Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык патлумачыў, чаму ў дзіцячых лагерах у дзяцей абмяжоўваюць выкарыстанне мабільных тэлефонаў. Пра гэта ён расказаў падчас прамога эфіру, паведамляе Тэлерадыёкампанія «Гродна».

Паводле слоў Абрамчыка, практыка абмежавання гаджэтаў з’явілася як педагагічная традыцыя і з часам «паказала сваю эфектыўнасць». Зараз такія правілы ўжо прапісваюць у дагаворах паміж лагерам і бацькамі.

Як патлумачыў чыноўнік, абмежаванні ўводзяць для таго, каб дзеці былі больш уцягнутыя ў мерапрыемствы лагера, камунікавалі адзін з адным і менш залежылі ад сацсетак.

— Гэта норма ўводзілася для таго, каб разнастаіць адпачынак дзяцей і павысіць іх уцягнутасць у арганізаваныя мерапрыемствы, а таксама выключыць уплыў негатыўных інфармацыйных фактараў. Сацыяльныя сеткі сёння ўтрымліваюць далёка не толькі пазітыўны кантэнт. Наша задача — захапіць хлопцаў і дзяўчат падрыхтаванай праграмай, наладзіць міжасобаснае і каманднае ўзаемадзеянне. Як вядома, азы педагогікі абвяшчаюць: выхоўвае калектыў, у той час як гаджэты і сацсеткі, наадварот, спрыяюць раз’яднанню такога калектыву, — адзначыў Руслан Абрамчык.

Як дзецям звязацца з бацькамі

У лагерах прадугледжаны розныя варыянты доступу да тэлефонаў: недзе бацькі забіраюць гаджэты дадому, у іншых установах тэлефоны захоўваюцца ў выхавальнікаў і выдаюцца ў пэўны час для званкоў.

Акрамя таго, бацькі могуць звязацца з выхавальнікамі напрамую або праз бацькоўскія чаты ў месенджарах.