У Гродзенскім гарвыканкаме заявілі, што ўвесь сезон 2025 года “аркі радавалі гараджан і гасцей” горада. Але цяпер улады звярнулі ўвагу, што ў сацсетках “усё часцей гучаць розныя меркаванні”. Зараз гродзенцам прапануюць вырашыць, ці пакідаць аркі ў наступным сезоне.
У гарвыканкаме спадзяюцца, што апытанне дапаможа высветліць – ці сапраўды гараджанам падабаюцца аркі. Выказвацца прапаноўваюць у Instagram-акаўнце гарвыканкама. Менш як за суткі публікацыя набрала амаль 300 каментароў.
Меркаванні розныя. Адны пішуць, што трэба прыбіраць, бо аркі псуюць выгляд пешаходнай вуліцы. Другія просяць пакінуць – лічаць, што без арак Савецкая выглядае пустой. Трэція ўвогуле раяць дэкаратарам набірацца вопыту за мяжой і прымяняць веды на практыцы ў родным горадзе.
«Прыбіраем, пераносім у іншае месца. У нас цудоўны прыгожы гістарычны цэнтр сам па сабе. Не патрэбны там гэтыя аркі», — піша mironova.work.
«Пакідаем вядома! Нашыя сваякі з Казахстана і сябры з Мінска вельмі іх ацанілі», — выказваецца liza_burlaka.
«Пакідаем (але можна разгледзець і іншыя варыянты, як можна палепшыць вуліцу), хоць хаваюць шыльды розных крам і кафэшак», — дапаўняе shershen.olga.
Кветкавыя аркі на Савецкай устанавілі у красавіку 2025. Першапачаткова гараджане перажывалі, што ім на галаву будзе ліцца вада з кропельнага паліву, а самі аркі засланяць від на гістарычную вуліцу. Пасля аказалася, што большасць кветак на арках – штучныя.
Чытайце таксама: У гродзенскім парку высадзяць зялёны лабірынт з 700 туй. Што думаюць гараджане?




