У Threads карыстальніца, якая называе сябе «карэннай мінчанкай», распавяла аб рашэнні пераехаць са сталіцы ў Гродна. Беларуска дадае, што пераезд стаў найлепшым рашэннем — горад ёй вельмі падабаецца. У каментарах сабраліся карыстальнікі, якія не здзівіліся эмоцыям беларускі.

«Гродна больш спакойны, ціхі і атмасферны горад. Ніхто нікуды не спяшаецца, людзі больш ветлівыя і кошты значна ніжэйшыя, чым у Мінску. Паціху абжываемся з мужам і даследуем горад, але ўжо праз месяц жыцця ў гэтым горадзе мы ўпэўненыя, што гэта было лепшае спантаннае рашэнне», — піша яна. 

Пераязджаць сям’і прыйшлося таму, што трэба было з’ехаць з кватэры. Беларусы паразважалі, чаго яны хочуць і прыйшлі да высновы, што “Мінск — не той горад, у якім хацелі б застацца”. Цяпер здымаюць жыллё з выдатным рамонтам у два разы танней за Мінск. Плацяць менш за таксі і паслугі.

Мінчанка піша, што стамілася ад тэмпу, шуму і коштаў. “Нам хацелася знайсці месца, дзе нам будзе камфортна, спакойна і ўтульна. Гродна аказаўся лепшым варыянтам ва ўсім, і мы ўжо пераканаліся ў гэтым», — дадае яна.

У Гродна пераязджаюць з Егіпта і Канады

Пост беларускі сабраў амаль 160 каментароў. Удзельнікі абмеркавання пішуць, што Гродна – аб’ектыўна адзін з лепшых гарадоў Беларусі па многіх паказчыках. Сустракаюцца і тыя, хто расказвае, што таксама пераехалі ў абласны цэнтр з іншых краін і гарадоў.

«Карэнны мінчанін. Люблю Гродна. Усё нармальна, як па мне», — расказвае адзін з карыстальнікаў.

«Мы з’ехалі са сталіцы і купілі дом у раённым цэнтры недалёка ад Гродна. І гэта топ у параўнанні з Мінскам», — адзначае іншы беларус.

«Мы з мужам з Віцебскай вобласці, 2 гады жылі ў Егіпце, год таму вярнуліся ў Беларусь і пераехалі ў Гродна, горад прыгожы, але вельмі ўсё дорага, асабліва арэнда жылля. Вельмі шмат свят праходзіць і чыста ўсюды», — расказвае ўдзельніца абмеркавання. 

«Пражыла ў Мінску 8 гадоў, потым у Гродне 17, цяпер вярнулася зноў у Мінск. Ніяк не магу вызначыцца. Маршрут Мінск-Гродна-Мінск мой самы любімы», — піша яшчэ адна беларуска. 

«Мы з Канады ў Гродна прыехалі. Сапраўды шыкоўны горад», — адзначае карыстальніца. 

«Калі б вы пераехалі ў які-небудзь Фаніпаль/Жлобін ці нават Ліду. Былі б пытанні, а так што тут такога. Гродна топ горад па многіх паказчыках з прыростам жыхароў», — піша гараджанін. 

Чытайце таксама: Улады выбралі самыя добраўпарадкаваныя гарады Беларусі — Гродна стаў найлепшым. Вось які прыз мы атрымаем

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы