У адной з школ Гродна група школьнікаў здзекавалася з вучня — яго падвесілі за трусы на крук у туалеце. Справа дайшла да камісіі па справах непаўналетніх і суда.
Паводле слоў падлетка, ён зайшоў у туалет, дзе знаходзіліся трое хлопцаў. Спачатку яны пачалі цягнуць яго за гумку ніжняй бялізны, але хлопец вырваўся і ўцёк. Яго дагналі, сілай занеслі назад і падвесілі. Гісторыю распавядае тэлеканал «Гродна Плюс».
— Я пытаўся, навошта яны гэта робяць, а яны смяяліся і здымалі на тэлефон. Я вісеў прыкладна 20–30 хвілін, — распавёў школьнік.
Пра здарэнне стала вядома выпадкова
Інцыдэнт выкрыўся не адразу. У той дзень бацьку падлетка выклікалі ў школу па іншым пытанні. Калі бацька ўжо быў у школе, аказалася, што яго сын у гэты момант адсутнічаў на ўроку. — Мы спачатку падумалі, што ён проста сышоў з урока, бо спалохаўся, што мяне выклікалі ў школу. Калі ён прыйшоў, сказаў, што саромеецца казаць. Потым прызнаўся, што яго павесілі за ніжнюю бялізну і ўвесь гэты час ён спрабаваў злезці сам. Ён нікому не паведаміў, бо, як сказаў, «гэта не па-пацанску», — распавёў бацька школьніка.
Справай заняліся міліцыя і камісія
У міліцыі дзеянні падлеткаў кваліфікавалі як дробнае хуліганства. — Матэрыялы ў дачыненні да непаўналетніх накіраваны на разгляд у камісію па справах непаўналетніх. У дачыненні да 18-гадовага юнака — у суд. З удзельнікамі канфлікту і іх бацькамі праведзена прафілактычная гутарка, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Павел Калмагораў.
Пазіцыя школы і псіхолагаў
Выпадак знаходзіцца на кантролі ў педагогаў і органаў адукацыі. — Бацькам і педагогам важна звяртаць увагу на стан дзіцяці: ізаляцыя, пропускі заняткаў, зніжэнне апетыту і сону. У такіх сітуацыях неабходна звяртацца ў школу. У прыярытэце — бяспека пацярпелага і праца з агрэсарам, — адзначыла педагог-псіхолаг Ларыса Капцеўская.
Пры гэтым не любы канфлікт паміж вучнямі лічыцца булінгам. Але калі гаворка сапраўды пра цкаванне, такія выпадкі патрабуюць асобнага падыходу: іх разглядаюць па спецыяльнай працэдуры і працуюць з удзельнікамі індывідуальна. У аддзеле адукацыі падкрэсліваюць, што падобныя выпадкі патрабуюць сістэмнай працы.
Як змагацца з булінгам? Рэкамендацыі ад школ і паліклінік
На сайтах дзяржаўных школ і паліклінік ёсць парады, што рабіць у выпадку булінгу. Усюды яны прыкладна аднолькавыя. Першае, што павінны зрабіць бацькі, — спакойна выслухаць дзіця і паказаць, што яно не адно. Важна даць зразумець: віна не на ім, а на тых, хто прыніжае. Далей варта неадкладна звярнуцца да класнага кіраўніка, школьнага псіхолага і адміністрацыі. Важна дзейнічаць разам, разглядаючы ганенні як праблему ўсяго калектыву, а не прыватны канфлікт.
Калі булінг працягнуўся пасля звароту да псіхолага і адміністрацыі, варта размаўляць асабіста з бацькамі агрэсара. Бацькам рэкамендуюць вучыць дзіця спраўляцца са стрэсам і разумець прыроду агрэсіі — важна не паддавацца на правакацыі і не адказваць гвалтам на гвалт. Даваць фізічны адпор небяспечна — гэта можа пагоршыць сітуацыю.
А што, калі дзіця — агрэсар?
Калі высветлілася, што ваша дзіця — удзельнік цкавання ці падтрымлівае агрэсара, важна называць рэчы сваімі імёнамі. «Гвалт — гэта гвалт». Варта разам з псіхолагам прапрацаваць шляхі выхаду з сітуацыі і падтрымаць дзіця ў спробах змяніцца. Калі яно апынулася сведкам цкавання, таксама не варта пакідаць гэта без увагі. Выясніце пазіцыю дзіцяці, патлумачце, што маўчанне або нейтралітэт робяць яго часткай праблемы.




