Клешчавы энцэфаліт – самае небяспечнае захворванне, якое можна атрымаць з укусам. Але ад яго можна прышчапіцца. Гэта вясной 2026 года і паспрабавалі зрабіць гродзенцы – правакцынаваць сябе і дзяцей. Аказалася, трэба чакаць чаргі.
“Гродна! Падкажыце, можа хтосьці ведае, дзе ў нас можна зрабіць вакцыну ад энцэфаліту дзецям і дарослым? Абтэлефанавалі кучу паліклінік і прыватных медцэнтраў – нідзе вакцыны няма”, – напісала гродзенка ў Threads.
Гродзенцы адгукнуліся – хтосьці чакаў “доўга”, хтосьці – некалькі месяцаў. Дзецям запісацца можна ў педыятра або імунолага.
“Два тыдні таму тэлефанавала ў інфекцыйную бальніцу – быў у наяўнасці клешчавак для дзяцей і энцэвір для дарослых. У паліклініках – па запісе праз ліст чакання”, – напісала каментатарка. Праўда, гродзенцы ўдакладняюць, што ў інфекцыёнцы дзіцячай вакцыны ўжо няма.
“Цяпер вакцыны няма, дакладней, яна ёсць, але ў малой колькасці, і яе ставяць тым, у каго пастаўлена першая доза вакцыны. Становіцеся на чаргу ў педыятра, яшчэ можаце патэлефанаваць у інф бальніцу, там таксама можна стаць на чаргу”, – падказваюць беларусы.
“…мне здаецца, што ў цяперашніх умовах, з такой колькасцю кляшчоў, гэтая вакцына павінна быць у доступе без якіх-небудзь праблем”, – выказала здагадку гродзенка.
Вакцын няма ў наяўнасці
На сайце Дзіцячай цэнтральнай гарадской паліклінікі Гродна пазначана, што ніводнай з сямі вакцын няма ў наяўнасці. Пра вакцыны пытаюцца і ў Instagram бальніцы – адказваюць, што чакаюць паступлення.
На сайце Гродзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы ёсць толькі кошт дзвюх вакцын – наяўнасць не пазначаная. На сайце, напрыклад, гарадской паліклінікі Гродна №3, пазначана, што вакцыны – “пад заказ”.
Дарослыя могуць прышчапіцца вакцынамі “ЭнцэВір” і “Клешч-Э-Вак”. Дзецям таксама прапануюць “ЦікаВак” і “FSME-IMMUN JUNIOR”. Трэба атрымаць дзве-тры дозы. Прышчэпка платная.
У Польшчы вакцына даступная ў аптэках
Пры гэтым у Польшчы вакцына даступная прама ў аптэках, таму больш не трэба чакаць у доўгіх чэргах у лекара, распавядала Hrodna.life прафесарка Ганна Манюшка-Маліноўска, кіраўнік клінікі інфекцыйных захворванняў і нейраінфекцыі ўніверсітэцкай клінічнай бальніцы ў Беластоку. Гэта нядаўняе новаўвядзенне. Наяўнасць можна праверыць на мясцовых сайтах.
Падыходы ў Беларусі і Польшчы адрозніваюцца і ў іншых рэчах: у Беларусі даследуюць кляшчы на хваробе, калі як у суседзяў – сочаць за праявамі сімптомаў у пацыента, якога ўкусілі.




