Новы ўладальнік рыхтуе перабудову дома на Замкавай, 5 пад гасцініцу. Гэты будынак у Гродне часта называюць палацам, але гэта на самой справе не так. Апошняе, што было ў ім да адсялення – інтэрнат медуніверсітэта. Больш за пяць гадоў ён пустуе.

Што хочуць зрабіць на Замкавай, 5?

Гродзенская фірма “Інвест СПА” плануе абсталяваць на першым паверсе выставачныя памяшканні, а на другім і трэцім адкрыць гасцініцу. Аўтары праекта кансультаваліся з гісторыкамі, таму плануюць аднавіць гістарычнае аблічча будынка, выкарыстоўваючы ў дэкоры паяскі і карнізы, а на даху – чарапіцу.

Будынак у форме літары “П” мае вялікі ўнутраны двор. Яго хочуць забрукаваць.

Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні

Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) пройдуць у красавіку-траўні 2026. Зараз Гродзенскі гарвыканкам пачаў папярэдняе інфармаванне. У траўні АУНА і перадпраектную дакументацыю павінны будуць прадставіць на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Рашэнне ў дачыненні да будынка прымуць у чэрвені.

Як звычайна, гродзенцы могуць патрабаваць правесці сход па абмеркаванні справаздачы аб АУНА.

Будучая гасцініца – адзін з самых старых жылых дамоў Гродна

Дом на Замкавай, 5 — адзін з самых старых жылых дамоў у Гродне. Яго пабудаваў прыкладна ў 1782—1795 гадах бургамістр Гродна Якуб Рафановіч. Будынак часам памылкова называюць камяніцай ці нават палацам Масальскіх, але ім ён ніколі не належаў.

Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў на тэрыторыі гродзенскага гета. Вядома, што падчас ліквідацыі гета на гарышчы хаваліся ад нацыстаў яўрэі.

Трыкутны франтон і балконы з’явіліся толькі падчас пасляваеннай савецкай рэканструкцыі будынка.

З 1970-х і да 2020 года ў будынку размяшчаўся інтэрнат медыцынскага ўніверсітэта.

З 2021 года гарадскія ўлады спрабавалі прадаць будынак. У выніку ў жніўні 2023 яго купілі за 1,5 млн рублёў (на той момант $484 тыс.).

З асобнага артыкула вы можаце даведацца падрабязней пра гісторыю дома на Замкавай, 5.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы