У цэнтры Гродна археолагі выявілі сумеснае пахаванне маці і дзіцяці. Знаходку зрабілі падчас даследаванняў старажытных могілак канца XVI — пачатку XVII стагоддзя ў цэнтры горада.
Нядаўна, падчас будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на вуліцы Малой Траецкай, рабочыя знайшлі астанкі больш як 20 чалавек. Верагодна, будаўнікі натрапілі на невядомыя раней могілкі XVI–XVII стагоддзяў. На месца прыехалі археолагі, будаўніцтва прыпынілі.
Зараз спецыялісты раскрылі і вызвалілі ўжо 22 пахаванні. Сярод пахаваных ёсць жанчыны, мужчыны і дзеці розных узростаў. Гэта паказвае на тое, што на гэтым месцы былі менавіта могілкі.
Сумеснае пахаванне прыцягнула ўвагу археолагаў
З астанкамі маці і дзіцяці пакуль працуюць, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».
Навуковая супрацоўніца аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марыя Ткачова ўдакладніла: для хрысціянскіх пахаванняў сітуацыя, калі маці і дзіця ляжаць у адной магіле, не самая папулярная. Таму дадзеная знаходка прыцягнула ўвагу спецыялістаў.

Што яшчэ знайшлі спецыялісты
Археолагі таксама выявілі некалькі артэфактаў. У трох пахаваннях знайшлі прадметы, сярод якіх гандлёвы жэтон 1585–1636 гадоў, два шкляныя медальёны і пярсцёнак.
Сярод знаходак ёсць і прадмет асабістай гігіены — інструмент для чысткі вушэй — капавушка. Часцей такія рэчы выраблялі з бронзы ці іншых каляровых металаў, аднак знойдзены экзэмпляр зроблены з косці і аздоблены дэкаратыўнай разьбой.
Падчас раскопак знайшлі і прадметы пазнейшага часу. Напрыклад, фрагменты фарфору канца XIX — пачатку XX стагоддзя з кляймом вядомай фабрыкі Кузняцова, а таксама фарфор, які пастаўляўся ў рэгіён з краін Заходняй Еўропы. Акрамя таго, археолагі знайшлі кафлю — дэкаратыўны элемент печаў ці камінаў, які, па іх меркаваннях, адносіцца да XVII стагоддзя.

Як праходзяць раскопкі
Зараз раскопкі працягваюцца. Яны праходзяць па стандартнай методыцы. Так, спачатку спецыялісты вызначаюць межы магільнай ямы — звычайна яна выглядае як больш цёмная пляма на фоне пясчанага пласта глебы. Затым пласт за пластам акуратна здымаюць грунт, ачышчаючы косці шчоткамі і невялікімі інструментамі.
Пасля поўнай расчысткі пахаванне фатаграфуюць, замалёўваюць і фіксуюць яго становішча. Толькі пасля гэтага астанкі дастаюць і адпраўляюць на сушку і далейшую ачыстку для наступнага вывучэння.
Што за будоўля ідзе на Малой Траецкай
Новы офісны цэнтр будуе фірма «РыэлтБудІнвест». Работы пачаліся мінулай восенню і па плане павінны былі скончыцца ў лістападзе 2026 года. Але, магчыма, тэрмін прыйдзецца зрушыць, бо цяпер археолагам трэба даследаваць могілкі.
Адкуль у гэтым месцы маглі ўзяцца могілкі
Назвы вуліц Вялікая Траецкая і Малая Траецкая паходзяць ад назвы храма, які раней тут існаваў. Гісторыкі лічаць, што гэта быў касцёл Святой Тройцы з кляштарам аўгусцінцаў, які знаходзіўся паміж вуліцамі Вялікай Траецкай, Дамініканскай і Малой Траецкай — прыкладна ў 100–150 метрах ад знойдзеных могілак.
Кляштар аўгусцінцаў — найстарэйшы каталіцкі кляштар Гродна. Пра яго захавалася вельмі мала звестак. Упершыню ён згадваецца ў 1494 годзе. Вядома, што кляштар разам з драўляным касцёлам Святой Тройцы згарэў падчас вайны сярэдзіны XVII ст. Быў закрыты ў 1673 годзе, а ў 1688 годзе яго беспаспяхова спрабавалі аднавіць.
Паводле некаторых крыніц, у гэтым раёне магла знаходзіцца таксама так званая «папоўская юрыдыка» з плябаніяй святара Траецкай царквы. Адсюль некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што там магла існаваць і праваслаўная царква Святой Тройцы, але гэтая версія сучаснымі даследчыкамі Гродна абвяргаецца.
Больш пра аўгусцінцаў чытайце ў вялікім гайдзе па каталіцкіх манаскіх ордэнах, якія мелі рэзідэнцыі ў Гродне.




