Telegram-блогер Міхаіл Юспа “схадзіў на сустрэчу з афіцэрамі” ГУБАЗіК пасля таго, як на яго напісалі данос. Аўтар даносу намякаў, што Юспа “працуе на раскол у Саюзнай дзяржаве”. Пра гэта праўладны блогер паведаміў у сваім Telegram. 

Па словах Юспы, даносчык перадаў ГУБАЗіК некалькі пастоў з яго Telegram-канала, дадаўшы да іх «аўтарскія каментары». Верагодна, Юспа азнаёміўся са зместам даносу, таму што зрабіў выснову — «як мінімум адна здагадка падазрона падобная да тэзы вельмі гучнага супрацоўніка БелСМІ».

Юспа дадае, што каментар у ведамстве “атрымаўся канструктыўным”. Сілавікі не знайшлі ў яго пастах «прыкмет распальвання варожасці, але і адзначылі вострыя, на іх погляд, моманты ў паведамленнях, над якімі варта падумаць».

Напрыканцы сустрэчы Юспа «пацвердзіў прыхільнасць да беларуска-расійскага саюза».

Хто такі Міхаіл Юспа?

У сваім блогу Юспа прасоўвае антыбеларускія наратывы. Таксама выступаў за навучанне беларускіх студэнтаў у Расіі і расказваў пра «маладых хлопцаў», якія «шкадуюць аб тым, што не жывуць у Расіі». У Telegram-канале Юспы менш за 800 падпісчыкаў.

Праўладныя блогеры ўжо траплялі пад увагу сілавікоў

Вясной мінулага года сілавікі зацікавіліся паплечніцай Юспы Вольгай Бондаравай. Праўладная блогерка з Гродна атрымала 13 сутак адміністратыўнага арышту. Пасля Бондараву выключылі з універсітэта.

Чытайце таксама: Гродзенскія блогеры зноў рэкламуюць краму з таварамі зняволеных

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы