Нерухомасць Станіслава Буйніцкага ў Гродне арыштавалі, таму што бізнесмэна абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры – такія артыкулы выкарыстоўваюцца і для палітычнага пераследу. Цяпер кватэру выставілі на аўкцыён – аб’ява з’явілася на сайце «БелЮрОбеспечение». На гэта звярнула ўвагу «Зеркало».
Арыштаваная кватэра чатырохпакаёвая, знаходзіцца на вуліцы 1 Мая. Яе плошча складае 246, 3 кв. м.
Таргі запланаваны на 23 красавіка 2026 года, стартавая сума лота – 429 тыс. руб. Задатак ацанілі ў 42,9 тыс. руб.
Станіслаў Буйніцкі быў адным з саўладальнікаў будынка на Будзёнага, 48а, дзе таксама знаходзіцца Генеральнае консульства Польшчы.
Па тэме: Польскае консульства ў Гродне шукае супрацоўнікаў
У студзені 2025 Следчы камітэт завёў супраць бізнэсмэна крымінальную справу па арт. 243 ч. 2 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў, якое прывяло да прычынення ўрону ў буйным памеры).
У чэрвені таго ж года Буйніцкага завочна асудзілі. Суд Ленінскага раёна Гродна прыгаварыў бізнесмена да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – адзін год знялі па амністыі. Таксама яму прызначылі 84 тыс. руб. штрафу.
Чым вядомы дом на Будзённага, 48А?
У 1990-я Станіслаў Буйніцкі быў намеснікам старшыні Саюза палякаў у Беларусі. Эміграваў у Польшчу па палітычных прычынах, атрымаў польскае грамадзянства. Пры гэтым праз фірму “Форт” працягваў валодаць офісным будынкам на Будзённага, 48а. Дзякуючы гэтаму будынак быў ці не адзіным месцам у Гродне, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычынаў адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.




