з дэтэктыўным сюжэтам і разгадаць “загадкавае знікненне экспаната”.

Квэст запланаваны на 16 траўня ў 18:00. Уваход – 5 руб., аплата толькі наяўнымі.

Мір 

Замкавы комплекс «Мір» (вул. Чырвонаармейская, 2).

Да Ночы музеяў у Міры арганізуюць мерапрыемствы, якія перанясуць гасцей у эпоху Сярэднявечча і Рэнесансу. Будзе дэфіле гістарычных касцюмаў, майстар-класы, батлеечны спектакль і фотавыстава.

Падзея пройдзе 16 траўня, пачатак у 11.30. Уваход – па квітках у музей.

Астравец 

Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей (пр-т Энергетыкаў, 2).

У музеі даследуюць “Жаночы код”. Будзе “подыум жаночых гісторый”, музейныя сустрэчы, інтэрактыўныя зоны і майстар-класы.

Акцыю правядуць 15 траўня, уваход – вольны (акрамя майстар-класа па маляванні акварэллю).

Навагрудак 

Дом-музей Адама Міцкевіча (вул. Леніна, 1).

Гасцей акунуць у атмасферу літаратурнага кафэ. Абяцаюць эстэтыку XIX стагоддзя, шпацыр па залах музея з тэатралізаванымі элементамі, а таксама навучанне мастацтву «таемнай перапіскі» з дапамогай веера.

Літаратурнае кафэ будзе працаваць 16 траўня з 18:00. Уваход вольны.

Дзятлава 

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей (вул. Першамайская, 12).

У праграме Ночы музеяў – спаборніцтвы па стральбе з лука, майстар-клас па працы з палімернай глінай, прагляд фільма і сустрэча з Радзівілам.

Акцыя пройдзе 16 траўня, пачатак а 11:00.

Карэлічы 

Карэліцкі краязнаўчы музей (вул. Савецкая, 19).

Да Ночы музеяў у Карэлічах адкрыюць персанальную выставу мастака Паўла Абадзінскага, правядуць майстар-класы па маляванні, выцінанцы і танцах. Для дзяцей – гульнявая пляцоўка і тэатр ценяў.

Мерапрыемства пройдзе 14 траўня, пачатак а 15:00. Уваход вольны.

Вялікая Бераставіца

Музей вавёркі ў Вялікай Бераставіцы (вул. Савецкая, 17).

Музей вавёркі ў Вялікай Бераставіцы (вул. Савецкая, 17).

У музеі зладзяць квэст – прапануюць разгадаць таямніцы музейнага дворыка, а таксама правядуць краязнаўчае падарожжа ў мінулае.

Мерапрыемства пройдзе 15 траўня, пачатак а 17:00. Уваход вольны.

Ашмяны 

Ашмянскі краязнаўчы музей (вул. Савецкая, 128).

Мерапрыемствы ў музеі прысвяцяць 685-годдзю Ашмянаў – пагрузяць у гісторыю горада. Запланаваны пленэр, тэатр ценяў і інтэрактыўная экскурсія. Завершаць Ноч музеяў рэтра-вечарынкай.

Мерапрыемствы пройдуць 15 траўня, пачатак а 11.00. Уваход вольны.