У Гродне 23 красавіка адкрыюць веласезон-2026 — у цэнтры горада пройдзе масавы заезд веласіпедыстаў. Мерапрыемства было запланавана на 9 красавіка, але праз надвор’е старт перанеслі. А ў Лідзе 1 траўня адбудзецца велапарад «Лідскі РОВАРух».

Мерапрыемства ў Гродне пачнецца а 19:00. Старт і фініш — на Савецкай плошчы. Плануецца, што калона ўдзельнікаў праедзе па наступным маршруце: Савецкая плошча — вуліца Карла Маркса — праспект Касманаўтаў — Румлёўскі праспект — праспект Янкі Купалы — Стары мост — Савецкая плошча. Маршрут складзе каля 8 кіламетраў. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя. Арганізатары — Гродзенскі гарадскі фізкультурна-спартыўны клуб.

Велапарад у Лідзе — запрашаюць прадпрыемствы

У Лідзе 1 траўня пройдзе велапарад «Лідскі РОВАРух». Ён стане часткай раённага свята «Першатравеньскі PRO-рух». Мясцовыя ўлады запрашаюць паўдзельнічаць працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада і раёна.

Усе зарэгістраваныя ўдзельнікі аўтаматычна стануць удзельнікамі латарэі «Шчаслівыя квіткі». Галоўны прыз — веласіпед. Таксама ў прызавым фондзе — велааксэсуары (шлемы, ліхтары, замкі), абанементы ў фітнес-цэнтры і басейны, падарункавыя наборы ад вытворцаў Лідскага раёна. Розыгрыш адбудзецца на галоўнай сцэне гарадскога парку культуры і адпачынку. Важная ўмова — пераможца павінен асабіста прысутнічаць пры аб’яўленні нумара.

Умовы ўдзелу і як запісацца ў Лідзе

  • каманда ад 10 да 15 чалавек;
  • узрост удзельнікаў — ад 18 гадоў;
  • вітаецца выкарыстанне карпаратыўнай сімволікі (форма, сцягі, лагатыпы) і святочнае афармленне веласіпедаў у тэматыцы 1 Траўня;
  • веласіпеды павінны быць у спраўным стане.

Праграма велапараду

  • 11:30 — збор і рэгістрацыя ўдзельнікаў каля Лядовага палаца;
  • 12:00 — старт руху па маршруце: вуліца Качана — вуліца Міцкевіча;
  • 12:30 — фініш у парку культуры і адпачынку, дзе ўдзельнікі сфарміруюць фотазону з веласіпедаў уздоўж вуліцы Перамогі.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 25 красавіка 2026 года ў Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Неабходна пазначыць назву арганізацыі і кантактныя даныя адказнай асобы. Заяўкі можна накіраваць на электронную пошту: kultcentr@oklida.by.


У 2019 годзе даследавалі развіццё веласіпеднага руху ў гарадах Беларусі. Паводле гэтых даных, Гродна аказалася адзіным з абследаваных гарадоў, дзе колькасць веласіпедаў перавышае колькасць аўтамабіляў (каля 144 тысяч). У горадзе налічваецца прыкладна ад 100 да 160 тысяч дарослых веласіпедаў і каля 38 тысяч дзіцячых і падлеткавых. Асабісты веласіпед ёсць прыкладна ў 33% жыхароў.

Згодна з апытаннем, 41% гродзенцаў карыстаюцца веласіпедам не радзей за адзін раз на месяц, а зімой прыкладна 3% жыхароў працягваюць ездзіць раз на тыдзень і часцей. Сярэдняя дыстанцыя паездкі ад дома да працы і назад складае каля 15 км. Пры гэтым тыповы веласіпедыст у Гродне ў сярэднім праязджае прыкладна 13,5 км.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы